Аліна Нагорная, праваабаронца і моўная актывістка, падрыхтавала новае выданне сваёй кнігі «Мова 404». Кніга выйдзе ў тым ліку на рускай мове. Навошта руская мова ў кнізе, як змянілася колькасць паспяховых зваротаў да чыноўнікаў пасля 2020-га, што крытычна важна зрабіць беларусам у замежжы для захавання беларускасці, распавяла Аліна Нагорная ў вялікім інтэрв’ю на Budzma.org.
Кніга «Мова 404» накладам у 500 асобнікаў выйшла ў 2021 годзе. Пад адной вокладкай Аліна Нагорная сабрала гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з моўнай дыскрымінацыяй у розных сферах.
Новае выданне кнігі пра дыскрымінацыю беларускай мовы будзе дапоўнена новымі гісторыямі людзей, храналогіяй моўнай палітыкі ў Беларусі апошніх стагоддзяў, ілюстрацыямі. Будуць і пераклады.
Пра кнігу 404
— Кніга перакладзеная на нямецкую мову, але пакуль невядома, як з выданнем на нямецкай, пераклад зрабілі людзі, якія жывуць у Нямеччыне, па сваёй уласнай ініцыятыве. Кніга таксама будзе на рускай і ангельскай мовах. Вырашаю, ці надрукаваць кнігу ў новай рэдакцыі ў 100 экзэмплярах ці ў 1000. Галоўнае, кніга будзе даступная анлайн і на беларускай, і на ўсіх вышэйпералічаных мовах.
— То бок найперш вядзецца пра электронную кнігу?
— Так, але і не зусім так. Гэта будзе не вельмі звычайная кніга для электроннай чыталкі, у яе будзе нетыповы для электроннай кнігі дызайн, які больш выглядае на дызайн друкаванай кнігі. Шыкоўныя ілюстрацыі рабіла і для друкаванай, і для электроннай версіі адна і тая ж дызайнерка.
Надрукаваныя асобнікі на рускай і ангельскай буду перадаваць розным вядомым персонам, людзям, якія ўплываюць на меркаванні, на палітыку (наколькі магчыма, канечне, уплываць на палітыку што да Беларусі). Напрыклад, атрымаюць кнігі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, ААН, палітыкі, у тым ліку і расейскія, дыпламаты розных краін. Магчыма, буйныя расейскія СМІ. Вось хачу адмыслова для такіх людзей надрукаваць маленькі наклад.
Каб гэту кнігу можна было выкарыстоўваць як аргумент дзеля Беларусі. Бо ўсё адно мы прыйдзем да той сітуацыі, калі прыйдзецца весці нейкі дыялог, рана ці позна, хаця выглядае на тое, што позна. І я хачу, каб моўнае пытанне таксама было на парадку дня. Пытанне насамрэч надзвычайнай важнасці. Бо пытанне беларускай мовы — гэта і пытанне незалежнасці ў тым ліку. І яно павінна абмяркоўвацца.
Мне падаецца важным, каб рускамоўная аўдыторыя даведалася пра праблему дыскрымінацыі нашай роднай мовы ў беларускім грамадстве, асабліва калі браць пад увагу ролю рускай мовы ў гэтай дыскрымінацыі.
— Калі і дзе пройдзе прэзентацыя новага выдання?
— Планую ўсё паспець і запрасіць 4 красавіка — 4.04 — на адну з беларускіх пляцовак у Вільні. Хутчэй за ўсё, гэта будзе CreateCulture Space, яшчэ абмяркоўваем месца і праграму. Бо не хочацца панылага мерапрыемства, ёсць ідэі розныя, напрыклад, завяршыць імпрэзу рэйв-вечарынай.
Пра дзень роднай мовы і прымусовы пераход на беларускую
— У Дзень роднай мовы ў допісе на Facebook вы кажаце пра «традыцыйны сум» у гэты дзень і тое, што не разумееце нагоду для радасці і святкавання.
— Ды ў мяне кожны дзень — дзень роднай мовы. І калі я бачу ад людзей, якія ўвесь час стасуюцца па-руску, ад публічных персон, ад такіх інфлюэнсараў — палітыкаў, лідараў меркаванняў, культурных дзеячаў, што — ваў! — яны адзін раз на год сказалі ці напісалі нешта па-беларуску, то гэта ў мяне вельмі негатыўныя адчуванні выклікае.
Бо я не лічу, што Беларусь, незалежную, новую ці вольную — хто якую будуе там неяк зараз, можна пабудаваць з рускай мовай. Бо нічога незалежнага для беларусаў няма ў выкарыстанні чужой мовы. Гэтая мова адразу ставіць нас у залежнае становішча
— Днямі была дыскусія з вашым удзелам, дзе даволі часта гучалі перасцярогі ад удзельнікаў такога кшталту: толькі не трэба прымусу, бо гэта напужае рускамоўных, адштурхне іх ад беларускай мовы, трэба ўлічваць інтарэсы ўсяго грамадства і г.д. Вельмі нагадвае пачатак 90-х, калі людзей пужалі прымусовым пераходам на беларускую і таксама баранілі рускую мову. Між тым сітуацыя з беларускай мовай відавочна пагоршылася за гэты час.
— Калі ўвесь час думаць і дбаць не пра свае, а пра чужыя інтарэсы, то зноў можа здарыцца нешта падобнае да сітуацыі Рыжскай дамовы.
Усе хочуць, каб было камфортна і ўтульна ўсім ва ўсім, у тым ліку ў моўным пытанні, каб камфортна было пераходзіць на беларускую мову мільёны гадоў, пакрысе і г.д. Але мы зараз не ў тым становішчы, па-першае, каб рабіць гэта камфортна. Па-другое, ёсць пытанні, якія ўвогуле не могуць разглядацца рэферэндумам, у тым ліку моўнае пытанне. Бо гэта пытанне належыць не толькі нашаму пакаленню, яно належыць усім беларусам, усім — у тым ліку і будучым пакаленням
У нас большасць беларусаў у краіне — каля 80% такімі сябе вызначаюць, таму такое пытанне ўвогуле не павінна стаяць. То бок руская мова ўвогуле ў нас існуе другой дзяржаўнай незаконна, калі глядзець Канстытуцыю. Калі ж мы ўсё-такі хочам, каб у Беларусі было «да законаў», то давайце вяртацца да законнасці і ў пытанні мовы. Не можа быць так, што мы адзін закон выконваем, а іншы парушаем (бо так жа больш камфортна!), і ў выніку прыходзім і да дэмакратыі, і да незалежнасці, і да заможнага жыцця. Так не бывае. Трэба выконваць усе законы — а руская мова ў статусе дзяржаўнай зараз у Беларусі незаконна. І калі казаць пра камфорт, то я яшчэ не бачыла ніводнага чалавека, які б нечага дасягнуў у пастаянным стане камфорту. Каб не прыкладаў аніякіх высілкаў да зменаў. Тое ж самае і з краінай.
Калі мы кажам пра развіццё краіны — яно таксама пэўны час можа быць не вельмі камфортным. Людзі павінны гэта проста ўсвядоміць — што ёсць рэчы, дзеля якіх трэба прыкладаць пэўныя высілкі, каб пасля мы маглі жыць у нармальнай краіне.
Пра працу па прасоўванні беларускай мовы, чыноўнікаў і аптымізм
— Вы працягваеце сваю працу з Ігарам Случакам па тым жа прасоўванні беларускай мовы ў побыце, бізнесе, дакументазвароце і г.д. у Беларусі?
— Працягваем, так, гэта можна рабіць, але як гэта рабіць тэхнічна — тут пакуль без падрабязнасцяў.
— Чыноўнікі, вытворцы вас чуюць зараз?
— Яны нас чуюць. Ёсць добры прыклад, не буду называць брэнд, прыкладам, вытворца аднаго піва вельмі доўга не хацеў дадаваць беларускую мову на этыкеткі, давялося ледзь не да суду даводзіць справу. А пасля ў выніку яны нават пачалі фінансаваць некаторыя беларускія мерапрыемствы, цяпер у іх ёсць беларуская мова ў назвах прадукцыі.
Я тут пра тое, што і чыноўнікі, і вытворцы ўсё чуюць, але не заўжды адразу разумеюць, навошта тая мова, часам прыходзіцца доўга тлумачыць. Але ёсць шмат выпадкаў, калі дастаткова было і аднаго звароту. Глядзіш, пасля аднаго звароту з’явілася дзесяць прадуктаў аднаго вытворцы па-беларуску адразу. Ці сайт на мове. Яны чуюць.
І цікавы факт: што да 2020 года, што пасля 2020-га працэнт паспяховых зваротаў прыкладна застаўся аднолькавым. Нам здаецца, што вельмі шмат чаго паўсюль змянілася пасля 2020-га, але насамрэч у галовах гэтых бюракратаў вельмі мала што памянялася. Адказы такія ж самыя, памылкі ў тых адказах — такія ж самыя, працэнт адмоваў ці паспяховых зваротаў — такі ж самы
— У мяне вельмі мала аптымізму, насамрэч. Менавіта таму, што мала аптымізму, напэўна, эфектыўна атрымоўваецца дзейнічаць. Таму што я не жыву і ніколі не жыла ў ілюзіях. Усё маё жыццё. Я пачала разумець, што нешта кепскае адбываецца ў краіне, у 2006 годзе. Я не вельмі каб добра разбіралася ў палітыцы — мне было 13-14 год, але ў маім родным Слуцку тады таксама ўжо пачаўся варушняк, выбары 2006-га, налепачкі з джынсавым фэстам і г.д. Налепачкі з тым фэстам неяк вельмі мне адгукнуліся — у нашай школе забаранялі насіць джынс, а я ўвесь час яго і насіла. Неяк прыйшло разуменне, наколькі ўсё кепска — не толькі ў маёй школе, але і ў маёй краіне. І было проста бачна, як становіцца ўсё горш і горш. Я вось думаю, што людзі, каторыя бачылі гэта з 80-х гадоў, наколькі ім зараз цяжка бачыць не толькі сітуацыю ў краіне, а яшчэ і тое, што робяць персоны, якія лічаць сябе палітыкамі. Гэта таксама такі крынж. Гэта таксама не дадае аптымізму.
Але я ведаю, што калі нічога не рабіць, то ўвогуле нічога не будзе. Я не веру, што проста так — хоп! па шчаўчку — наступяць нейкія змены ў Беларусі. Не. Я лічу, што калі наступяць, то якраз таму, што ёсць людзі, якія — у тым ліку я, Ігар, людзі са сферы НДА, напэўна, ці асобныя людзі, такія вось апантаныя ідэямі — па кропельцы, па кропельцы ў сваёй сферы робяць нешта, каб захаваць гэтую краіну і мяняць сітуацыю.
Вось мы стараемся захаваць беларускую мову як сродак камунікацыі. Каб яна была не проста дэкаратыўным упрыгожаннем, а каб яна была сапраўды ў жыцці — на сайтах, на таварах і г.д., каб у міліцыянта, што пачуў чалавека па-беларуску, не было жадання яго біць, бо міліцыянт сёння чуў гэту мову ў краме, потым бачыў яе на аўтобусным квітку, калі ехаў на працу і яшчэ бачыў на сайце МУС, калі заходзіў па працоўных пытаннях на яго. Карацей, каб мова была звычайнай для Беларусі, а не нечым дэкаратыўным. І зараз для мяне гэта важна. Калі ж нічога не рабіць, то нічога і не будзе.
Акрамя працы з моўнай дыскрымінацыяй, ёсць у мяне зараз ідэя праекта па навучанні людзей, якія застаюцца ў Беларусі, бяспецы. Маю на ўвазе лічбавую і індывідуальную бяспеку: абарона даных у гаджэтах, на якія камеры не глядзець, як чытаць навіны і захоўваць файлы і г.д. Гэтага, на мой погляд, зараз шмат каму не хапае там, у самой краіне. Прапановы не задавальняюць попыт. Хачу зрабіць нармальную дапамогу.
Пра жыццё ў Вільні
— З восені 2023-га вы з сям’ёй у Вільні. Што скажаце пра цяперашняе жыццё дыяспары тут, культурніцкае, грамадскае?
— Розныя адчуванні. Вельмі падабаюцца асобныя ініцыятывы. Вельмі падабаецца тое, што робіць Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, CreateCulture Space, ёсць класныя заняткі для дзяцей. Вось зараз вядзецца пра яшчэ адну беларускую школу ў Вільні — не магу тут нічога каментаваць, бо не ўдзельніца працэсу, але чула, што ёсць нейкія пазітыўныя зрухі. Асабіста я вельмі хачу прасунуць і рэалізаваць яшчэ ідэю беларускамоўнага садка, магчыма, разам з украінцамі. Навошта нацыянальным меншасцям навучацца на рускай мове?
Ёсць рэчы, якія проста трэба рабіць палітычнай воляй. Бо калі запытацца: «А ці хочаце вы не плаціць падаткі?», то зразумела, што людзям вельмі захочацца не плаціць падаткі, чаму ж не. 100 адсоткаў будзе за тое, каб не плаціць. І што?
Ёсць рэчы, неабходныя для выжывання народа. У тым ліку беларуская мова. Канечне, больш камфортна не плаціць падаткі і камусьці больш звыкла і камфортна гаварыць па-руску. Але трэба ж неяк развівацца і каб краіна развівалася, каб мы маглі ўсе вярнуцца і пабудаваць там нешта нармальнае.
Пра перспектывы на будучыню
— Прагнозы робіце?
— Прагнозы што да стану беларускай мовы? З прагнозамі цяжка, канечне. Упэўнена, што калі будуць адкрывацца, як гэта называюць, акенцы магчымасцяў, то шмат хто з прадэмакратычных структур будзе агітаваць за рускую мову, бо зноў жа будуць аргументы пра «камфортна і некамфортна», пра «прымус», карацей, будзе як звычайна ўсё.
Але калі ў мяне ўжо ёсць паспяховы досвед прасоўвання зменаў нават у сённяшняе заканадаўства, 2023 года, то думаю, папсую жыццё крышачку тым агітатарам і дамагуся таго, каб беларуская мова як мінімум набыла больш правоў. І трэба даносіць гэтую думку пра законнасць і незаконнасць. Бо я не разумею, як можна пабудаваць краіну з законнасцю, парушаючы пры гэтым Канстытуцыю — асноўны закон краіны.
А тыя, хто будзе настойваць на дзвюх дзяржаўных мовах, «раўнапраўі» рускай і беларускай, будуць парушаць Асноўны закон. Тым, хто разумее законнасць, трэба будзе аб’ядноўвацца і лабіяваць беларускія інтарэсы
— Пасля 2020 года такіх людзей стала больш? Тых, хто будзе лабіяваць беларускую справу.
— Я думаю, што 2020 год вельмі добра паўплываў на тое, што сапраўды больш людзей зацікавілася гісторыяй і мовай. Але ёсць праблема. Большасць гэтых людзей у сваім асяроддзі цікавяцца беларушчынай і размаўляюць па-беларуску. Попыт на мову яны не ствараюць. Атрымліваецца, што моўнай дыскрымінацыі ў выніку менш усё роўна не становіцца.
Калі чалавек размаўляе па-беларуску толькі са сваімі сябрамі ці блізкімі ў сям’і, але працягвае глядзець кіно па-руску — не просіць беларускага дублявання, чытаць кніжныя навінкі ў рускіх перакладах — не просіць беларускіх, чытаць сайты — не просіць дадаць беларускую версію, запаўняць нейкія бланкі ці формы па-руску — дыскрымінацыі менш не становіцца. Так, больш людзей далучылася да беларускай справы, але праблема застаецца на сур’ёзным узроўні.
Зараз мала проста нешта ведаць ці проста гаварыць па-беларуску з сябрамі і сваякамі, паўтаруся, гэта не стварае попыт на беларускасць для іншых людзей
Пра беларускасць у замежжы
— Паўнавартаснае існаванне беларускасці, беларускай культуры ў выгнанні магчыма, на вашую думку?
— Пасля Другой сусветнай вайны шмат беларусаў выехала. І зараз іх дзеці хто? Канадцы, амерыканцы, палякі, ангельцы... Тое самае можа быць і зараз. Таму што крытычна важна зрабіць у першую чаргу беларусам? Зараз важна, каб ва ўсіх гарадах эміграцыі з’явіліся беларускія садкі і школы — гэта проста № 1 для нас задача. Гаварыць пра гэта толькі ў СМІ — важна, але недастаткова. Асабліва калі людзі хочуць вяртацца. А паводле даследаванняў, ёсць дастаткова вялікі працэнт людзей — каля 50%, якія хочуць вяртання. Можа і не такі вялікі, як мне б хацелася, але не мізэрны дакладна.
Трэба працягваць выдаваць і чытаць кнігі, ствараць музыку. І ствараць попыт не ў аўдыторыі, якая і так была беларусацэнтрычнай, а ў той самай, некамфортнай.
Размаўляць на сваёй мове. Бо калі мы размаўляем на чужой мове, то атрымліваецца, што не паважаем самі сябе. Дык чаму тады чакаць павагі ад літоўцаў, палякаў, іншых народаў, у чыіх краінах мы спыніліся
Але беларусы, мне падаецца, вось гэтай вельмі простай формулы яшчэ не зразумелі. Не зразумелі таго, што калі яны размаўляюць на штучна і гвалтоўна навязанай мове, то выказваюць непавагу да саміх сябе. І вельмі прыкра, што людзі, якія хочуць займацца палітыкай, хочуць уплываць на меркаванні людзей, ствараць СМІ, не разумеюць гэты просты момант. Дарэчы, я вельмі не згодная з папулярным меркаваннем, што ў 2020 годзе мы нарэшце сталі нацыяй. Мы зрабілі вельмі істотны крок да гэтага, але нам яшчэ крочыць і крочыць.
Парады тым, хто толькі далучыўся да беларускай мовы
— Што б вы параілі тым, хто зусім нядаўна далучыўся да беларускай мовы, да беларускай справы?
— Па-першае, не саромецца размаўляць на беларускай мове. Не баяцца. Пры гэтым пачуццё самазахавання падтрымліваць — гэта тым, хто ў Беларусі. Я, напрыклад, калі ішла міма міліцыянтаў пасля 2020 года проста маўчала. Карыстацца паўсюль мовай. Паказваць па-за камфортным асяроддзем, што табе патрэбная беларуская мова.
Большасць іншых людзей яе не ненавідзіць, яны проста з ёй амаль не сутыкаліся і ў іх у галаве няма такой опцыі: што яна патрэбная. А вы пакажыце, што яна патрэбная. Можна пісаць звароты, але не ў такіх колькасцях, як мы з Ігарам — каб не прыцягваць залішнюю ўвагу. Чытаць кнігі ды развівацца проста. Таму што мы патрэбныя нашай краіне, і патрэбныя адукаванымі і моцнымі.
Рыгор Сапежынскі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Ігар Случак: «Толькі сіламі беларусаў у Беларусі можна змяніць як моўную сітуацыю, так і вырашыць любое іншае хвалюючае пытанне