Першыя прадстаўнікі Беларусі на “Эўравізіі” запісалі чацьверты студыйны альбом за 15 гадоў існаваньня і засьведчылі, што толькі яны ў гэтай краіне здольныя спалучыць беларускі фольк, амэрыканскае кантры і рускае дыска. Эклектычны альбом “М1” — узор годнага кампрамісу ў нашай музыцы.
Дуэт “Аляксандра і Канстанцін” запісаў выдатны альбом лёгкай музыкі. Такой якраз і мусіць быць беларуская поп-песьня. З прысмакам фольку і з павевамі джазу і блюзу. З прыгожым пазнавальным жаночым вакалам недзе паміж Інай Жэланнай і Далорэс О’Рыярдан. Добра прадуманай аранжыроўкай і багатым жывым інструмэнтарыем. Зь няпошлым і недурным тэкстам. Сьціпла і з густам аздоблены.
“АіК” на гэтым дыску пакрысе выблытваюцца з таго вобразу фольк-дэкор калектыву, які іх ўжо пачаў прыціскаць. Прынамсі, яны больш не бяруцца выконваць тэксты, што набілі аскому — накшталт “Саўкі ды Грышкі”. Стаўка ў альбоме зробленая на аўтарскі матэрыял, хоць ад народных песень музыкі вырашылі цалкам не адмаўляцца. Што праўда, тэксты ў Аляксандры пішуцца па-расейску, і на гэтым полі дуэт губляе сваю адметнасьць, хоць самі песьні правальнымі не назавеш. Дыск, як і папярэдні сынгл “Масьленіца”, канцэптуальна распадаецца на тры блёкі — беларускі фольк, расейскі поп ды інструмэнтал. Плюс Аляксандра сьведчыць, што яна і па-ангельску някепска пяе (вельмі годны нумар “A Song In Excess” створаны пад “Эўравізію”). Пры гэтым праграму не назавеш няўдалай, бо у кожным з гэтых блёкаў ёсць яркія нумары. Сярод някепскіх народных кампазыцый вылучаецца прыгожая і шматслойная “Садзіку-вінаградзіку”. З расейшчыны — шыкоўная “Тайна”. Абсалютны посьпех альбому — боса-нова “Коцікі вярбовыя” на музыку Карызны-малодшага і словы Карызны-старэйшага. Так салодка класьці словы на музыку на сучаснай беларускай сцэне выходзіла хіба ў Алеся Камоцкага ў альбоме “9”.
Майстры ў справе напісаньня шчымлівых поп-балядаў і бадзёрых фольк-трэкаў, “АіК” сьведчаць на “М1”, што яны могуць калі ня ўсё, то шмат чаго, і сапраўды зьяўляюцца артыстамі эўрапейскага ўзроўню зь вельмі разнастайным рэпертуарам. І яны цалкам здольныя прымусіць словазлучэньне “беларуская поп-музыка” гучаць годна.
Ідэя: 8
Выкананьне: 10
Тэксты: 8
Запіс: 8
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін