Каму ў Беларусі жыць «харашо»?

Як жыцьцё, спадарства? Усё добра? А давайце хаця б сёньня не маркоціцца! Начытаўшыся апошніх афіцыёзных навінаў зь Беларусі, Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» гэтым разам піша пра сьмешнае.
Вось глядзіце. Першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімер Пярцоў распавёў напярэдадні, як рухаюцца справы зь дзяржаўнай ідэалёгіяй. Калі ў двух словах, то рухаюцца справы так сабе, а прапагандысцкія лекцыі па ўсёй краіне і пагатоў задаюць курс не наперад да сьветлае будучыні, а... назад!

«Неабходна вымераць эфэктыўнасьць падобных сустрэч. Аўдыторыі розныя, але і лектары ёсьць розныя. Чалавек можа быць прафэсіяналам, але слабым аратарам. На жаль, гэткія сустрэчы не прыводзяць да пазытыўных вынікаў, нават наадварот».

Uladzimier Piarcoŭ
Уладзімер Пярцоў расказвае праўладным прапагандыстам, як «нада родзіну любіць». Фота: sb.by

Карціна маслам

Гэтак і ўяўляю карціну маслам. Прыяжджае ў які-небудзь калгас «Шчасьлівая жызьнь» ганец з райцэнтру — гэткі лысаваты пульхны дзядзечка няўцямнага веку ў зашмальцаваным лапсердаку, з падвойным падбародзьдзем і (абавязкова!) з скураной тэчкай. Назавем яго — Сяргей Мікалаевіч. І пачынае расказваць сагнаным калгасьнікам пра тое, як «у Беларусі жыць харашо, усё цьвіце і пахне, усе шчасьлівыя, за што, канешне ж, спасіба прэзідзенту».

А ў тым калгасе шчасьце прысутнічае, бадай, толькі ў назьве, «харашо» ў дадзены момант аграному Міколу і мэханізатару Раману, якія звыкла схаваліся ў падсобцы і таму на лекцыі адсутнічаюць. Цьвіце адно цьвіль на сьценах, пахне таксама будзь здароў як! За што канкрэтна тут «спасіба прэзідзенту»? Сядзяць маўклівыя й пахмурныя калгасьнікі на лаўках ды чакаюць канца лекцыі. І толькі старшыня з бухгальтаркай, на ўсялякі выпадак, пляскаюць у ладкі штораз, калі высокі госьць з райцэнтру на хвілю перапыняецца, выціраючы лоб, змакрэлы ад разуменьня, што пахне тут зусім не «спасібай прэзідзенту», а чымсьці яшчэ больш сьмярдзючым і безнадзейным.

Ну сьмешна ж, праўда?

Sustreča čynoŭnicy z Baranavickaha rajvykankamu z pracoŭnym kaliektyvam adnoj z fermaŭ Baranavickaha rajonu
Сустрэча чыноўніцы з Баранавіцкага райвыканкаму з працоўным калектывам адной з фэрмаў Баранавіцкага раёну. Фота: instagram/apkbaranovichskii

«Шчасьлівыя» калгасьнікі паслалі ідэоляга

І вось вяртаецца ўвечары гэты прапагандыст туды, адкуль яго ў «Шчасьлівую жызьнь» былі паслалі, і разумее, што «шчасьлівыя» калгасьнікі таксама яго паслаўшы. Хай і ў думках, бо ўголас страшна, але ж усё адно паслаўшы. Ну бо як не паслаць, калі дзеці паўцякалі ад гэтай «Шчасьлівай жызьні» падалей: хто — у райцэнтар, хто — у Менск, а малодшы сын мэханізатара Рамана — дык і наагул у Польшчу! Ну бо і клюб даўно закрылі, і станцыі, і школу, і нават краму — што тут моладзі рабіць? А астатнім? «Спасіба прэзідзенту», што хоць аўталаўка раз на тыдзень яшчэ даяжджае! Дажыліся!

Назаўтра прыходзіць прапагандыст у свой кабінэт у райвыканкаме — другі паверх, вокны на цэнтральны парк і помнік Леніну — і чытае, як яго, Сяргея Мікалаевіча, таварыш Пяскоў у «Советской Белоруссии» пясочыць:

«Ёсьць жаданьне працаваць ужо па накатаных рэйках, чаго рабіць нельга. Ідэоляг павінен заставацца генэратарам і правадніком сэнсаў, пэдагогам і цудоўным лектарам, ён павінен умець спалучаць у сабе ўсе гэтыя якасьці. Акрамя таго, ідэоляг павінен умець працаваць у сацыяльных сетках і мэсэнджарах, разумеючы іх альгарытмы, павінен умець задзіночыць вакол сябе ідэалягічны актыў адзінадумцаў — ня толькі чальцоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, але ўсіх, хто мае шчырыя пачуцьці любові да нашае краіны».

І хоць ты ваўком вый, праўда, Сяргей Мікалаевіч? Паехаў бы той Пярцоў сам па раёнах ды парасказваў там людзям, як і за што «нада родзіну любіць»! Сядзіць там у сваім Менску як у космасе, зусім ад зямлі адарваўся! Ой... Гэта вы ўслых сказалі, Сяргей Мікалаевіч? Ці папросту занадта гучна падумалі? Цсссссс!

Valiera Rusielik
Валера Руселік — на высокім балтыйскім беразе ў польскай Гдыні. Жнівень, 2025 г. Фота з асабістага архіву аўтара

Невыканальныя задачы

Ну а калі сур’ёзна, то задачы, якія ставяць высокія ідэолягі сваім падначаленым, апрыёры невыканальныя.

Нерэальна навучыць шчыра любіць краіну, кідаючы за краты тысячы й выганяючы за мяжу сотні тысяч грамадзянаў толькі за тое, што, бач ты, яны гэтую краіну і без усялякіх прапагандысцкіх лекцыяў шчыра любяць. Немагчыма з вагеньчыкам нахвальваць жыцьцё, у якім няма свабоды, павагі, самарэалізацыі і пэрспэктываў. Як і быць генэратарам і правадніком сэнсаў там, дзе ўсялякае вальнадумства, лічы, аўтаматычна, ставіць цябе пад прыцэл рэпрэсіяў — таксама немагчыма.

Дык а што нам з вамі з таго, сябры?

Давайце ўсьміхнемся і працягнем рабіць нашую супольную Беларускую Справу. Ну бо мы-та з вамі цудоўна ведаем: аніякі засланец з райвыканкаму не раскажа нам пра нашае жыцьцё лепей за нас самых — гаспадароў уласнага лёсу і ўласнага жыцьця.

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org