Андрэй Хадановіч: Паэзія годна трымае ўдар гэтага часу

Паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч у размове з Budzma.org распавядае пра цікавосткі трохдзённага фестывалю «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, сваю «юбілейную» вечарыну і беларускую паэзію, што жыве ў, здавалася б, катастрафічных умовах.


177.jpg

Другі год па-за Беларуссю, але з беларусамі

Ужо шмат гадоў існуе паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова, відаць, найбольш значны беларускі і разам з тым міжнародны паэтычны фестываль.

Ён, з аднаго боку, зроблены як даніна павагі аднаму з найлепшых нашых творцаў і недаацэненаму на фоне іншых нашых геніяў. З іншага боку, задуманы так, каб паэткі і паэты рознага ўзросту, стылістыкі, розных тусовак, розных гарадоў мелі адну пляцоўку. Калі мы гэта з калегамі задумвалі, мы не ўяўлялі, з якімі выпрабаваннямі праз гады давядзецца сутыкнуцца. Канечне, кепска, што мы ўсё гэта перажываем і спрабуем з усіх сіл ператрываць, але добра, што знаходзяцца сілы рабіць у межах магчымага. Ужо другі год фестываль будзе адбывацца не ў Мінску, але пройдзе геаграфічна найбліжэй да Мінска і Беларусі — у Вільні.

Тры дні на розных пляцоўках: у шыкоўным Літоўскім Доме пісьменніка, у кавярні Paviljonas, дзе ўвесь час ладзяцца ўсякія мастацкія, у тым ліку літаратурныя, імпрэзы — у падтрымку Украіны, але таксама і ў падтрымку Беларусі. І, нарэшце, у культавым ужо месцы — у Віленскім беларускім музеі імя Луцкевіча, дзе рэгулярна адбываюцца беларускія падзеі.

Я спадзяюся, што гэта будзе нагода, з аднаго боку, выступіць тым, хто даўно і хто нядаўна жыве ў Вільні і ў Літве, з іншага, тым, хто зможа прыехаць з розных краінаў — з Нямеччыны, з Польшчы, з іншых краінаў.

І гэта яшчэ магчымасць пабачыцца беларусам Беларусі з беларусамі, якія па-за мяжою. Мне здаецца, што гэта вельмі важна. А паэзія — гэта такая ўніверсальная мова, з аднаго боку, свабоды, з другога боку, гэта добры сродак дасылання прамянёў цеплыні і салідарнасці — мы падтрымліваем адно аднаго, пішучы і чытаючы вершы, мы абдымаемся як бы на адлегласці, а калі чытачы і паэты апынаюцца яшчэ і зусім побач, у адной прасторы, думаю, што эфект толькі мацнейшы.

Прэмія, паэзія, пераклады, кнігі

176.jpg

Штогадовая інтрыга фестывалю — хто ж атрымае прэмію імя Стральцова? Звычайна арганізатары трымаюць гэта ў таямніцы. Так што разгадка — на адкрыцці.

Традыцыйны таксама фармат — прэзентацыя найлепшых паэтычных кніг, якія нядаўна выйшлі, прычым выйшлі ў самых розных краінах. Бачыце, гэта стан сённяшняга кнігавыдання — амаль немагчыма працаваць у Беларусі, таму будуць прэзентацыі кніг, якія выйшлі ў Празе ў выдавецтве Vesna, альбо ў Варшаве ў выдавецтве «Полацкія лабірынты», альбо таксама, спадзяюся, выдаўцы, якія зараз працуюць за мяжой і падтрымліваюць нас — Яраслаў Іванюк, Андрэй Янушкевіч і іншыя — не апынуцца ў баку ад фестывалю.

Ужо гады Зміцер Колас выдае серыю перакладаў «Паэты планеты», хутка серыя набярэ ўжо сто пазіцый — неймаверна радуюся, што ўдаецца гэта рабіць. Навінкі серыі будуць прэзентаваныя ў другі дзень фестывалю. Ёсць там некалькі беларускіх аўтараў — патрон фэсту Міхась Стральцоў, а таксама Рыгор Барадулін, Юлі Таўбін, зусім «свежыя» Язэп Пушча ды кніга Максіма Багдановіча, да якой я крышачку спрычыніўся сваімі перакладамі ягоных рускамоўных вершаў. Але, канечне, большасць аўтараў серыі — замежныя, часцей класікі, радзей сучаснікі. З цікавостак нядаўніх, напрыклад, ёсць Паўль Цэлан, якога прадставіць Юлія Цімафеева ў сваіх перакладах, альбо габрэйскі польскі паэт, які загінуў у Варшаўскім гета, Уладыслаў Шленгель, яго прадставіць Кацярына Маціеўская. Будуць зборнікі ўкраінскіх аўтараў, сярод якіх памерлы некалькі дзён таму Дмытро Паўлычка. Я буду прадстаўляць Поля Верлена ў сваіх нядаўніх перакладах для гэтай серыі. У зборніку ёсць шмат новых перакладаў Лявона Баршчэўскага, ёсць ужо класічныя пераклады Леаніда Дранько-Майсюка, ёсць наша залатая класіка — Максім Багдановіч, які перакладаў Верлена, ну і ў такім ганаровым таварыстве і я свае новыя спробы пакажу.

Будзе прэзентацыя анталогіі беларускай паэзіі на літоўскай мове «Baltaі — Raudonaі — Baltaі», якую падрыхтавалі і выдалі літоўцы. Ацаніць яе не магу — па-літоўску, на жаль, не чытаю, але выбар аўтараў і тэкстаў, мне здаецца, вельмі годны. І шчыры дзякуй калегам, класным літоўскім паэтам-перакладчыкам, якія ў няпросты год — для Беларусі таксама — знайшлі сілы і час падтрымаць нас.

Імпрэза з вершамі, перакладамі і спевамі

175.jpg

Ну і на завяршэнне фестывалю будзе — гонар і прыемнасць для мяне асабіста ў такім фармаце ўдзельнічаць — мая творчая вечарына. Імпрэза гэтая стане неафіцыйным святкаваннем майго юбілею — не кожны дзень чалавек да 50 гадоў дажывае. Калі яшчэ наступная нагода здарыцца?

12 лютага запрашаю сяброў і ўсіх чытачоў-слухачоў на гэтую вечарыну ў музей Луцкевіча. Там пачытаю старыя і новыя вершы, пакажу ўлюбёныя пераклады і, спадзяюся, таксама паспяваю. Усё, што я спяваю, гэта пераклады маёй любімай паэзіі, мне гэта здаецца геніяльнай спяванай паэзіяй, вядома ж, у арыгіналах — а я па меры магчымасцей стараюся іх не вельмі сапсаваць. Леанарда Коэна альбо Боба Дылана, альбо чэха Яраміра Ногавіцу, альбо паляка Яцэка Качмарскага, альбо... ну, будуць яшчэ сюрпрызы, скажам так.

У журы ёсць з каго і чаго выбіраць

Нягледзячы на ўсе абставіны беларускага жыцця, безумоўна, пра нейкі заняпад беларускай літаратуры і блізка не вядзецца. Я маю гонар і прыемнасць чытаць беларускія кніжкі паэзіі ў катастрафічных, здавалася б, умовах. Паэты і асабліва паэткі ў наш час трымаюць удар, рэагуюць патрэбнымі тэкстамі на тыя сучасныя выклікі, знаходзяць спосаб — не заўсёды дома, усё часцей не ў Беларусі — выдаваць, тым не менш, гэтыя кнігі.

Каб не хадзіць далёка за прыкладамі, то — я ж раблю з вясны 2022 года штопанядзелак лекцыі на сваім літаратурным YouTube — то апошні выпуск якраз прысвяціў пяцёрцы выбітных беларускіх кніг паэзіі, напісаных жанчынамі, якія з’явіліся проста на працягу апошняга года. Гэта вельмі класныя аўтаркі з вельмі разнастайнай паэтыкай. А калі дадаць, напрыклад, у інтрыгу тое, што дзесяцігоддзі знаны беларусамі як празаік і эсэіст Альгерд Бахарэвіч пасля вялікага перапынку вярнуўся да паэзіі і выдаў свой зборнік «Вершы», то ў суме сапраўды ёсць з каго, з чаго выбіраць. Але ў прынцыпе, гэта клопат тых, хто ўручае прэмію імя Наталлі Арсенневай — за найлепшы свежы зборнік паэзіі. Прэмія ж Стральцова ўручаецца, так бы мовіць, за агульны ўнёсак у літаратуру, за нейкі чысты, класічны голас у літаратуры, за служэнне красе, калі можна так пафасна выразіцца. Таму прэмія можа быць уручаная не за канкрэтную кнігу. Наадварот — формай узнагароды ёсць выданне кнігі аўтара ці аўтаркі. Прэмія можа быць уручаная як маладому аўтару, так і ветэрану, які паўстагоддзя можа быць у літаратуры.

Сярод былых лаўрэатаў, напрыклад, і жывы класік Алег Мінкін, і Анатоль Вярцінскі, якога з намі ўжо няма з мінулага года. І паэткі розных пакаленняў Антаніна Хатэнка, Наста Кудасава і Анхела Эспіноса Руіс. Гэта, як на мяне, прыемны клопат — заўсёды лепей, калі можна выбіраць са шматлікіх годных канкурэнтаў, чым калі ўзнагарода ёсць, а ўзнагародзіць няма каго — вось дзе трагедыя.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org