Ён вядомы найперш як аўтар радкоў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» — маршу, які стаў фактычным гімнам маладой беларускай дзяржавы. Але чым і як жыў Макар Краўцоў? Якія рэчы яго прыгнечвалі, натхнялі, ранілі? Паспрабуем адказаць у нашым артыкуле.
Макар Краўцоў,1939 г. Фота з Вікіпедыі
«Беларусы! Нам трэба бараніць сваю долю і незалежнасьць самім»
Макар Краўцоў
Макар Краўцоў (народжаны ў 1891 годзе як Макар Касцевіч) пакінуў апроч вершаў яшчэ і багатую публіцыстычную спадчыну. Гэта дазваляе крыху «зазірнуць у яго галаву». Краўцоў быў у самым віры палітычнага жыцця Беларусі. І нам пашанцавала, што словы сведкі гістарычных падзеяў захаваліся да сённяшняга дня.
Партрэт Макара Краўцова. Малюнак Анатоля Крывенкі, 1994 г.
Краўцоў у тэксце пра Усебеларускі з’езд 1917-га параўноўвае народны сход у Менску з полацкім Вечам, настойваючы: у беларусаў «усенародны характар улады» мае глыбокія карані, і менавіта таму ідэя парламенцкай улады — не чужародная, а «свая» форма дзяржаўнасці. Ён нават кажа пра пяты перыяд беларускай гісторыі, «пэрыяд барацьбы за незалежнасьць Бацькаўшчыны».
Урывак з артыкула Макара Краўцова, надрукаваны ў «Беларускім Звоне» за 1921 год
Гэтае самаўсведамленне не стала адарваным ад жыцця разважаннем. Для Макара Краўцова яно ўвасобілася ў канкрэтным дні і акце: 25 сакавіка 1918 года. У эсэ «Рашучы акт» Краўцоў пераасэнсоўвае гэты момант як не папяровую фармальнасць, а «волевы выраз народа», які забраў уласную будучыню «паміж малатамі чужых арыентацый».
Спрачаючыся з прыхільнікамі лацініцы ў 1927 годзе, Макар Краўцоў выбірае «гражданку» (рэфармаваную кірыліцу). «Гражданка — наша нацыянальная азбука», — піша ён, нагадваючы, што ў перыяд Вялікага Княства дзяржаўныя акты вяліся «рускімі літэрамі» і што беларускі друк доўга выходзіў паралельна дзвюма транскрыпцыямі выключна дзеля дасяжнасці для ўсіх — і каталікоў, і праваслаўных. Ён прагнуў дасягнуць чытача сёння, а не пераламваць традыцыю дзеля моднай «сымболікі».
Макар Краўцоў з жонкай Ганнай Станіславаўнай. Архіўнае фота
«Нам мілей чуць, як беларус старэйшых векам за сябе, бацькоў сваіх, ці роўных сабе людзей малазнаёмых, ветліва называе на «Вы», замест маскоўска-татарскага, або каўкаскага — «ты». І гэта ў нашым народзе ідзе па традыцыі, русіфікацыя тут, у нашым сялянскім быце, нічога не патрапіла зьмяніць».
Макар Краўцоў
Яшчэ адна істотная рыса Макара Краўцова — гэта антыпатыя да безадказнай бравады. У 1919-м ён піша кароткі, але востры артыкул «Палітычная нясьпеласьць», дзе высмейвае «палітычныя сальтаморталі» (скокі ў паветры праз галаву) у Горадні. Справа датычылася сітуацыі, калі адной «бунтарскай адозвай» падстаўляюць увесь рух пад рэпрэсіі.
Папрок Краўцова быў у безадказнасці:
«Калі вы маеце ахвоту да сальтоморталяў у палітыцы, рабеце іх... за свой уласны страх і рызыку... а ўвесь беларускі рух пад рэпрэсіі не падстаўляйце». Макар Краўцоў
Урывак з артыкула Макара Краўцова, надрукаваны ў «Родным Краі» за 1936 год
Гэта быў своеасаблівы кодэкс паводзінаў беларускага дзеяча: адвага — так, але не за кошт чужой працы і бяспекі.
Ёсць чаму павучыцца і праз сто гадоў.
Краўцоў думае пра культуру як пра інфраструктуру свядомасці. У эсэ «Аб перакладах на беларускую мову» ён кажа не пра «прыгожае», а пра сістэму: як, каго і для каго перакладаць, каб карысць была рэальная і для школы, і для шырокага чытача. Палітычны аспект выяўляецца ў планаванні, бо літаратура з’яўляецца спосабам навучыць народ гаварыць «сам сабою» на роднай мове пра ўвесь свет.
Урывак з верша Макара Краўцова, надрукаваны ў «Беларускім Слове» за 1926 год
Да гэтага шэрагу належаць і ўласныя пераклады Краўцова (ад Марка Твэна да Гогаля). Гэтая праца паказвае, што яго нацыяналізм прыводзіць да ўключэння Беларусі ў вялікі дыялог праз сваю мову.
«Гэтак, нам трэба перакладаў: Шэксьпіра (перш за ўсё несьмяротнага «Гамлета»), Мольераўскіх камэдыяў (перакладзены ў Менску), драмаў Шыльлера, твораў скандынаўскага рэпэртуару і г. п. Патрэбны між іншым пераклады ляўрэатаў Нобаля!»
Макар Краўцоў
Успаміны Макара Краўцова пра разгон Усебеларускага з’езду — гэта ўзор дакументальнай прозы. Калі чытаеш «Разгон», тэкст Макара Краўцова пра ноч 17–18 снежня 1917-га, перад вачыма паўстаюць кінакадры. Спачатку — урачыстая цішыня ў залі, дзе гатовыя галасаваць па пунктах за агульную рэзалюцыю: «Урачыстыя мінуты! Бясьсьмертны момант у жыцьці нацыі!» — запіша Краўцоў.
Потым ужо парушаны рытм: да стала падыходзяць тры фігуры «рэвалюцыйных генэралаў» — начальнік гарнізону Крывашэін, наркам унутраных спраў Заходняй вобласці і фронту Рэзаўскі і камандзір «Першага рэвалюцыйнага палка» Рамнёў. «Я начальник гарнизона...» — сіпіць першы, другі абвяшчае: з’езд распушчаны, прэзідыум — арыштаваны. Рамнёў падымае наган — «штось пстрыкае й ня паліць».
І тут зала ўспыхвае супрацівам: барыкады з крэслаў, «Марсельеза» з аднога боку і «Ад веку мы спалі...» з другога, новы прэзідыум і рэзалюцыя пратэсту пад гром песень. «Чулася энэргія, жаданьне барацьбы, чулася непакарымасьць праўды, бясьсьмертнасьць ідэі Вялікага Сходу!» — паставіць кропку аўтар.
Паводле Краўцова, з’езд стаў «пачаткам пятага пэрыяду беларускай гісторыі». Ужо дзейнічае народ, які сам мусіць і будзе вырашаць.
Макар Краўцоў у арміі перыяду Першай сусветнай. Фота з Вікіпедыі
Цяпер зразумела, чаму радкі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...» гучаць не пафасна, але як праграма. За імі стаіць досвед арганізаванага народа (Веча і З’езд), упартай культурнай працы (пераклады і школа), і ідэалагічнай чысціні. Макар Краўцоў няспынна задае ўдакладняльныя пытанні: хто наш чытач? што нам дае гэтая форма? як гэта працуе ў масах?
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР яго возьмуць у кіпцюры ГПУ разам з Антонам Луцкевічам, Янкам Пазняком і іншымі. Савецкая машына адразу дыягнастуе ў ім «небяспечнага беларуса»: у сакратарскую даведку наркама ўнутраных справаў Лаўрэнція Цанавы трапляюць словы пра «контррэвалюцыйную нацдэмаўскую дзейнасць».
Паводле ўспамінаў вязня, які выйшаў на волю, Макара закатавалі ў беластоцкай турме. Дзе ягоная магіла, на жаль, дагэтуль невядома.
Павал Хадзінскі, budzma.org