На «Белсаце» выйшаў выпуск праграмы «Мова Нанова» з Мікітам Мелказёравым, які раптоўна памёр у канцы снежня, піша «Наша ніва». У выпуску Мікіта гутарыць з легендай беларускага року Лявонам Вольскім. Праграма пачынаецца кранальным відэашэрагам з кадрамі розных здымак з Мікітам, які стаў своеасаблівым развітаннем з таленавітым інтэрв’юерам.

Мікіта Мелказёраў і Лявон Вольскі ў выпуску перадачы «Мова Нанова» на Белсаце. Скрыншот відэа
Адной з ключавых тэм размовы стала беларуская мова і яе месца ў грамадстве. Мелказёраў адзначыў, што Лявон Вольскі «практыкаваў беларушчыну да таго, як гэта стала мэйнстрымам». У адказ музыка падзяліўся сваімі назіраннямі пра тое, як мянялася стаўленне да мовы ў Беларусі.

Мікіта Мелказёраў у выпуску перадачы «Мова Нанова» на Белсаце. Скрыншот відэа
Ці была калі-небудзь беларуская мова ў мэйнстрыме?
На пытанне, калі беларушчына была максімальна набліжаная да гэтага стану, Лявон Вольскі даў адназначны адказ:
«Пачынаючы з 20‑га года і цяпер яна максімальна набліжаная, у параўнанні з тым, што было раней. То бок цяпер любы больш-менш адукаваны чалавек, які імкнецца да адукаванасці, студэнт ці проста той, хто самаадукацыяй займаецца, ён зможа пагаварыць па-беларуску»
Па словах музыкі, менавіта 2020 год стаў пераломным момантам, калі шмат людзей «павярнулася тварам да мовы». Раней жа сітуацыя была зусім іншай.

Лявон Вольскі ў выпуску перадачы «Мова Нанова» на Белсаце. Скрыншот відэа
Вольскі нагадаў пра часы, калі беларуская мова ўспрымалася праз прызму знішчальных стэрэатыпаў. З аднаго боку, яна асацыявалася з «калгасам», ад якога многія жыхары сталіцы імкнуліся адмежавацца. З другога — лічылася мовай элітарнага «клана небажыцеляў»:
«Былі ў людзей такія асацыяцыі, што калі ты гаворыш па-беларуску, то значыць, належыш да нейкага такога, крыху небажыцельскага клана паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў... І вось, раз ты гаворыш па-беларуску, ну, хутчэй за ўсё, паколькі ты малады, то ты не да канца належыш. Бо тыя, хто належыць, яны насамрэч там Барадулін, Янка Брыль... А ты ж не Брыль, не Барадулін... Хто ты тады? Ты няправільна гаворыш, хутчэй за ўсё»
Музыка адзначыў, што ў Мінску, дзе гістарычна дамінавалі то польская, то руская мова, то ідыш, да беларускай «усё ніяк не маглі дабрацца».
Паводле Вольскага, да 2020 года многія людзі проста не разумелі, навошта патрэбная беларуская мова, калі «паўсюль усё расейскае». Але менавіта падзеі апошніх гадоў змянілі гэтае стаўленне і зрабілі мову важнай часткай нацыянальнай самасвядомасці для значна большай колькасці людзей, чым калі-небудзь раней.