Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні заклікае беларусаў далучыцца да стварэння новай традыцыі ў дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага — 2 лютага.
Пра сутнасць ініцыятывы Аліна Коўшык распавяла ў эфіры «Еўрарадыё».
Аліна Коўшык. Фота Юліі Шаблоўскай
«Сапраўды прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні выступае з ініцыятывай новага памятнага дня. Думаю, цяжка на дадзены момант назваць гэта святам, думаю, у будучыні ў вольнай Беларусі гэты дзень сапраўды можа быць святам. На дадзены момант, хутчэй, мы гэта акрэсліваем як такі памятны дзень. Дзень, калі мы з вамі можам задумацца, хто гэтыя людзі, дзякуючы якім мы захавалі Беларусь і маем Беларусь сёння. Хто гэтыя людзі, якія былі нашымі героямі ў гісторыі, хто тыя беларусы, дзякуючы неверагоднай нязломнасці якіх, адвазе і асабістым якасцям, мы дагэтуль маем Беларусь, беларускую мову і ганарымся, — сказала Аліна Коўшык. — Мне падаецца, асабліва ў такія складаныя часы, калі мы з вамі, можна сказаць, некаторыя стомленыя, некаторыя ў дэпрэсіі, здаецца, што змагацца супраць дыктатуры цяжка, мне падаецца, вельмі важна падкрэсліваць, наколькі моцныя беларусы. І падкрэсліваць ролю асобы ў гісторыі. Наколькі важна мець вось такі пазітыўны прыклад тых людзей, якія зрабілі неверагодныя справы, якія падаваліся ніколі немагчымымі. Але яны іх зрабілі. Думаю, гэта акурат тыя прыклады для натхнення, якія зараз нам так патрэбныя».
Паводле Аліны Коўшык, прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні «для зручнасці сабрала ўсе беларускія святы, якія варта адзначаць», каляндар можна спампаваць тут.
Аліна Коўшык лічыць, што папулярнасць Кастуся Каліноўскага вартая большага пашырэння:
«Гэта той чалавек, які натхняў, натхняе і будзе натхняць новыя пакаленні беларусаў. Гэта чалавек, які ўсім сваім жыццём паказаў, як варта змагацца за Беларусь і што варта паміраць за Беларусь у тым ліку. Ягоная творчасць, ягоныя лісты, ягоны верш — гэта ўсё, што нам дагэтуль дазваляе трымаць узровень барацьбы, на якім мы знаходзімся зараз. Думаю, што Кастусь Каліноўскі па ўзроўні сімвалізму, гераізму, такога поп-сімвала, гэта наш такі беларускі Чэ Гевара. У тым сэнсе, што ўсе ведаюць, хто такі Чэ Гевара, я б хацела, каб увесь свет ведаў, хто такі Кастусь Каліноўскі, за што ён змагаўся, чаму беларусы мусяць быць яму ўдзячныя. Таму падумалі, што менавіта дзень нараджэння, а не дзень смерці, будзе сімвалічнай датай для таго, каб сабраць кола беларускіх герояў і гераінь. Мы прапануем, каб кожны задумаўся, якая асоба ў нашай гісторыі, альбо нашай сучаснасці з’яўляецца той асобай, якая выбрала сваёй місіяй Беларусь. Збярэм прапановы. І зробім супольны партрэт беларускіх герояў і гераінь».
Пра стратэгію нацыянальнага адраджэння
Адказваючы на крытыку ў бок стратэгіі нацыянальнага адраджэння, маўляў, яна сканцэнтраваная на адміністратыўных метадах, Аліна Коўшык заўважыла, што «гэта не фінальная версія, гэта драфт, але драфт, над якім працавалі розныя эксперты незалежных поглядаў».
«Больш за тое, ідэя зрабіць вось такі дакумент выйшла не ад мяне. Гэта прыйшло ад людзей з Беларусі, ад нашых актывістаў. Мы проста выканалі тое, што нас прасілі. Насамрэч, думаю, можна шмат зрабіць, выкарыстоўваючы палітычныя сілы дзеля ўзмацнення нашай ідэнтычнасці і культуры. Але гэта не азначае, што мы будзем нешта насаджаць. З актывістамі я працую вельмі-вельмі шмат, я іх выслухоўваю і мы разам будзем шукаць выйсце з сітуацыі, шукаць новыя ідэі і як гэта рабіць. Больш за тое, я гэтага не раблю адна ніколі», — сказала Аліна Коўшык.
Фота: Julia Szablowska
Планы прадстаўніцтва
Акрамя Інстытута беларускай мовы, як можна зразумець з выказванняў Аліны Коўшык, працягнецца праца па пашырэнні беларускай культурнай прысутнасці ў Варшаве, навуковай супрацы з польскімі ўстановамі, адукацыі і ўшанаванні беларускіх традыцый:
«Не хапае творчых майстэрняў. У Польшчы няма такой традыцыі, майстэрні выключна прыватныя. А майстэрні вельмі-вельмі патрэбныя (мастакам у эміграцыі). Мы гаварылі пра гэта з уладамі Варшавы. (...) Сапраўды на гэты год у нас вельмі багата планаў. Будзем, напэўна, пашыраць сетку суботніх школак, якія ўжо існуюць. Будзем імкнуцца закласці падмурак Беларускага нацыянальнага навукова-даследчага ўніверсітэта. Гэта таксама велізарны праект.
Будзем пашыраць супрацу з Варшаўскім універсітэтам, кафедрай беларусістыкі. Будзем пашыраць пераклады з беларускай і на беларускую і ўдзел беларускіх выдаўцоў у розных выставах у розных краінах. Будзем таксама як бы рабіць ін’екцыю ў беларускую культуру, спадзяемся, што атрымаецца вывесці нейкія новыя цікавыя прадукты.
І хацела б нагадаць, што 2024 год Аб’яднаны пераходны кабінет абвесціў годам традыцый. (...) Чаму беларускіх традыцый? Таму што беларускія традыцыі — гэта наша кроў, гэта штосьці, што ў нас проста немагчыма адабраць ніякаму рэжыму. І што вельмі бяспечна кожнаму ў сваім коле сяброў ці сям’і можна адзначаць, святкаваць, навучыцца рабіць павукоў, лялькі-мотанкі, выцінанкі. У нас столькі цудоўных беларускіх традыцый! Гэта тое, што робіць нас беларусамі, давайце пашыем сабе вышыванкі!».