Цвік, каторы заўсёды з табою
Вось вам цвік у кардыяграме – Джамалунгма, якою лякаюць любое сэрца,
тое, што Юстас у радыёграме Алексу перадаў, перахітрыўшы немцаў.
Вось ты ўжо і думаеш, чытач, недакладны рытм, і кудысьці рыфма
саскачыла, можа і ненадоўга, такі сабе гераіншчык з надзеямі.
А, ведаеш, чытач, мне похер, бо тут і цяпер будзе ня баю-бай,
але сапраўдны мужчынскі верлібр з яйцамі, будзе, карацей, за што патрымацца.
Вось таму я і пачаў пра цвік. Ён быў напраўду стары,
не таму што іржавы, а таму, што каваны, даўгі, квадратны.
Я знайшоў яго на апошняй пляцоўцы, на высакосьці ў вежы
кляштара францысканцаў\бенедыктынцаў\селізіянцаў
у вёсцы Друя.
А побач з цвіком, вялікім, каваным ляжала галава анёла,
уся ў пыле. Яна была з мурмару і без вачэй у вачніцах.
А як я здагадаўся, што гэта была галава менавіта анёла?
ну, па-першае, я быў у кляштары францысканцаў\бенедыктынцаў\селезіянцаў
у самае высакосьці вежы –
хто б сюды яшчэ заляцеў.
Па-другое, цела з крыламі – хаця якое ў анёлаў цела? –
ляжала побач. І вось я ўзяў цвік у правіцу, а галаву – у левіцу.
І вырашаў, што лепш скрасьці – галаву або цвік?
І як не патрапіць зь імі на вочы францысканцам\бенедыктынцам\селезіянцам?
А пасьля проста кінуў галаву назад у пыл, а цвік
засунуў за пас. І нармальна сабе даехаў дадому.
І, можа, ніколі ў жыцці больш не бачыў францысканцаў\бенедыктынцаў\селезіянцаў.
А пасьля гэты цвік кудысьці зьнік. Можа, на ім і цяпер
вісіць адзін з партрэтаў у маім пакоі: Крапіва Кандрат, Кардынал Казімір, Кардынале Клаўдыя.
І я магу нават зладжваць сапраўдны лахатрон –
хутка перавешваць гэтыя партрэты і спрачацца на ўсе мае ганарары,
што ніводзін лох не здагадаецца, які партрэт вісіць на цвіку старым, каваным, скрадзеным.
Напраўду, я ня ведаю, куды гэты цвік падзеўся.
Ня будзем паглыбляцца ў тэму рабаўніцтва, закону, маралі, бля,
скажу табе, чытач, проста: разам з гэтым цвіком з майго жыцця
знікла жанчына, якую я кахаў.
І я ня ведаю, куды яна падзелася.
Можа, яна і прыхапіла гэты цвік, стары, каваны.
___________
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
Пра аўтара:
Андрэй Адамовіч нарадзіўся 23 лютага 1984 года ў Мінску. Скончыў Беларускі Калегіюм (2005) і журфак БДУ. Па размеркаванні быў накіраваны ў Віцебск, дзе два гады працаваў у абласной газеце. Пасля адпрацоўкі вярнуўся ў Мінск.
P.S.