Анастасія Віньнікава запісала «I Love Belarus» па-беларуску (mp3)

06.04.2011

Аўтары песьні «I Love Belarus», зь якой сьпявачка Анастасія Віньнікава выступіць на сёлетняй «Эўравізіі» прэзэнтуюць на «Тузіне Гітоў» беларускамоўны варыянт гэтага твору. Ён атрымаў назву «Мая Беларусь». «Мы мусім вырвацца з савецкага мінулага. Прысьпеў час стаць сапраўднымі і незалежнымі і палюбіць Сваё», — заклікае кампазытар Яўген Алейнік у сваёй прамове да песьні.

Шаноўныя сябры! Дзякуй вам за тое, што выяўляеце неабыякавасьць да нашай песьні «I Love Belarus». Я разумею, што для беларускага слухача тэма любові да Радзімы выклікае шмат пытаньняў. Ці шчыра вераць аўтары ў тое, пра што пiшуць? Чаму на «Эўравізіі» будзе гучаць песьня з такім нацыянальным калярытам?

Буду з вамі абсалютна шчыры. Я люблю сваю краіну, і заўжды марыў напiсаць для «Эўравізіі» менавіта такую сiльную нацыянальную песьню. Можна іранізаваць і крытыкаваць маю пазыцыю, аднак можна і задумацца. Кожнаму чалавеку падаецца, што ніхто іншы ня можа адчуваць і перажываць гэтак жа, як ён сам. Усім падаецца, што толькі ў яго засталіся ўспаміны пра бабульчыну вёску, пра вогнішча і начное неба, пра вандроўку да сяброў у іншы горад, пра сьвітанак пасьля выпускнога балю, пра першае спатканьне, пра першы пацалунак…

Але менавіта такія мілыя ўзгадкі аб’ядноўваюць нас. Гэта тыя ж лясы, дзе мы зьбіралі грыбы, адны і тыя ж сьвітанкі, адны і тыя ж сьнегапады, пад якім мы гралі ў сьнежкі. Гэта і ёсьць наша Радзіма — тое, што жыве ў нашым сэрцы. Прызнаюся, што мне самому падаюцца ня надта шчырымі шмат якія патрыятычныя сьпевы, аднак я захапляюся Мансэрат Кабалье, што пяе пра Барсэлёну, Алісіяй Кейс зь песьняй «New York State on Mind». Я вырас на творчасьці Рэя Чарлза, які пяе пра сваю «Georgia», Mamas and Papas зь песьняй «California Dreaming», Beatles, што прысьвяцілі вялікую частку сваёй творасьці роднаму Лівэрпулю, францускіх шансанье, што апяваюць рамантычны Парыж… Усе гэтыя песьні сталіся клясыкай сусьветнай музыкі шмат у чым праз тое, што людзі па ўсім сьвеце дазнаюцца каліўца добрага і сьветлага пра сваіх блізкіх і далёкіх суседзях. Чаму ж мы, беларусы, успрымаем «у штыкі» любую песьню пра Беларусь? Будзьце шчырымі самі з сабой, бо справа ня ў песьнях, і нават ня ў вершах. Справа ў нас саміх. Мы мусім вырвацца з савецкага мінулага, у якім нас усіх перакармілі патрыятызмам, мы мусім забыць на перабудовачныя часы, калі «Кола» ды «Сьнікерз» уяўлялі куды большую каштоўнасьць, чым гонар і годнасьць. Прысьпеў час стаць сапраўднымі і незалежнымі, палюбіць Сваё.

Я сачу за камэнтарамі да нашага кліпа і выдатна разумею ўсё, пра што кажуць людзі. Дзякуй за падтрымку — менавіта дзякуючы гэтаму мы зьмяняемся ў лепшы бок.

Сёньня на «Тузіне Гітоў» я хачу прадставіць беларускую вэрсію песьні «I Love Belarus» — «Мая Беларусь». І няхай кожны знойдзе ў ёй нешта сваё — можа гэта будзе мэлёдыя ці то прыгожая фраза ці проста пазытыўны настрой.

Вялiкi дзякуй Анастасii Вiньнiкавай за цудоўны вакал ды Юлii Быкавай за беларускi тэкст.

Дзякуй за вашу ўвагу.

Анастасія Віньнікава — Мая Беларусь (музыка — Яўген Алейнік, словы — Юлія Быкава).
Зьмяшчаецца са згоды аўтара.