Андрэй Філіпчык: “Паўлываў хакей”

andrej-filipcyk

– Усведамленне сваёй беларускасці прайшло ў мяне два этапы. У 8 гадоў маё дзіцячае светаўспрыманне перавярнулася пасля таго, як на зімовай алімпіядзе ў Нагана зборная Расіі разграміла ў хакей зборную Беларусі 5:1. Мая вера ў братэрскія народы пахіснулася: як можна гэтак з суседзямі? Так я адчуў сябе беларусам.

Але быў я тады яшчэ рускамоўным беларусам. Пераход на беларускую мову адбыўся толькі праз 4 гады, у 2002, і абавязаны я гэтым дзвюм асобам: Лявону Вольскаму і сваёй настаўніцы беларускай мовы Алене Васільеўне. Вольскі разам з гуртом N.R.M. выпусціў альбом “Дом культуры”, які я заслухаў да дзірак; а Алена Васільеўна, якой я паказаў свой першы беларускамоўны верш “Мой родны кут”, не спытаўшы майго дазволу, даслала яго ў часопіс “Бярозка”. І верш надрукавалі!

Пасля гэтага вырашыў заняцца сваёй беларусіфікацыяй. Спачатку было цяжка. Паставіў сабе мэту – пачаць думаць па-беларуску, бо лічыў гэта самым галоўным для беларуса (лічу так і цяпер). Недзе праз 2 гады я дамогся жаданага – і цяпер, нават калі размаўляю па-руску, перакладаю беларускамоўныя думкі.

Дзякуючы цікавасці да мовы ўзнікла цікавасць да гісторыі. З гонарам усім кажу, што ведаю свой радавод па некаторых галінах да сёмага калена.

Я рос у даволі-такі свабодных умовах: мне мову не навязвалі абсалютна. Мае бацькі ў пачатку 90-х стаялі ў авангардзе руху, яшчэ ўвесну 96-га мой тата хадзіў на мітынгі. Але потым яны неяк расчараваліся і цяпер двухмоўныя, хаця і падтрымліваюць беларушчыну.

Быць беларусам – значыць шанаваць родную мову, хаця б думаць на ёй, калі размаўляць не атрымліваецца. Шанаваць продкаў. Любіць Беларусь, але паважаць і іншыя народы. Можна есці бульбу, але не піць гарэлкі.

Андрэй Філіпчык, паэт-праграміст

Аб праекце “Як я стаў беларусам”