На марафоне салідарнасці з беларускімі палітвязнямі «Нам не ўсё адно!» атрымалася сабраць больш як паўмільёны еўра. Арганізатары адзначаюць, што гэты вынік нашмат пераўзышоў іх самыя смелыя чаканні.
Акрамя таго, дыяспары ў розных краінах свету пацвердзілі, што старонка не перагорнутая, узаемападтрымка нікуды не падзелася, і беларусы здольныя мабілізавацца дзеля агульнай мэты. І гэта, безумоўна, натхняе.
Зрэшты, хапае і адмоўных рэакцый, абвінавачанняў у непразрыстасці збору, нараканняў на тое, як няшмат людзей далучыліся да марафону і якім нязначным у большасці быў памер данатаў...
«Салідарнасць» разам з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам паспрабавала ацаніць гэты вопыт: ці выпадае казаць пра марафон салідарнасці, як пра вяртанне ў 2020, альбо гэта новы ўздым, што грамадзянская супольнасць змагла пацвердзіць самой сабе, і чаму вынікі збору — далёка не толькі пра грошы.
Аляксандр Пашкевіч. Фота: "Салідарнасць"
— Гэтая сітуацыя паказала тое, што значная частка беларусаў, якія выехалі за мяжу, застаюцца ў беларускай павестцы. Яны сочаць за падзеямі ў краіне, чытаюць беларускім СМІ, глядзяць тэлеграм- і YouTube-каналы, і ў іх ёсць магчымасці мабілізацыі на пэўныя справы, якія падаюцца важнымі і дарэчнымі, — дзеліцца высновамі пасля марафону спадар Аляксандр. — Справа дапамогі палітвязням аказалася якраз такой — важнай і дарэчнай, яна выклікала такі эмацыйны ўздым, што цягам двух сутак ішла бесперапынная агульная плыня ахвяраванняў, і ў рэшце рэшт была сабраная дастаткова салідная сума.
Нягледзячы на тры гады рэпрэсій, стомленасць і расчараванні, у беларусаў застаецца такі стрыжань, касцяк, які паказвае: грамадства можа ў пэўны момант, калі зноў адкрыецца вакно магчымасцяў, зрэагаваць на гэты імпульс.
— Многія казалі, што адчулі вяртанне ў 2020-ы. У вас быў такі флэшбэк, ці цяперашняя хваля салідарнасці — ужо новы трэнд?
— Не думаю, што гаворка пра нешта прынцыпова новае. Гэта якраз тыя праявы салідарнасці, якія пачалі абуджацца яшчэ і да 2020 года, калі ладзіліся краўдфандынгі, рабіліся сумесныя акцыі. Мы памятаем, што такім чынам можна было сабраць грошы, напрыклад, на культурныя праекты.
Пасля, у 2020 годзе, гэта праявілася найбольш яскрава, калі фактычна ў вельмі кароткі тэрмін можна было сабраць вялікія грошы на розныя мэты (так, увесну 2020 года на барацьбу з каранавірусам для віцебскіх шпіталяў за 5 дзён сабралі больш 34,5 тысяч рублёў; дзякуючы грамадскім арганізацыям без перабольшання ўсёй краінай збіралі сотні тысяч долараў для выратавання дзяцей з СМА; а ўлетку 2020-га было сабрана звыш 2 мільёнаў долараў на дапамогу беларусам, пацярпелым ад гвалту з боку рэжыму — «Салідарнасць».)
Убачыўшы небяспеку ў гэтай салідарнасці, рэжым усімі сіламі спрабаваў яе задушыць, — Аляксандр Пашкевіч згадвае, як, прыкладам, дапамога ў выплаце штрафаў крыміналізавалася ўладамі, як за данаты пачалі арыштоўваць на сумнеўных адносна патрабаванняў заканадаўства падставах, а тых, для каго збіралася дапамога, прэсінгаваць яшчэ больш.
— Улады ўсімі сіламі імкнуліся паказаць, што гэта не ўхваляецца і небяспечна, а таму не трэба данаціць, бо салідарнасць толькі шкодзіць, а не дапамагае. І ў пэўны час, мабыць, камусьці падалося, што гэта атрымалася. Што беларуская супольнасць дэфрагментаваная і большасць удалося схіліць да зыходу ў прыватнае жыццё, без увагі на тое, што адбываецца ў Беларусі.
Але анлайн-марафон пацвердзіў, што з гэтым акурат усё ў парадку. Людзі, быць можа, расчараваліся і зменшылі актыўнасць, але калі зноў ёсць нейкі імпульс, у які беларусы паверылі, то салідарнасць вяртаецца.
Марафон для мяне — паказчык таго, што нічога не скончылася. На эміграцыйным узроўні, дзякуючы сучасным сродкам камунікацыі, дзейнасці незалежных СМІ і блогераў, беларуская супольнасць захоўваецца, нягледзячы на тое, што яна падзеленая дзяржаўнымі межамі і раскіданая па ўсім свеце. І гэта ў пэўны момант дае плён. Захаванне патэнцыялу вельмі радуе і натхняе.
Чытайце яшчэ: «Усё далёка ня страчана». Лявон Вольскі пра веру ў людзей
— Арганізатары распавялі, што ўдзел у марафоне ўзялі амаль 11,4 тысячы чалавек. Для часткі беларусаў гэта стала расчараваннем: у інфармацыйных пухірах і «ябацькам», і прыхільнікам пераменаў падаецца, што менавіта яны — большасць, але выяўляецца, што дзейны актыў не такі і вялікі. Альбо не варта чапляцца да гэтых лічбаў, і з беларусамі ўсё нармальна?
— На маю думку, не варта завязвацца на гэтых лічбах. Да таго ж у чалавечым вымярэнні колькасць удзельнікаў, канешне, большая, бо шмат данатаў было ад сем’яў, і за адным рахункам, з якога ішоў данат, стаялі некалькі чалавек.
Але нават не гэта галоўнае.
Рэч у тым, што не існуе такой «усенароднай падтрымкі», каб усе пагалоўна падтрымлівалі пэўную ідэю і выконвалі пэўнае дзеянне. І масавыя пратэсты, і ініцыятывы па збору сродкаў рухае актыўная частка, якая звычайна не складае 100% ці іншы вялікі працэнт у межах усяго грамадства. Але гэта той актыў, які можа мабілізавацца і пачаць дзейнічаць.
Прыкладам, калі ў Беларусі ці ў іншых краінах адбываліся масавыя пратэсты і на плошчу выйшла 500 тысяч ці нават мільён чалавек, а насельніцтва краіны ў дзясяткі разоў большае — гэта мала ці многа? На плошчы — шмат, а ў працэнтах ад агульнай колькасці як быццам і мала. І калі займацца самаедствам, мець настрой на песімізм, натуральна, заўсёды можна знайсці для яго падставы.
Але насамрэч нават 10 тысяч актыўных людзей, якія не проста маральна падтрымліваюць, а вырашылі дапамагчы чынна — гэта нямала. Асабліва з улікам, што далёка не кожны з беларусаў у эміграцыі мае магчымасць выдаткаваць з бюджэту значную суму, і чапляцца да «сярэдняй лічбы данату» недарэчна. Нават 50 еўра — для многіх немалая сума.
І галоўная задача — не ў тым, каб ты аддаў усё, што ў цябе ёсць, а ў тым, каб уліцца ў агульную плыню і дапамагчы. Таму я не лічу падобныя крытычныя нараканні слушнымі, яны не павінны нас засмучаць і кідаць у паняверку.
Трэба ўлічваць, што гэта не быў нейкі імпульсіўны ўздым — нібыта Украіна перамагае, Расія «сыплецца», і ў нас у краіне таксама адбываюцца нейкія браджэнні, таму на эмацыйнай хвалі ўсе дзейнічаюць.
Якраз не, цяпер рэпрэсіі стабільна працягваюцца, у краіне і вакол як нічога рэзка не змянілася — і тое, што ў гэтых умовах пазітыўны ўздым быў дасягнуты, на мой погляд, вынік намаганняў беларускіх структур, медыяў, ініцыятыў за мяжой. Мы бачым, што ёсць інструменты для гуртавання грамадзянскай супольнасці.