Аляксандру Фядуту — 60. Юбілей ён сустракае за кратамі

Палітолаг і літаратаруразнаўца Аляксандр Фядута ўжо чацвёрты Дзень нараджэння сустракае за кратамі.


Аляксандр Фядута знаходзіцца ў зняволенні з красавіка 2021 года. Яму прысудзілі 10 гадоў калоніі.


fiaduta-7nh2o.jpg

Паэт Андрэй Хадановіч апублікаваў  верш, прысвечаны Аляксандру Фядуту – і многім яшчэ.

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на воліў ціхі вечар, яшчэ да Калядаў.
З парку горкага пекла – ня шчэрыцца болей
трыдзявятае кола агляду.

Новым імем віталі б знаёмую плошчу
на шляху да знаёмага бара.
Вашым жартам і сьмеху наперад зайздрошчу,
бо ўсьміхацца зноў будзе да твару.

За сталом бы прасьветленым сейбітам
шчодра сыпалі мудрасьць і веліч.
Анэкдот заплятаўся ў эсэй бы там…
Цар-царэвіч… пароль Караткевіч…

А на плошчы, падобнай да Плошчы Свабоды,
новым вершам, падобным да верша,
прасьпявалі б усё, чаго праглі заўсёды, –
што яшчэ прасьпяваем…

Цяпер жа –
лістапад замятае паштовыя скрыні,
ліст заблытаўся ў павуціне…
Дождж на вейках, над скронямі леташні іней…
Я пішу затрыманай краіне.