Памёр народны артыст Беларусі Яраслаў Еўдакімаў — выканаўца хітоў «Зачарованая мая» і «Фантазёр»

Вядомаму беларускаму спеваку было 78 гадоў. Пра смерць паведамілі яго блізкія ў фэйсбуку, піша «Наша Ніва».

Яраслаў Еўдакімаў
Яраслаў Еўдакімаў

Памёр Еўдакімаў раніцай 22 жніўня. Прычына смерці не называецца.

«Дзякуй вам, дарагія гледачы, слухачы за любоў да творчасці вялікага артыста, за ўвагу і апладысменты! Дзякуй, дарагія падпісчыкі, за добрыя словы і пажаданні, якія вельмі падтрымлівалі Яраслава, давалі сілы і веру, што праспявана шмат прыгожых песень і жыццё пражыта нездарма!» — напісалі блізкія артыста.



На выбарах-2001 у Беларусі спявак падтрымаў апазіцыйных кандыдатаў, пасля чаго яму фактычна забаранілі працу ў Беларусі і яму давялося з’ехаць у Расію.

Але і там ён не маўчаў. У 2017 годзе ў інтэрв’ю Ленінградскаму абласному інтэрнэт-тэлебачанню спявак абвінаваціў расейскія ўлады ў развязванні вайны на паўднёвым усходзе Украіны:

«Я лічу, што гэта трагедыя страшная. Я абвінавачваю ва ўсім Крэмль, Пуціна, гоп-кампанію крамлёўскую. Украінцы ім ніколі гэтага не даруюць. Яны загубілі маладыя жыцці, каля 10 000 чалавек. За што? За што? За што? Што, ім Данбас патрэбны? Крым патрэбны?»

Еўдакімаў таксама не раз выказваў думку, што прэзідэнты не павінны кіраваць краінамі больш за два тэрміны.

У 2023 годзе яго заўважылі ў Беларусі: на відэа, якое апублікаваў спявак, ён ходзіць па Мінску каля набярэжнай Свіслачы ў парку Горкага.

Яраслаў Еўдакімаў нарадзіўся ў 1946 годзе ва ўкраінскім Роўне ў турме: яго маці была рэпрэсаваная як украінская нацыяналістка, а затым высланая ў Нарыльск. Дзяцінства Яраслаў правёў у дзеда ў вёсцы Корысць у Ровенскай вобласці. Музычную кар’еру пачаў у Днепрапятроўску, спяваючы ў рэстаране і паралельна працуючы на заводзе. Там жа пазнаёміўся з другой жонкай (першую кінуў, не пражыўшы і месяца), якая была беларуска, і пераехаў у Мінск.