Пакуль у краіне ідуць уборачная і перадвыбарчая кампаніі, электарат смакуе апошнія падзеі і актыўна сочыць за разбэшчанасцю і падзеннем нораваў сучаснай моладзі і не толькі моладзі. Балазе, інфармагенцтвы штодня рапартуюць і малююць найяскравейшую карціну ўсіх апошніх падзей, чутак, плётак, скандалаў, злачынстваў і г. д. На парталах навінаў я даўно не чытаю артыкулаў, мне дастаткова кідкіх доўгіх загалоўкаў, якія ўтрымліваюць вычарпальную інфармацыю. Самае займальнае пасля — праглядаць каментары, якімі шчодра дзеляцца неабыякавыя грамадзяне.
Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца гучныя судовыя працэсы. Цяпер з такіх справаў робяць сапраўдныя серыялы — ледзь не штотыдзень з’яўляюцца новыя і новыя падрабязнасці той ці іншай рэзананснай справы. Такіх частак-серый можа налічвацца да некалькіх дзясяткаў. Самы высокі адсотак допісаў назіраецца пасля серыі з назвай кшталту “Суд Н-скага раёна г. Мінска прыгаварыў забойцу шарпея да трох гадоў пазбаўлення волі”. Тады колькасць каментаў узрастае да 300-400 на дзень. На жаль, большасць з іх маюць сцёбна-абвінаваўчы характар. Калі сур’ёзна — сумна, што так адбываецца. Многія па завядзёнцы, як за савецкім часам на партыйным сходзе, не спрабуюць разабрацца ў праблеме і не задумваюцца над прычынамі таго, што здарылася, а наўпрост рубяць — ухваляйма або асуджайма. Для нагляднасці некалькі прыкладаў.
Мяркую, усе чулі пра трагедыю, якая здарылася ўвесну гэтага года ў сталічным мікрараёне Сухарава. Нагадаю, што 27 сакавіка у адным са шматпавярховікаў на вул. Янкоўскага знайшлі цела васьмімесячнай дзяўчынкі, якая праз сваю нядбайную маці загінула, бо яе пакусаў галодны хаскі, якога жанчына не карміла каля сутак, як, між іншым, і дачку. Вырак суда — тры гады зняволення. Допісы пад артыкулам на 90% складаліся з двух словаў — мала далі. Народ у абурэнні! Масы хочуць мяса. Як так! Ды яна ж увогуле не чалавек! Алкагалічка, прасталытка! Як такіх зямля носіць! І г. д. і да т. п. Аўдыторыя расчараваная. Пажыццёвае ёй! Шмара, сінюга! І зноў сліна папалам з чорнай жоўцю запырскала экраны камп’ютараў і тэлевізараў.
Вядома, сітуацыя дзікая і недарэчная. Але калі паглядзець на гэта з іншага ракурсу… Кім маладая жанчына выйдзе з турмы? Жорсткай, агрэсіўнай зэчкай. Наўрад ці перавыхаваным і паслухмяным членам грамадства. Турма не выхоўвае і не перавыхоўвае! Яна калечыць псіхіку і слабых робіць слабейшымі, калі тыя, вядома ж, дажываюць да канца тэрміну, а раззлаваных — яшчэ зласнейшымі. Каму добра з таго, што безадказная маці адцягне гэтыя тры гады? Дзецям, з якімі няясна што адбудзецца і з кім яны застануцца? Бацьку і бабулі асуджанай, якіх ганяць і тыцкаюць пальцам? Абвінавачанай, якая, на маю думку, ужо пакараная за сваю нядбайнасць?
Безумоўна, згодна з заканадаўствам, маці нясе адказнасць за дзіця. Не спрабую апраўдваць яе і не буду спрачацца, што яна вінаватая, але дзіця не вернеш, і, паўтаруся, каму лепш? На маю думку, такіх людзей, як Кацярына, трэба накіроўваць на папраўчыя работы, на перавыхаванне ў якую-небудзь іншую ўстанову, але аніяк не ў турму, бо яшчэ адзін чалавек будзе страчаны для грамадства назаўсёды. А грамадству ўсё адно. Злачынца павінен сядзець у вязніцы! І кропка.
Другі прыклад таксама пра бацькоў і дзяцей. Дакладней, пра вельмі маладую маму са Светлагорскага раёна. Не магу стрымацца, каб не прывесці каментар, які рыхтык перадае сутнасць праблемы. “Дзеці нараджаюць дзяцей”. Караценька гэта выглядае так: 14-гадовая дзяўчына з вёскі стала маці. 28-гадовага бацьку пасадзілі, але праз пару месяцаў выпусцілі. Пасля касацыйнай скаргі. Большасць каментатараў схіляецца да таго, што жахліва нараджаць у такім узросце і вінаватая ва ўсім маці, якая няправільна выхоўвала дачку. І, канечне ж, ганьба, ганьба ўсім і сорам. Яшчэ палова сцвярджае, што педафілія ў Беларусі квітнее. Што тут можна сказаць? Калі я вучыўся ў шостым класе, адна дзяўчына з паралелі зацяжарала і таксама нарадзіла ў 14 ці нават у 13, дакладна не памятаю. Вядома, што бацьку ніхто не бачыў і не чуў пра яго. Праз некаторы час маці-небарака збегла на нейкую пагулянку і вярнулася праз некалькі дзён. Думаю, зразумела, што дзіця памерла з голаду. Што сталася далей — не ведаю. Напэўна, таксама пасадзілі. У дзявятым класе ў нашай школе дзве ці тры дзяўчыны не здавалі экзамены, бо знаходзіліся ў радзільным аддзяленні. У дзясяты клас яны пасля не пайшлі. Такіх гісторыяў на перыферыі — процьма. Я не хачу сказаць, што гэта норма, але гэта ёсць, і вінаватыя ў гэтым не толькі бацькі.
Пакінем убаку маральныя якасці дзвюх мацярок і бацькі — і больш за палову каментароў выпарыцца. Дзіця нарадзілася — добра. Што сказаць? Назад не ўвапхнеш. Страшней, калі бацька хаваецца і любымі сродкамі намагаецца не плаціць аліменты. У дадзеным выпадку мужчына не адмаўляецца ад бацькоўства, не бегае ад адказнасці, працуе і яшчэ аліменты плаціць. Што ж тут кепскага?
За наступную і апошнюю на сёння гісторыю мяне, напэўна, паб’юць, але яна вельмі наглядна дэманструе комплексы і стэрэатыпы, якія ўсё яшчэ жывуць у нашым грамадстве. Нядаўна вынеслі прысуд маладому чалавеку за ненаўмыснае забойства другога маладога чалавека. Здавалася б, усё шарагова, нічога асаблівага. Але той факт, што памерлы ад шматлікіх траўмаў у лякарні мужчына быў геем, адразу кардынальна змяніў справу, і ахвочых абмеркаваць гэтае здарэнне адразу паболела. Як ні прыкра, але шмат каментароў мелі наступны змест: так яму і трэба. Підарас. Няма чаго нармальным пацанам перашкаджаць.
То бок у вачах большасці злачынца паўстае абсалютна нармальным, “адэкватным мужыком”, які паказаў підару ягонае месца. Нябожчык нават пасля смерці выглядае больш вінаватым, чым забойца. Невялічкі працэнт каментатараў сцвярджае, што гомасэксуалізм — гэта хвароба і трэба такіх людзей ізаляваць. І хіба адзінкі шчыра пашкадавалі памерлага, бо ён перадусім чалавек, грамадзянін, і, можа, не найгоршы ў параўнанні з некаторымі, але гэта ўжо іншая гісторыя.
Падсумоўваючы апісаныя гісторыі, напрошваецца наступная выснова. Нашае грамадства дасюль мысліць па-старому і вельмі абмежавана. Геі — кепска, ізаляваць. Малалеткам нараджаць забараніць, стэрылізаваць, штраф бацькам і ўсеагульная ганьба. Нядбайную маці — укрыжаваць! Пажыццёвае! Як мінімум. Сумна, што за дваццаць пяць год незалежнасці мы не пазбавіліся перажыткаў мінулага і бачым падзеі, якія адбываюцца ў нашым жыцці, альбо белымі, альбо чорнымі. І tertium non datur. Але так быць не можа. Хацелася б прапанаваць у такі цяжкі для нас час паглядзець на сябе і на людзей навокал. Пад крыху іншым вуглом паглядзець, нават, я сказаў бы, прыгледзецца. І зразумець, што ўсе мы розныя. Гэта відавочная ісціна, на якую многія забываюцца. І перш чым сесці за камп’ютар і скляпаць які-небудзь з’едлівы каментар, добра было б дачытаць артыкул да канца і паставіць сябе на месца таго ці іншага чалавека. Тады, можа, і неабходнасць пісаць адпадзе.
Алесь Шыловіч