«Калі ў краіне адбываецца дырэктыўная культура, то нічога добрага ад гэтага чакаць не варта. Натуральна, ёсць цікавыя рэчы, якія дагэтуль адбываюцца і будуць адбывацца ў Беларусі, але гэта тое, што існуе паралельна з афіцыйным курсам».
Нагодай для размовы Budzma.org з Аляксандрам Чарнухам, экспертам Б*л*р*скай р*ды к*льт*ры, журналістам, аўтарам сатырычнага раману «Свінні», стала нядаўняя калегія Міністэрства культуры, што прайшла цалкам адпаведна апошнім беларускім трэндам. Анатоль Маркевіч, міністр з 2020 года, казаў пра здраднікаў, якім не месца на сцэне, акрэсліў «галоўную місію сферы культуры — дарыць людзям добры настрой», яшчэ шмат чаго пра «кадравую палітыку», «рэзервы», «навацыі» і «важкія пазітыўныя вынікі».
У Міністэрстве культуры ці сферы культуры, як любяць казаць чыноўнікі, «адбываецца тое, што і заўсёды адбывалася — нічога». «То-бок людзі неяк соўгаюцца па гэтым свеце, робяць выгляд, што яны нешта робяць. Але гэта настолькі далёкія ад самога панятку „культура“ людзі, што невядома навошта яны гэтым увогуле займаюцца. Пэўна, таму што нехта сказаў: вось будзеш ты гэтым займацца — і не трындзі. Прыкладна так яно працуе, — кажа Аляксандр Чарнуха. — Мне падаецца, што вось гэтыя словы пра здраднікаў такім чынам і працуюць, то-бок нехта сказаў там зверху пра здраднікаў, а гэтыя ўжо на месцах панеслі гэтую пазіцыю трансляваць і заціскаць гайкі. Хаця куды ўжо болей заціскаць. І Маркевіч, мне падаецца, вельмі прыдатная для гэтай пазіцыі асоба».
Анатоль Маркевіч пачынаў працу настаўнікам у Шчучынскім раёне. З 2002 года — намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, затым — старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, у 2011–2019 гадах — старшыня Навагрудскага райвыканкама. На пасадзе міністра культуры пачаў з ідэалагічных чыстак — «больш за 300 чалавек з нашых калектываў папрасілі».
«Нягледзячы на тое, што Маркевіч на Шчучыншчыне нарадзіўся, мусіць, у яго нешта адгукаецца пад гэты хіт і г.д., але калі прасачыць біяграфію чалавека, то бачым, што ён максімальна далёкі ад панятку „культура“. Хто такі старшыня Наваградскага райвыканкама? Чалавек, які важна робіць выгляд, што ён развівае свой раён. І пры гэтым нічога не робіць», — зазначае Аляксандр Чарнуха.
Што датычыць нейкіх дасягненняў на культурніцкай ніве, то тут пытанне «патрабуе развагі наконт панятку «каштоўнасці». «З захаваннем традыцыйных больш-менш зразумела. Гэтае паляванне на заходняга ворага, які хоча там разбэсціць нейкім чынам ці зруйнаваць усё тое, што намацвала, так бы мовіць, славянская культура тысячагоддзямі... Тут усё зразумела, яны відавочныя, гэтыя спробы Мінкульту абараніць беднага беларускага чалавека. Але вось увогуле мае тое, што робіць Мінкульт і людзі, якія датычныя да Мінкульту, хаця б нейкую каштоўнасць? Я днямі пісаў, напрыклад, пра „Песню года“. Ці мае гэта мерапрыемства хаця б нейкую каштоўнасць? Гэта людзі, якія робяць мерапрыемства для саміх сябе. Нешта там самі сабе прысудзілі, раздалі, узнагародзілі — і разышліся. Не ведаю, ці вераць яны самі ў тое, што іх нехта слухае і што іх песні ведае ўся краіна. Канечне, паводле іх, песні то самі добрыя, проста людзі пра іх не ведаюць. А вызначае каштоўнасць песні хто? Ізноў-такі Мінкульт. Калі ў краіне адбываецца дырэктыўная культура, то нічога добрага ад гэтага чакаць не варта. Натуральна, ёсць цікавыя рэчы, якія дагэтуль адбываюцца ў Беларусі, яны і будуць адбывацца. Але гэта тое, што існуе паралельна з афіцыйным курсам. Бо гэты афіцыйны курс дыктуюць людзі, якія ўвогуле нічога не разумеюць. Гэта людзі, якія — пасадзі іх ва ўніверсітэце здаваць іспыт, задай ім проста нейкія банальныя пытанні — будуць бэкаць і мэкаць. Потым скажаш: ну, ладна, прыйдзеш здаваць увосень — прыйдуць увосень. І будуць так хадзіць, пакуль ты ім ужо залік не паставіш. Вось гэта такія людзі ў „сферы культуры“, мне так падаецца», — з іроніяй распавядае Аляксандр Чарнуха.
Але і прызнае, што пры гэтым чыноўнікі ад культуры нясуць для яе і пагрозу, «так, яны небяспечныя для культуры, гэта дакладна». «Але, мне падаецца, гэта людзі, якіх не варта ўспрымаць усур’ёз. Яны нешта хочуць зрабіць, але ў іх нічога не атрымліваецца. Я ўжо неаднойчы пра гэта казаў, што смех — гэта галоўная зброя супраць іх. Калі яны разумеюць, што яны смешныя, калі ты ім паказваеш, што яны смешныя, то ў іх вось гэты нейкі гонар, ганарлівасць крыху губляюцца і яны такія: „ну... а што мы можам, мы ж людзі вот такія, мы ж гасударавыя, колькі нам далі, вось столькі мы і робім“.
Не ўспрымаць усур’ёз і займацца сваёй справай, рабіць яе якасна і сумленна. І гэта тое, што дапаможа нам захаваць культуру без усялякіх міністэрстваў. Дарогі Мінкульту і культуры ідуць у абсалютна розных кірунках. І гэта — добра, было б страшна, каб гэтыя дарогі супадалі», — падсумоўвае Аляксандр Чарнуха.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org