• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
13.10.2017 | Асоба

Андрэй Дундукоў: «Методыку бою падказваюць гены»

Краіна пачула імя Андрэя Дундукова, выдатніка МНС, турыста-экстрэмала і бацькі маладой сям’і, у кантэксце «Справы патрыётаў». Чым Андрэй жыве і цікавіцца пасля выхаду з СІЗА? Пра рэканструкцыю, гісторыю і «агентаў Расіі» ў беларускім войску чытайце ў нашым матэрыяле.

Пасля вызвалення

Пасля вызвалення

Мы працягваем серыю інтэрв’ю з фігурантамі нашумелай «Справы патрыётаў», у якіх гаворым не пра палітыку альбо абставіны справы, але спрабуем раскрыць гісторыі гэтых людзей, паказаць як чалавечыя якасці, так і жыццёвыя прыярытэты ды бачанне будучыні хлопцамі, да прозвішчаў якіх ужо стала дадаецца прыдомак: «патрыёт».

Андрэй заўсёды лічыў, што яго жыццё будзе шчыльна звязанае з войскам, таму спрабаваў у маладосці паступіць у Вайсковую акадэмію, але лёс склаўся па-іншаму. Паводле Дундукова, кожны генерал мае пабыць салдатам, а не пачынаць кар’еру адразу з лейтэнанта, таму і пайшоў на тэрміновую службу — у ПДВ, то бок дэсант. З 2011 года стала працуе ў МНС, ратуючы людзей.

Пры гэтым, як і кожны з фігурантаў справы, Андрэй мае багата зацікаўленасцяў, да некаторых з якіх вярнуўся толькі пасля выхаду з СІЗА…

«У клуб запрасіў знаёмы»

— Як ты прыйшоў да рэканструктарскага руху: толькі зараз ці ёсць перадгісторыя?

— Я займаўся рэканструкцыяй на пачатку 2000-х гадоў, быў удзельнікам бабруйскіх клубаў, але, на жаль, па розных прычынах тады не склалася. Зараз жа так атрымалася, што адзін з маіх старых знаёмых — Юрась Усціновіч — дапамагаў сям’і, пакуль я быў у СІЗА, а па выхадзе мы пачалі больш шчыльна сябраваць.

Гэта вельмі вядомы чалавек у руху, які гэтым займаецца ад пачатку 90-х. Можна сказаць, што ён мяне і ўцягнуў у рэканструктарскі рух, хоць само слова «рэканструкцыя» ён не вельмі любіць — лепш казаць «стылізацыя», але гэта нюансы.

— Для цябе рэканструкцыя — гэта адпачынак, хобі, магчымасць падзарабіць?..

— Хутчэй, хобі, чым імаверны заробак, бо гэта вымагае шмат часу, дый матэрыялы, з якіх робіцца рыштунак, не такія танныя. Таму сродкаў аб’ектыўна ты ўкладаеш болей, чым можаш узяць. Асабіста мне больш цікавае XIV стагоддзе, але паколькі я прыйшоў у клуб праз знаёмых, то працаваць зараз больш будзем па XVІІ стагоддзю — гэта таксама надзвычай цікавы перыяд айчыннай гісторыі са шматлікімі войнамі.

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў

— У Беларусі не так шмат клубаў, якія займаюцца «шляхецкай эпохай»?

— Цяжка казаць адназначна, бо людзі з часам зазвычай пераходзяць ад адной эпохі да іншай, цікавасці таксама змяняюцца. Чым пазней, тым лягчэй, калі казаць пра рэчы, якія на сябе апранаеш і з сабой носіш. Бо калі казаць пра позняе Сярэднявечча, то гэта дужа цяжкае ўзбраенне, у XVІІ стагоддзі ўжо лягчэй. А пачынаюць усе з ранніх перыядаў, напрыклад, з эпохі вікінгаў, бо гэта найменш складана: пашыў сабе вопратку з лёну, выкрайкі простыя, троху воўны, рыштунак не такі складаны, калі параўноўваць з тым жа гатычным перыядам.

— Усё ж такі, чаго тут больш — фізічных нагрузак ці «жывой гісторыі»?

— У любым разе, тут ёсць частка фізічных практыкаванняў, калі адпрацоўваем паказальныя выступы, але па цяжкасці гэта, канешне, не кросфіт. Так атрымалася, што пасля гісторыі з затрыманнем у мяне з жыцця сышло пэўнае кола маіх захапленняў, а вольны час нечым займаць трэба, таму…

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў

Захапленне гісторыяй пачалося з «двойкі»

— А што наконт захапленняў, якія засталіся ў мінулым?

— Да затрымання я любіў практычную стральбу, гэта вымагае шмат часу і вельмі спецыфічных фізічных практыкаванняў, як і ў любым спорце. На жаль, у нас не так шмат спяцоў, а ў мяне з маім графікам працы не заўжды атрымлівалася трапляць да таго самага трэнера. Таму вымушаны быў займацца сам, аддаючы шмат часу і шмат энергіі. Зараз гэтага ў жыцці не стала, таму быў момант пошуку: што далей? Так і звярнуўся да рэканструкцыі. А гісторыяй я пачаў цікавіцца ў чацвёртым класе на пачатку 1990-х…

— Цікава, што памятаеш нават клас. Нешта тады адбылося?

— Адбылося: міжусобныя войны Ягайлы з Вітаўтам (смяецца). На жаль, усё гэта ў падручніку было напісана такім цяжкім тэкстам… Калі памятаеце, была такая бела-чырвоная кніжачка «Мая Радзіма Беларусь». Дык вось, пра Грунвальдскую бітву я матэрыял ведаў добра, а вось пра Ягайлу з Вітаўтам… я на той момант не дужа добра разумеў нават, што такое «міжусобныя войны» (смяецца).

— А вам не тлумачылі?

— Не, бо настаўніцу мы мелі адну па ўсіх прадметах, і для яе міжусобныя войны Ягайлы з Вітаўтам былі такім жа непаразуменнем, як і для мяне. Разам з тым, настаўніца вырашыла, што мае веды цягнуць толькі на «два», і з той двойкі я і пачаў захапляцца XV стагоддзем.

Андрэй Дундукоў з сынам і жонкай на вяселлі Міраслава і Святланы Лазоўскіх

Андрэй Дундукоў з сынам і жонкай на вяселлі Міраслава і Святланы Лазоўскіх

«Рускі гэта даспехці не рускі?..»

— Рэканструкцыя — гэта спосаб заняць самога сябе ці таксама прапаганда айчыннай гісторыі?

— Гэта вельмі ўдалае спалучэнне і таго, і другога. Ты аднаўляеш пэўны перыяд і знаходзіш цікавы занятак сабе асабіста, але пры гэтым Юрась ладзіць багата сустрэчаў, на якіх мы распавядаем людзям пра зброю розных часоў, методыкі валодання ёй, гісторыю таго перыяду і іншае. У ягонай калекцыі ёсць даспехі на розныя часы, таму ўсё гэта відовішчнае і цікавае.

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў

Мне падаецца, так нараджаецца цікавасць да гісторыі, бо гэта не проста расповед ці дэманстрацыя малюнкаў. Той жа даспех можна памераць, адчуваць вагу, уявіць, як усё гэта выглядала ў мінулыя часы. Таму людзі і цягнуцца, як моладзь, так і людзі сталага веку.

У нас склалася багата міфаў, якія мы спрабуем руйнаваць падчас гэтых сустрэчаў.

Напрыклад, часам кажуць, што сярэднявечны меч важыў ледзьве не паў пуда, а насамрэч, хоць мячы былі і розныя, сярэдняя вага — кілаграм-паўтара. Альбо думаюць, што ўсе сярэднявечныя ваяры — гэта рыцары, закутыя ў прыгожы бліскучы панцырны даспех, хоць каштавалі такія даспехі вялізных грошай, таму іх і не магло быць шмат. Таму, калі бачыш усё на яве — міфы рассыпаюцца.

— Ты чуеш дарэчныя альбо зусім недарэчныя пытанні ад гледачоў?

— Недарэчныя хутчэй ад падпітых гасцей, калі дзея адбываецца на нейкім фэсце, накшталт: «Рускі гэта даспех ці не рускі?..» Вось тады маса недарэчных пытанняў (смяецца). Звычайна, пытанні цалкам адэкватныя, прычым ад людзей, якія самі цікавяцца і нешта ведаюць. Бываюць на сустрэчах і замежнікі, ім гэта таксама цікава, то бок мы, у нейкім сэнсе, падтрымліваем і марку краіны ў гэтай галіне.

— Ці маеш нейкія ўпадабанні альбо спецыялізацыю ў плане сярэднявечнай зброі?

— З даўніх часоў мне падабаюцца сякеры, таму я ўпэўнена сябе адчуваю, і калі трымаю яе ў руках, і калі нешта распавядаю ды тлумачу пра гэты від зброі. Гэта і кароткія сякеры, і двуручныя, так бы мовіць, індывідуальныя. Цікава, што, паводле адной з версіяў, вялікага магістра Тэўтонскага ордэну забіў менавіта ліцвін, і зрабіў гэта сякерай.

— Дзякуючы археалогіі можна аднавіць форму сякеры, а як аднавіць тэхніку бою 500–700-гадовай даўніны?

— Шмат да чаго людзі дахо­дзяць самі, бо гены падказваюць. Калі прыходзіш у рэканструкцыю, аднак да таго часу ўжо займаўся нейкімі баявымі мастацтвамі, ты разумееш, як рухацца, як трымаць шчыт, як прыкрывацца падчас двубою. Бярэш зброю, трошкі памахаў — і прыходзіць разуменне, як трымаць і як дзейнічаць. Але ёсць выпадкі, як з працай двуручным мячом, калі без падручніка не абыдзешся: шмат спецыфікі.

У сямейным коле з жонкай Ганнай і сынам

У сямейным коле з жонкай Ганнай і сынам

«Наша гісторыя — гэта бясконцыя войны»

— Ты вайсковы чалавек, а ці няма ў вайскоўцаў такога разумення, што войска, маўляў, справа сур’ёзная, а рэканструкцыя — дзіцячыя забаўкі?

— Вайскоўцы ставяцца да рэканструкцыі вельмі па-рознаму, бо войска — гэта зрэз грамадства: адны падтрымліваюць падобныя захапленні, іншыя лічаць, што рэканструктар невядома навошта абвешваецца бляшанымі банкамі… У кожнага сваё меркаванне. Дзякуй Богу, апошнім часам усё больш людзей ставіцца да гэтага сур’ёзна, бо прыходзіць разуменне, што гэта таксама беларускае войска, нашы папярэднікі, а без мінулага мы не можам збудаваць сучаснае.

Падчас альпінісцкіх вышкалаў

Падчас альпінісцкіх вышкалаў

— А ты сам адчуваеш пераемнасць паміж нашым старажытным войскам і тым, што маем зараз?

— На жаль, зараз такой пераемнасці пакуль няма.

— А як гэта можна змяніць? Уводзіць нейкія рытуалы?..

— Вельмі паказальны прыклад войска Ізраіля. У іх ёсць легендарная крэпасць Масад, дзе шмат якія вайскоўцы прымаюць прысягу. У нас прысягу прымаюць на плацу альбо выязджаючы на нейкае поле, прычым часцяком робіцца гэта без належнага разумення. Аднак у Беларусі ёсць мноства месцаў, дзе нашы продкі перамагалі большыя па колькасці і лепш узброеныя войскі суперніка — гэта тыя перамогі, якімі мы можам ганарыцца, пра якія яшчэ ў тыя часы ведала ўся Еўропа.

На жаль, сёння мы на гэта забыліся. Акурат праз такія месцы, праз расповеды і сустрэчы сітуацыю можна выпраўляць. Раней жа людзі меліся памятаць свой род да сёмага калена, каб не забываліся, чым займаліся іх продкі, а ў нас гэтага сёння няма: уся вайсковая гісторыя зводзіцца да Другой сусветнай вайны, дастаткова ведаць баявы шлях сваёй брыгады, каб быць ідэйна падкаваным байцом.

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў

— А дзе ў нас можна было б прымаць прысягу?

— У нас што не горад, то сувязь з падзеямі, бо праз нас прайшлі мноства войнаў і паўстанняў. Гэта апошнія 40–50 гадоў можна пачуць, што беларусы рахманыя і ніколі не ваявалі, а насамрэч ці не кожнае пакаленне беларусаў трымала зброю ў руках і бараніла Радзіму. Узяць хаця б памежныя войны ВКЛ пасля Вітаўта: там жа фактычна быў няспынны канфлікт.

Наша гісторыя — гэта бясконцыя войны: білі і крыжакоў, і маскавітаў, і шведаў, і татараў. Калі браць выдатных ваяводаў, то ў нас ёсць кім ганарыцца: Ян Караль Хадкевіч, Канстанцін Астрожскі, Юры Радзівіл… Існуюць добрыя прыклады і Літвы, і Польшчы, якія глядзяць у сваёй гісторыі далей і глыбей за апошнія 100 гадоў, варта было б павучыцца.

Разам з сынам Міраславам

Разам з сынам Міраславам

«Ідэалогія мусіць пачынацца ў садочку»

— Хто павінен займацца ідэйным выхаваннем байцоў? Палітрук, бацюшка, замацаваны за часткай, яшчэ нехта?..

— Усё гэта маюць пачынаць тлумачыць яшчэ ў садочку. Хлопец у войска ўжо павінен прыйсці ідэйна падкаваным, мусіць ведаць, што ён — абаронца сваёй Бацькаўшчыны. Бо на працягу нядоўгага 1,5 года ў войску трэба займацца баявой падрыхтоўкай, а не ідэалагічнай. На жаль, ані ў садочку, ані ў школе ніхто гэтага не робіць. Што казаць, калі байцы нашай арміі часцяком ані пісаць нармальна не могуць, ані геаграфіі сваёй краіны не ведаюць… Не буду казаць пра ўсіх, але я асабіста такіх сустракаў падчас сваёй тэрміновай службы.

Разам з сынам Міраславам

Разам з сынам Міраславам

— Перавод войска на беларускую мову — гэта нешта немагчымае альбо дарэчная мера, якая з часам мае стаць нормай?

— Залежыць, што перакладаць на мову, бо калі мы загадаем усяму асабістаму складу раптам загаварыць па-беларуску, то ўзнікне больш пытанняў, чым адказаў. Я лічу, што ўсё гэта мае адбывацца паступова і акуратна, пачынаючы з шыхтавых камандаў і далей-далей-далей… Мова — гэта сродак зносінаў. Возьмем радыёабмен: людзі павінны найперш разумець адзін аднаго, а не думаць, хто на якой мове сказаў. Канешне, было б добра, каб усе па загадзе за дзень вывучылі мову, але так не бывае.

Таму пачынаць трэба з шыхтавых камандаў. Ёсць добры «Беларуска-расійскі вайсковы слоўнік», выдадзены ў 1990-х Сержуком Чыславым і Станіславам Суднікам. Яго не так складана вывучыць, прычым пачынаць можна з урокаў фізкультуры ў школе. А пасля ў войску дадасца яшчэ і лексіка, датычная валодання зброяй. Шыхтавы статут быў перакладзены на беларускую яшчэ напрыканцы 1980-х. Так, там ёсць пэўныя хібы, але гэта была першая спроба. Агулам, гэта нескладана, калі людзі прызвычаяцца і мова ўвойдзе ва ўжытак, наша войска ўжо будзе больш падобным на беларускае.

Горныя выправы Андрэю часова давядзецца адкласці праз статус невыязнога з краіны

Горныя выправы Андрэю часова давядзецца адкласці праз статус невыязнога з краіны

«Адкуль вы ведаеце, хто здраднік?»

— Зараз у дыскусіях шмат негатыву, маўляў, усе нашы сілавікі — гэта нібыта патэнцыйныя здраднікі і «агенты Расіі». Што ты пра гэта думаеш?

— Вядома, збольшага гэта перагінанне палкі ды істотнае перабольшванне існуючых хібаў. Паўтаруся, што войска — гэта зрэз грамадства. Там ёсць людзі, якія любяць Расію і якія яе не любяць, якія служаць за грошы і якія служаць пераканана. Пытанне, як доўга апошнія, напрыклад, у гэтым войску затрымліваюцца…

Але нельга мераць усіх адной меркай і казаць, што тыя «здраднікі», бо носяць пагоны, а тыя — «патрыёты», бо сядзяць у фэйсбуку ды на люстэрка ў машыне прывязваюць вышываную стужку. Гэта не паказчыкі сутнасці таго ці іншага чалавека, і ніхто не ведае, як хто сябе павядзе ў крытычнай сітуацыі. Той, хто найбольш крычыць, зазвычай, найхутчэй бяжыць у адваротны ад небяспекі бок. Вайны не было, дык адкуль вы ведаеце, хто здраднік?

— Адкуль тады меркаванне, што беларускія вайскоўцы «глядзяць на Расію»?

— Бо гэта наш партнёр у вайсковых пытаннях, гэта тая дзяржава, з якой нашы вайскоўцы найбольш шчыльна супрацоўнічаюць. У дадатак, наша войска не спяшаюцца добра карміць. Калі афіцэр зарабляе 300–400 долараў, то я лічу, што гэта не тыя грошы, за якія можна жыць разам з сям’ёй, аддаючы столькі часу сваёй працы, колькі аддае вайсковец. Таму, калі сусед зарабляе больш, то нашы пачынаюць задумвацца і цікавіцца, чаму ж так? Ёсць добрае выслоўе: «Хто не корміць сваё войска, будзе карміць чужое».

На жаль, зараз нават па апытанках, якія праводзілі СМІ, бачна, што вайсковы бюджэт ніхто з мінакоў папаўняць не хоча. Усе кажуць, што нам патрэбная ахова здароўя і адукацыя, быццам войска — гэта хлопчыкі, якім наўпрост падабаецца бегаць у зялёнай форме і часам страляць… Але з гісторыі мы бачым, што як толькі войска ў дзяржаве слабое, то неўзабаве прыйдзе сусед, які прывядзе мацнейшае і больш баяздольнае.

Разам з сынам Міраславам

Разам з сынам Міраславам

«Калі еду на трэніроўку, бяру з сабой сына»

— Ці хацеў бы ты аддаць свайго сына ў кадэцкі клас, сувораўскую вучэльню альбо наўпрост рэканструктарскі гурток, каб яго жыццё было звязанае з той справай, якой ты аддаеш жыццё?

— Нельга нешта навязваць, бо ты альбо сам прыходзіш да гэтага, альбо не прыходзіш наогул. Пра сучасныя кадэцкія класы, напрыклад, у мяне вельмі негатыўнае ўражанне, бо навучанне там зводзіцца, зазвычай, да нашэння формы, а нейкіх прадметаў па баявой падрыхтоўцы ім наўпрост не даюць. Паглыбленае вывучэнне фізікі і матэматыкі?.. Дык гэта фізіка-матэматычны клас, а не кадэцкі, навошта вы форму апранаеце? Асаблівага разумення дысцыпліны я там таксама не бачыў.

Што да сувораўскай вучэльні, дык гэта фактычна пазбаўленне дзіцяці дзяцінства. На маю думку, наведванне якога-небудзь вайскова-патрыятычнага клубу па дзве гадзіны на дзень двойчы на тыдзень і нейкага аднаго палявога занятку будзе дзіцяці цалкам дастаткова. Дык навошта вучэльня?

Міраслаў Дундукоў, сын Андрэя, наведвае з бацькам спартовую залю

Міраслаў Дундукоў, сын Андрэя, наведвае з бацькам спартовую залю

— Дык калі паўстане выбар, аддаваць сына ў музычную школу па класе фартэпіяна ці спартовы клуб «Волат», да прыкладу, як ты зробіш?

— На фартэпіяна, мабыць, толькі калі сам вельмі папросіцца (смяецца), а ў «Волаце» ён ужо быў. З ягонымі асабістымі задаткамі ў прынцыпе ўжо ўсё зразумела, кірунак інтарэсаў вызначаны. Сын яшчэ не займаецца, зразумела, на поўную сілу, але бачыць, як займаюся я, і прыкладае намаганні: можа на кольцах гімнастычных пагушкацца, з задавальненнем хапае 4-кілаграмовую гіру і г.д.

Як было раней, у гісторыі? Не было ж дзіцячых садкоў, куды бацькі дзіцё аддавалі і «забывалі». Дзіцёнак глядзеў, што робяць старэйшыя, і спрабаваў паўтараць. У мяне падобны выпадак: калі еду на трэніроўку, бяру сына. Калі на фехтаванне, таксама бяру — ён там можа пабегаць з мячом і пакрычаць: «Тата, давай паб’емся разам!» Мірык расце мужчынам і будучым абаронцам Радзімы, мяне гэта цешыць.

Алесь Кіркевіч, novychas.by

Глядзіце таксама:

Румянцаў: «Патрыётам Беларусі мяне зрабіў бацька-расеец»

Алесь Зімніцкі: «Героем быць нескладана»

Віктар Данілаў: «Трэба, каб служыць у войску было крута!»

Міраслаў Лазоўскі: «А цяпер хацелася б паўдзельнічаць у выпраўленні дэмаграфічнай сітуацыі!»

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Сёння раніцай пасля вобшуку дома затрымалі спявачку Аляксандру Захарык

34-гадовай дзяўчыне інкрымінуюць арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«У 73 гады паехала сакараць Берлін». Як баба Каця зрабіла вёску вядомай на ўвесь свет

Гэтая гісторыя не пра тое, як чалавек доўга і мэтанакіравана ішоў да сваёй мэты — стаць знакамітым. Яна аб іншым....

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

«Дамавікамерон» Адама Глобуса цяпер можна паслухаць

У аўдыёфармаце выйшла кніга Адама Глобуса «Дамавікамерон» на kamunikat.org. Зборнік кароткіх гісторый Адама...

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

«Добры доктар Будзь-Здароў». Выйшла знакамітая казка Карнея Чукоўскага ў перакладзе Андрэя Скурко

Рэдактар Андрэй Скурко пераклаў знакамітую казку Карнея Чукоўскага, знаходзячыся ў зняволенні. Пра гэта напісала...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Сёння раніцай пасля вобшуку дома затрымалі спявачку Аляксандру Захарык
    Грамадства
    «У 73 гады паехала сакараць Берлін». Як баба Каця зрабіла вёску вядомай на ўвесь свет
    Грамадства Літаратура
    «Дамавікамерон» Адама Глобуса цяпер можна паслухаць
    Грамадства Літаратура
    «Добры доктар Будзь-Здароў». Выйшла знакамітая казка Карнея Чукоўскага ў перакладзе Андрэя Скурко
    Культура
    «Біша бо іх із града крэпка». Абліччы Анастасіі Слуцкай
    Грамадства
    «Партрэт з памяці»: Віслава Шымборска ў вершах і беларускіх перакладах. «Прастора польскай культуры» запрашае на анлайн-вечарыну
    Грамадства Адукацыя
    «80% настаўнікаў былі ў жудасным стане». Эксперт — аб тым, што цяпер адбываецца са школьнай адукацыяй у Беларусі і што з ёй не так
    Культура
    Сплаў авангардызму і мадэрнізму
    Грамадства
    Рэшткі былой сядзібы ў Ручыцы, што на Вілейшчыне, унеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей
    Грамадства
    Памёр паэт Дзмітро Паўлычка
    Грамадства Кіно Асоба
    «У кожным фільме ёсць частка мяне». Факты з жыцця і фільмаграфія Міхаіла Пташука
    Грамадства Каляндар
    Каляндар з 30 студзеня па 5 лютага. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Вандруем разам
    Мілыя сцежкі ў парку Рэпіхава
    Грамадства Літаратура
    «Мне важна, каб верш нагадваў фрыджазавае сола»: паэт і музыка Віктар Сямашка — пра сваю новую кнігу і беларускі авангард
    Грамадства
    Экскурсаводы Іван Сацукевіч і Алесь Варыкіш выйшлі на свабоду

Афіша

  • 01.02

    Спектакль у авангардным тэатры Komuna Warszawa ў пастаноўцы Паліны Дабравольскай

  • 30.01 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 30.01 — 05.02Выстава Наталлі Разуменка ў Мінску
  • 30.01 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 30.01 — 26.02Выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» ў Віцебску
  • 30.01 — 27.02Зімовая выстава ў Мінску
  • 30.01 — 26.02«Самародак з Рагачова». Выстава Анатоля Каплана ў Гомелі
  • 30.01 — 28.02Выстава выцінанкі «Зімовыя цуды» ў Маладзечне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Лідар «Океана Ельзи» Святаслаў Вакарчук пракаментаваў прысуд за сваю песню ў Мінску
    • Мікалай Пачкаеў: «Беларуская лацінка далёкая ад польскай, а гістарычнай сувязі сучаснага кірылічнага алфавіту з тэкстамі старабеларускай мовы няма»
    • Гурт NaviBand выпусціў новы сінгл з украінскай спявачкай Tayanna. Паслухайце, як нашы мовы гучаць разам
    • «Нікому няма справы, ці беларусы — нашчадкі паўстанцаў-1863, Каліноўскага, ВКЛ, Вітаўта, Астрожскага»
    • «Цяпер у мяне ёсць месца, дзе я магу быць шчырай і не думаць пра тое, каб выжыць»: актрыса Святлана Зелянкоўская адкрыла ў Варшаве тэатр-студыю
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип