Журналістка Кацярына Андрэева ў турме пачала пісаць вершы

Пра гэта распавёў яе муж, журналіст Ігар Ільяш у Facebook.


282029897_4999865393426460_5538108657371448074_n.jpg

«Звычайна яна просіць іх нікому не паказваць, але гэты я вырашыў усё ж апублікаваць. Верш быў напісаны яшчэ зімой» — кажа муж журналісткі.

282125520_4999867190092947_5739154070418275405_n.jpg

Над белым полем –

               Зімовым морам

У цішыні

               І сярод турбот

Над маім шчасцем

               І маім болем

Каторы месяц,

               Які ўжо год

Ляціць, трымціць,

              Нявымоўна ззяе

На чорнай коўдры

              Родных нябёс

Мая самотная

               І нямая

Мая адзіная

              Зорка-лёс.

Я ёй малюся, яе

               Баюся

Яе спрабую

               Не заўважаць.

А прыйдзе час –

               Назаўжды спынюся

Пад зорным позіркам

               Спачываць.

Пакуль блукаю

              Глухою сцежкай

Дзе звер пакінуў

              Свае сляды

Ужо не страшна,

              Ужо не смешна

Ужо ніякай

               Няма бяды

У тым што сціхлі

               Навокал песні

А замест песняў –

               Хрусцяць хрыбты.

У любым краі,

                Дзе на прадвесні

У вакно астрогу

                Мне ззяеш Ты.

Журналістка Кацярына Андрэева была асуджана на 2 гады калоніі за стрым, які яна вяла разам з калегай, аператаркай Дар’яй Чульцовай з мінскай «Плошчы Перамен» у лістападзе 2020-га пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Кацярына знаходзіцца ў калоніі ўжо 16 месяцаў. Учора стала вядома, што ёй было прад’яўлена новае абвінавачванне — па артыкуле «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356). Цяпер ёй пагражае да 15 гадоў зняволення.