Інсталяцыя #FramedinBelarus аб’яднала 681 вышыўку — амаль поўны архіў знакамітага міжнароднага праекта, ініцыяванага беларуска-чэшскай мастачкай Руфінай Базловай. У зале Нацыянальнай галерэі ў Празе выбудавалі гіганцкую канструкцыю, якая нагадвае вельмі высокі пакой вышынёй пад сем метраў, сцены якога цалкам занятыя вышыўкамі розных памераў, піша reform.news.

Інсталяцыя #FramedinBelarus. Біенале Matter of Art. Нацыянальная галерэя. Прага. Фота: Ян Грамадка
#FramedinBelarus – праект калектыўны, у ім валанцёры з розных краін вышывалі гісторыі беларускіх палітзняволеных паводле эскізаў Руфіны Базловай. Мастачка перапрацоўвала гісторыі беларускіх палітзняволеных у схему для вышыўкі: у цэнтры змяшчала фігуру палітвязня, імя, прозвішча і візуальны аповед пра тое, чаму чалавек знаходзіцца ў турме.
Цяпер вышытыя працы сабралі разам у выглядзе вялізнай мазаікі.

Інсталяцыя #FramedinBelarus. Біенале Matter of Art. Нацыянальная галерэя. Прага. Фота: Ян Грамадка
Руфіна Базлова расказала нашаму выданню, што паказаць праект у сценах Нацыянальнай галерэі ў Празе ёй прапанавалі куратары біенале «Matter of Art». «Яны хацелі паказаць маштаб праекта, усе вышыўкі. І гэта ідэя стала магчымай дзякуючы ArtPower Belarus», — патлумачыла мастачка.

Інсталяцыя #FramedinBelarus. Біенале Matter of Art. Нацыянальная галерэя. Прага. Фота: Ян Грамадка
«Усе сцены вялікага пакоя мы запоўнілі вышыўкамі. Сама прастора клаўстрафобная як турэмная камера, і чалавек нібы фізічна ўваходзіць ў гэтую тэму, у гісторыі палітзняволеных, — расказвае пра канцэпт Руфіна.
Уражанні ў наведнікаў былі моцнымі да дрыжыкаў, яны казалі, што адчуваюць сябе вельмі маленькімі, таму што прастора закрытая, выцягнутая ўверх.
Калі ўнізе сцен вышыўкі можна разгледзець і гісторыі можна прачытаць, то вышэй дэталяў не відаць, і гледачоў уражвала, колькі гэтых вышывак, колькі гэтых лёсаў, сабраных у адной прасторы».

Інсталяцыя #FramedinBelarus. Біенале Matter of Art. Нацыянальная галерэя. Прага. Фота: Ян Грамадка
Такі маштаб дазваляе гледачу амаль фізічна адчуць аб’ём рэпрэсій. Непасрэдна на выставе праз QR-код можна зайсці на вэб-сайт, у анлайн-галерэю, дзе прадстаўлена больш за 380 вышытых сведчанняў разам з гісторыямі іх аўтараў. Паступова галерэя будзе папаўняцца новымі працамі і матэрыяламі, ствараючы адкрыты архіў калектыўнай памяці.

Інсталяцыя #FramedinBelarus. Біенале Matter of Art. Нацыянальная галерэя. Прага. Фота: Ян Грамадка
«Гэта выстава вельмі важная для мяне, таму што ўпершыню атрымалася з’яднаць усе працы разам, а таксама – патэсціць новы фармат. Бо артэфакты ўжо сабраныя, і я планую далей іх паказваць у розных праектах і праз розныя фарматы, — расказвае Руфіна Базлова. — Таксама для мяне важна, каб гэтыя працы прамаўлялі да людзей, то-бок былі паказаныя, і так атрымалася, што амаль кожная вышыўка, акрамя тых, што яшчэ не былі дасланыя, была паказаная. Кожная!».

Інсталяцыя #FramedinBelarus. Біенале Matter of Art. Нацыянальная галерэя. Прага. Фота: Ян Грамадка
На выставе гледачоў уражваў маштаб працы — як каманды праекта, так і той вялікай колькасці людзей, якія вышывалі гэтыя гісторыі. І канешне – колькасць палітвязняў.

Інсталяцыя #FramedinBelarus. Біенале Matter of Art. Нацыянальная галерэя. Прага. Фота: Ян Грамадка
На адкрыццё прыехала шмат удзельнікаў і ўдзельніц праекту #FramedinBelarus, некаторыя дабіраліся з іншых краін. А таксама, згадвае Руфіна Базлова, прыйшла Святлана Ціханоўская, якія стала своеасаблівым гідам для міністра культуры Чэхіі Ота Клемпіржа, распавядаючы яму і пра праект, у якім яна добра абазнаная, і пра гісторыі палітвязняў.
У біенале Matter of Art таксама ўдзельнічае і беларускі мастак Глеб Аманкулаў.

Руфіна Базлова на біенале Matter of Art. Нацыянальная галерэя. Прага. Фота: Ян Грамадка
Чацвёртая эдыцыя Біенале «Matter of Art» пад назвай «Неабходныя жаданні» будзе праходзіць па 13 верасня 2026 года. Куратарская канцэпцыя біенале з’яўляецца вынікам калектыўнай працы каманды гэтага года, якая складаецца з Францішка Фекетэ, Якуба Гаўкоўскага і Яраславы Таманавай. У гэтай канцэпцыі мастацтва разглядаецца як жыццёвая неабходнасць — нешта непазбежнае і ўкаранёнае ў структуры паўсядзённага жыцця.

Інсталяцыя #FramedinBelarus. Біенале Matter of Art. Нацыянальная галерэя. Прага. Фота: Руфіна Базлова
Біенале разглядае мастацкую форму як сродак выказвання салідарнасці і спагады, як носьбіта, пасярэдніка і інструмент для ўмацавання супольнасцяў і для надання голасу тым, каго спрабуюць заглушыць.