Андрэй Хадановіч: Свет збяднее без Беларусі – мы мусім не давесці да гэтай бяды

13.02.2023 Асоба

Трохдзённы паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова завяршыўся творчай вечарынай перакладчыка, паэта Андрэя Хадановіча. І нагода важная – 13 лютага паэт адзначае 50-годдзе.


1.jpg
 Андрэй Хадановіч

Адзінаццаты фэст «Вершы на асфальце» меў надзвычай насычаную праграму і ў першы, і ў другі дзень. Але чытачам-слухачам хапіла сіл і на фінальную імпрэзу, больш за тое, на творчай вечарыне Андрэя Хадановіча ў нядзелю вечарам у Віленскім беларускім музеі імя Луцкевіча не хапала месцаў – сапраўдны аншлаг.

У афішы фестывалю імпрэза паэта, перакладчыка, барда была пазначаная так: «Андрэй Хадановіч. Greatest Hits: паэзія, пераклады, музыка». Так, аўдыторыя пачула лепшае ў плэй-лісце, які склаў сам Андрэй Хадановіч. Хаця ў праграму ўносіліся і змены: з залі перадавалі цыдулкі, у якіх замаўлялася нешта асаблівае для аўтара замовы, што яшчэ не гучала ў выкананні мэтра.

Выступалі і калегі Андрэя Хадановіча, чые вершы ён перакладаў, а яны ягоныя – Уладас Бразюнас (Vladas Braziūnas), Дзмітры Строцаў. Чыталіся пераклады з кніг серыі «Паэты планеты», за аўтографам на каторых потым утварылася даволі сур’ёзная чарга.

3.jpg
Уладас Бразюнас (Vladas Braziūnas)

4.jpg
Дзмітры Строцаў

Былі і абяцаныя Андрэем Хадановічам у нядаўнім інтэрв’ю Budzma.org сюрпрызы. Госці імпрэзы пачулі ўрыўкі з вершаванага лібрэта будучай оперы, якая з'явіцца неўзабаве з музыкай Вольгі Падгайскай і ў пастаноўцы Мікалая Халезіна. Маналогі герояў, дарэчы, вельмі актуальныя для сённяшняй Беларусі.

5.jpg


Канечне, былі і песні (пад некаторыя аўдыторыя падпявала) – свае і пераклады любімай паэзіі Андрэя Хадановіча, у тым ліку чэха Яраміра Ногавіцы ды паляка Яцэка Качмарскага.

6.jpg


Ну і канечне – атмасфера. Так, не без сумных нотак, вельмі сёння зразумелых, але з мяккім фірмовым гумарам паэта і вітальнасцю.

2.jpg
Андрэй Хадановіч


7.jpg

«Бамаршэ сказаў: я буду смяяцца, каб не заплакаць. Я дадам ад сябе, што гэты свет – недасканалы, а ў апошнія гады асабліва, гэта відавочна, але мы не мусім дазволіць сабе патураць яму ў гэтым. А патурала б яму нашая пасіўнасць, панурасць, складзеныя рукі, комплексы і маўчанне. Чым горш, чым больш мы зараз падзеленыя, тым больш мы павінны казаць, быць заўважнымі, дасылаць адно адному праменне падтрымкі, бо інакш – дэпрэсія, інакш – авітаміноз, інакш… Я маю маладых сяброў, якія ў росквіце сілаў сышлі, сыходзяць, але мы мусім ператрываць, выжыць, нам ёсць што сказаць свету. Свет збяднее без Беларусі – і мы не давядзем да гэтай бяды. Трымаймася! І будзьма беларусамі!», – заўважыў у размове з карэспандэнтам Budzma.org пасля амаль трохгадзіннай імпрэзы юбіляр.

Budzma.org шчыра віншуе Андрэя Хадановіча з Днём нараджэння!

Рыгор Сапежынскі, budzma.org