Аляксандр Пракапенка – народны футбаліст

11.11.2016 Спорт

Гэта будзе незвычайны аповяд пра жыццё і дзейнасць аднаго з самых яркіх футбалістаў сучаснасці – Аляксандра Пракапенкі. Прычым гаворка ідзе не толькі пра Беларусь. Гэтаму простаму бабруйскаму хлопцу у васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя ва ўсім СССР не было роўных па таленту і майстэрству. Ён стаў чэмпіёнам Савецкага Саюза, а таксама бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў.

Аляксандр Пракапенка

У той час поўныя стадыёны збіралі супергульні: “ЦСКА” – “Спартак”, “Дынама” (Кіеў) – “Дынама” (Масква), “Арарат” – “Нефтчы”. Але былі ў тыя часы гульцы якія маглі сабраць цэлы стадыён практычна ў адзіночку. Гэта былі беларус Пракапенка, масквіч Чаранкоў, армянін Аганесян.

Іх любілі ў Баку, Кутаісі, Алма-Аце, Ленінградзе, Растове-на Доне і Краснадары.

Яны былі зоркамі ў самым прамым разуменні. Іх любіў просты народ. За сумленнасць і шчырасьць, тэхніку і майстэрства, усмешку на тварах і лагоднасць. Заўзятар гатовы быў гадзінамі абмяркоўваць любое дзеянне свайго ўлюбёнца.

Шкада, што Пракапенка нарадзіўся не ў наш час. Цяпер яго фінты збіралі б тысячы праглядаў на Youtube, а забітыя мячы не схадзілі б з экранаў ўсіх папулярных тэлеканалаў і інтэрнэт-рэсурсаў, прозвішча яго скандавалі б часцей, чым самога Месі.

Ён ствараў. Для ўсіх шэдэўр быў дзівам. Для яго штодзённасцю. Пракапенка не ўмеў гуляць спусціўшы рукавы, ня аддаючыся гульні да апошняга ўздыху. Там, дзе было занадта проста – ускладняў і размалёўваў ярка, прыгожа, каб вока было не адарваць. Гэта трэба сапраўднаму гледачу. Народ не правядзеш – ён ходзіць не толькі на спектаклі – на асобы. Аляксандр быў адным з такіх прыкладаў.

Шкада, але паўтору ўжо не будзе ніколі. Жыццё нашага “Сашкі”, “Пракопа”, “Чараўніка футбола” абарвалася ў самым сярэдзіне шляху. Скончылася трагічна. У адну секунду. Быў чалавек. І вось ужо няма …

У Беларусі быў свой Пеле, Марадона і Месі ў адным твары. Мы раскажам, а самае галоўнае пакажам і юным і больш старэйшым пакаленням беларусаў неверагодную гісторыю Асобы, якая вельмі шмат чаго дамоглася, і якой мы беларусы можам з поўным правам ганарыцца.

У кнізе і падрыхтоўцы фільма прымуць удзел родныя і блізкія спартсмена, суперзоркі спорту і эстрады, кіраўнікі розных галін і замежныя госці.

Чытач і глядач на свае вочы ўбачыць унікальныя кадры перамог і здзяйсненняў Вялікага матчу. Зможа азнаёміцца з унікальнымі падшыўкамі старых публікацый і кінахронікі. Многія апавяданні і кінакадры ўнікальныя і адзінкавыя.

Немалаважна, што адзін з аўтараў праекта – Зміцер Пракапенка – родны сын нашага героя.

19 лістапада 2016 года запланаваны дабрачынны матч паміж ветэранамі мінскага “Дынама” і зоркамі беларускай эстрады “Арт-Старс”. Усе сабраныя сродкі пойдуць на гэты праект. Тут больш інфармацыі.

Кніга і фільм будуць спачатку бясплатна распаўсюджаныя ў ДЮСШ, сярэдніх школах, футбольных клубах, музеях. Пробны тыраж – 2500 асобнікаў.