Амбівалентнасць рэвалюцыі

Як можа на постсавецкай прасторы спалучацца сакралізацыя бальшавіцкай і кубінскай рэвалюцыі з дэманізацыяй грузінскай і украінскай? Згодна афіцыйнаму дыскурсу, рэвалюцыя гэта ўсё ж «добра» ці «дрэнна»? Пісьменнік Кірыл Стаселька разглядае  галоўны парадокс рэвалюцыі.


revolution_Staselka2.png

Канцэпцыя рэвалюцыі неадназначная і тым досыць цікавая. Варта вымавіць слова «рэвалюцыя», як узнікае кагнітыўны дысананс, які з тым ці іншым поспехам удасца пераадолець толькі тады, калі дадаткова задамо кантэкст, калі вызначымся, пра якую менавіта рэвалюцыю ідзе гаворка. Інакш, нібы нават падсвядомасць не можа задаць пазітыўную або негатыўную танальнасць.

Мабыць, у большасці выпадкаў катэгорыі працуюць так, што адразу маркіруюцца, вызначаюцца і ўпісваюцца ў схему каардынатаў «добра-дрэнна». «Мярзотнік» — дрэнна, «аварыя» — дрэнна, «геній» — добра, «памылка» — дрэнна і гэтак далей. Безумоўна, маюцца і тыя, што прадугледжваюць знаходжанне па-за межамі падобнай схемы каардынатаў. Іншая справа ў выпадку рэвалюцыі. І чым менш прайшло часу ад «перамогі рэвалюцыі», тым больш востры дысананс.

Ці гаворым мы пра Амерыканскую рэвалюцыю, Вялікую французскую, Кастрычніцкую, Кубінскую або іншую, пострэвалюцыйны дыскурс фармуецца падобным чынам. Усе рэвалюцыі, што адбыліся, добрыя па-свойму, усе патэнцыйныя — аднолькава непрымальныя. У пострэвалюцыйным дыскурсе рэвалюцыя існуе заўсёды ў мінулым, але ніколі ў будучыні; любая патэнцыйная рэвалюцыя падаецца як контррэвалюцыя.

Тым, хто нарадзіўся і гадаваўся у Савецкім саюзе ці на постсавецкай прасторы, амбівалентнасць канцэпцыі асабліва знаёмая. З аднаго боку, бальшавіцкая рэвалюцыя як адзін з найвялікшых ідэалаў і каштоўнасцяў, што знаходзіцца на п’едэстале так высока, што засланяе і чалавека, і Бога, і ўсё астатняе. Сумневаў у значэнні і характары ўспрымання якой не павінна ўзнікнуць ані ў сучаснікаў, ані ў нашчадкаў. Яе адлюстравалі ў назвах, мемарыялах, пантэоне герояў, памятных датаў і гэтак далей. Рэвалюцыя сакралізуецца, гэта — абсалютная каштоўнасць і святыня. Але менавіта тая і толькі яна. З іншага боку, чарговая рэвалюцыя, у дадзеным дыскурсе — абсалютны грэх, злачынства, спробы і нават думкі пра якую варта жорстка спыняць. Наша рэвалюцыя — народная і ідэйная, іх — праплочаная замежнымі ўрадамі.

Як можа быць, што ў кантэксце бальшавіцкай (у дадзеным прыкладзе), рэвалюцыя — неабходная, вялікая, добрая, самая-самая і ўся гэтакая, але варта заікнуцца пра чарговую, то рэвалюцыя ператвараецца ў дрэннае, у монстра? Класічная рэвалюцыя кіруецца прынцыпамі і ідэаламі свабоды. Як можа быць, што ў прыярытэце мінулая, а будучая ў няміласці a priori? А, улічваючы, што ніколі не атрымліваецца дасягнуць ідэалу, лагічней было б асуджаць рэвалюцыю мінулага, і хваліць, спадзявацца на паспяховую спробу ў будучыні. Але мінулая рэвалюцыя спачывае на лаўрах і раздае ордэны. Рэвалюцыя ў будучыні патрабуе смяротнай рызыкі і адказнасці, у тым ліку, адказнасці за мінулае.

Рэвалюцыя стварае новую сістэму на руінах старой. Адпаведна яе сакралізацыя, напрыклад, бальшавікамі і іх палітычнымі нашчадкамі, лагічна ўбудоўваецца ў стратэгію легітымізацыі існуючай сістэмы і ўласнай пазіцыі ў яе іерархіі. Відавочна, што ў такім выпадку лаяльнасць да любой іншай рэвалюцыі раўнасільная самагубству. Часам не толькі палітычнаму, але часцей і літаральна фізічнаму.

Але з іншага боку, амбівалентнасць рэвалюцыі ўзнікае з прынцыпу яе непаўтаральнасці, што зразумела, бо яна з’яўляецца скрайняй мерай, апошнім рашэннем. Рэвалюцыя па сваёй канцэпцыі не мусіць быць цыклічнай. У ідэале грамадства не мусіць жыць падобнымі ўзрушэннямі, але імкнецца да раўнавагі. Бо навошта тая рэвалюцыя, пасля якой трэба будзе паўтараць яе зноў і зноў?! Гэта супярэчыць яе сутнасці. Ідэя ў тым, каб адбылася толькі адзіная рэвалюцыя, якая дазволіць дасягнуць і замацаваць тыя ўмовы, пры якіх рэвалюцыя больш непатрэбная ў прынцыпе.

Мабыць, сапраўдная рэвалюцыя — апошняя. Апошняя, бо яна рэалізуе ўласную сутнасць. У адваротным выпадку — гэта не рэвалюцыя, але пераварот па змене ўлады, механізм пераразмеркавання, а яе сакралізацыя — толькі ідэалагічны канструкт для зацвярджэння і ўмацавання ўлады. У больш ці менш шчасным, цывільным грамадстве ў рэвалюцыі няма патрэбы, бо маюцца і працуюць іншыя механізмы дасягнення мэтаў, рэалізацыі шырокага спектру задач і, што самае галоўнае, пераадолення канфліктаў і вырашэння праблемаў.


Кірыл Стаселька