Раней у ПК-4 Кацярына знаходзілася з траўня 2021-га па люты 2022 году, калі КДБ распачаў супраць яе новую крымінальную справу. Пра гэта паведаміў яе муж Ігар Ільяш.
Цяпер лісты, паштоўкі і тэлеграмы можна дасылаць па адрасе: Папраўчая калонія № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна 3. Кацярына Андрэеўна Бахвалава.
Як будзе цяпер даходзіць карэспандэнцыя — пытанне адкрытае. Пакуль Каця знаходзілася ў СІЗА, да яе прапускалі лісты выключна ад сваякоў. Але і ў такіх умовах атрымлівалася часам перадаваць ёй словы падтрымкі і салідарнасці ад сяброў, калегаў і проста неабыякавых людзей.
Незадоўга да этапавання ў калонію Каця прасіла ўсім перадаць, што шчыра ўдзячная кожнаму, хто не забывае палітвязняў. Дзякуючы гэтаму, яна адчувае, што ўсё дакладна было недарэмна. Каця сказала, што ўсіх моцна абдымае і дасылае праменьчык усмешкі з-за кратаў.