Андрэй Мельнікаў: Станкевіч vs Станкевіч

18.10.2017 Гісторыя

 

Сваякі і вясковыя (праз выган) суседзі дзяцінства Ян і Адам Станкевічы зрабілі для Беларусі болей, чым дзясяткі тых, чыімі імёнамі названыя вуліцы і плошчы беларускай сталіцы. Дастаткова згадаць, што Ян пераклаў на беларускую мову ўсе 77 кніг Бібліі, а ў многім дзякуючы Адаму мы маем у беларускім касцёле жывую беларускую мову.

І няма сумневаў, што яны б зрабілі для Беларусі яшчэ мноства і мноства вартага, калі б першага з іх большасць беларусаў з магчымасцямі ўспрымала адэкватна, а другога не знішчылі на 58-м годзе жыцця ў ГУЛАГу ў Сібіры.

Не апошнюю ролю ў беларускіх здабытках Яна адыграла яго канкурэнцыя з Адамам.

Абодва нарадзіліся ў вёсцы Арляняты (9 дамоў, 68 жыхароў. 12 праваслаўных, астатнія – каталікі). Старавечны населены пункт, па-мясцоваму Вурліняты, быў заснаваны татарамі, якія служылі вялікім князям літоўскім. Паходжанне з татараў адлюстравалася і на абліччах, і на характарах тутэйшых Станкевічаў.

Буйнакаліберны дзеяч цэнтральнаеўрапейскай, баварскай і амерыканскай Беларусі, філолаг, гісторык, перакладчык і прапагандыст беларушчыны Ян Станкевіч нарадзіўся 26 лістапада 1891-га. Буйнакаліберны дзеяч Касцёла, адзін з заснавальнікаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі, літаратуразнаўца, знаўца кананічнага права і прапагандыст беларушчыны Адам Станкевіч нарадзіўся 6 студзеня 1892-га.

Бацька Яна меў імя Вінцэнт (Вікенці ў кірылічных дакументах). Такое ж імя насіў і бацька Адама. Адсюль чутка, што яны – родныя браты. Насамрэч стрыечнымі братамі былі іх бацькі Вінцэнты-Вікенціі.

Маці Адама – Антаніна з Дасюкевічаў. Маці Яна – Ганна з Прыгоцкіх.

*

З ліста арляняцкага жыхара 1919 года ў газету “Krynica”: “З нашай вёскі некалькі чалавек, як кажуць, выйшлі ў людзі, між якімі ёсць адзін ксёндз. Гэтыя нашы вучоныя, як мы іх называем, асталіся вернымі сынамі Беларусі і аб нашай вёсцы не забываюцца: яны часта да нас наведваюцца, каб нам расказаць, што дзеіцца на сьвеце і як маецца наша Маці Беларусь”.

“Ксёндз” тут, відавочна, – самы аўтарытэтны “козыр” і статус. Ксяндзом стаў Адам. І Ян мог ім стаць. Ды яго выключылі з духоўнай семінарыі за “агрэсіўную беларускасць”.

 

“Даганялкі”

Біяграфіі Яна і Адама Станкевічаў паралеляць да выключэння Яна з семінарыі. Старэйшы на 41 дзень Ян як бы ўвесь час спрабаваў дагнаць: вучыцца першым пачынае Адам – у 1901-м у царкоўнапрыходскай школе ў Барунах, скуль выносіць непрыняцце русіфікатарскага дзікунства, у 1902-м перабіраецца ў Гальшаны, у народную школу, скуль за 2 гады навучання выносіць непрыняцце расійска-сервільнага каталіцтва. Ян першыя гады вучыцца ў саматужнай школе ў сяле Чатыркі – арганізаванай і аплачванай бацькамі сялянскіх дзяцей, затым, на год пазней за Адама, быццам бы заканчвае Гальшанскую пачатковую школу. У Ашмянскай гарадской школе-вучэльні з 1904-га вучыцца 4 гады Адам, з 1905-га – Ян.

Адным з ініцыятараў рэвалюцыйных закалотаў восені 1905-га ў Ашмянскай вучэльні быў мясцовы шляхцюк, студэнт Вітаўт Чыж – будучы ўплывовы сябра рэдакцыі віленскай беларускай газеты “Наша ніва”.

У 1908-м Адам заканчвае вучэльню і пад апекай піцерскага ксяндза з тутэйшых Адама Лісоўскага і яго бацькі пачынае рыхтавацца да паступлення ў духоўную семінарыю. Да настаўніка-рэпетытара ездзіць у Вільню. Падрыхтоўка цягам 2 гадоў, і з 1910-га Адам – студэнт Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі. З 1908-га ён чытае “Нашу ніву”, з 1909-га піша для яе карэспандэнцыі.

У 1909-м Ян скончыў Ашмянскую вучэльню, нейкі час працаваў “дарэктарам” у Войштавічах у сям’і Вінцэнта Сухалета, здольнага самавука-будаўнічага, і прыйшоў да ўсведамлення сваёй нацыянальнай прыналежнасці:

“Выпісаная ўвосень таго-ж году “Наша ніва” выпрастала некаторыя мае пагляды. Я адразу стаўся ейным карэспандэнтам, а пасьлей і аўтарам некаторых артыкулаў. Таго ж году, паехаўшы на далейшую навуку да Вільні, я асабіста пазнаёміўся з рэдакцыяй “НН”. Адгэтуль я быў звычайна ў цеснай супрацы з нашаніўцамі”.

Супраца з “НН”, падобна, і прывяла Яна да “агрэсіўнай беларускасці”, праз якую скончылася ў 1911-м для яго духоўная семінарыя. Замест ксяндзоўства Янучонак (псеўданім Яна ці не са спалучэння “Ян учоны”?) атрымаў свабоду творча рэалізавацца ў іншым. Так, ён рэалізаваўся ў сям’і: амаль паўстагоддзя з жонкай Марыяй, да сваёй смерці, трое сыноў – Вячка (Вячаслаў), Юрка і Богуш (Багуслаў). Старэйшыя сталі заўважнымі дзеячамі беларускага замежжа, дапаможцамі бацьку ў выданні яго тэкстаў. Па ўспамінах дзяцей, бацька займаўся выключна беларушчынай. Але, як паказвае плён гэтага шлюбу, жонка была выбраная правільна, дзеці атрымалі правільнае выхаванне, і сям’я стала адной з найлепшых у знакавай беларускай айкумене. У беларушчыне Ян рэалізаваўся мінімум на трох яе пляцоўках: у лінгвістыцы, гісторыі і грамадскай сферы, дзе быў і ідэолагам і прапагандыстам і арганізатарам працэсаў; паўсюль надта плённа.

 

Хто больш зробіць для Беларусі?

Да пачатку сусветнай вайны ў 1914 годзе Ян сем месяцаў адпрацаваў ў “Нашай Ніве”, а з пачаткам вайны быў мабілізаваны. Жаўнер, а пасля і афіцэр, ён працягваў актыўную беларускую агітацыю. Апынуўшыся з вайсковай часткай у Татарстане, дзе было многа беларускіх бежанцаў, пасля цяжкага дня з вайсковымі заняткамі, ішоў за некалькі км і “ў якой-нібудзь камораццэ, у сырым муры і, здаралося, у цёмным склепе праводзіў ён вечар, чытаючы нашым селянам-уцекачом кніжкі аб Беларусі, расказуючы аб яе долі, вучачы чытаць старых і малых…”

Адам у тыя часы скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, паступіў у Петраградскую каталіцкую духоўную акадэмію і там быў пасвечаны ў ксяндзы. У акадэміі існаваў беларускі гурток, мацнейшы за віленскі, была нашмат больш багатая беларуская бібліятэка. Ксёндз Адам спачатку стаў яго сакратаром, а ў 1916-м гурток ачоліў.

Ян тады трапіў у Мінск, пасля – таксама ў Петраград, дзе пазнаёміўся з універсітэцкімі беларусамі. У сакавіку 1917-га ў Мінску Ян бярэ ўдзел у з’ездзе беларускіх нацарганізацый, у маі – у з’ездзе настаўнікаў Мінскай губерні. У тым жа годзе на Румынскім фронце трапляе у аўстрыйскі палон.

Беларускія дзеячы ў акупаванай немцамі Вільні зрабілі захады для вызвалення Яна з палону, і ўвосень 1917-га ён у Вільню вярнуўся.

“Прыехаў з войска Янка Станкевіч, малады, дзельны і зацяты Беларус. Мы ўсе называлі яго Янучок, а я зь Іванам казалі, што гэта наш Саванарола дзеля ягонай фанатычнай адданасьці беларускай справе”, – гэта з успамінаў адной з прыяцелек буйнога дзеяча беларушчыны, масона Івана Луцкевіча, Юліяны Мэнкэ (Дубейкаўскай).

З тым часам звязаны надрукаваны 19 кастрычніка ў газеце “Гоман” артыкул Яна “Беларускі рух сярод беларускага каталіцкага духавенства”. У ім аўтар малюе шырокую карціну руху, называе 8 прозвішчаў яго дзеячаў, згадвае нават ксяндза Шолкевіча з Мосараў Дзісненскага павета, але не кажа пра Адама Станкевіча, кіраўніка самага паспяховага і магутнага беларускага каталіцкага гуртка – у Піцерскай духоўнай акадэміі, хоць падрабязнасцяў пра сам гурток дае значна больш, чым пра любы іншы беларускі асяродак.

У снежні 1917-га Ян робіцца сябрам Віленскай Беларускай Рады. Удзельнічае ў стварэнні Беларускага Навуковага Таварыства. З 1917-га пачынаецца яго шлях як навукоўцы-філолага.

Ксёндз Адам у 1918-м стаў кандыдатам кананічнага права, а да таго напісаў немалую колькасць тэкстаў па гісторыі Беларусі. З 1919 года выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. Ад снежня 1919-га – сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1922—1928 гадах быў абраны паслом да польскага Сойму. Пасля зноў выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль у 1933 годзе быў звольнены польскімі ўладамі. Да 1935 года працаваў у гандлёвай школе ў Вільні.

Апекаваўся дзіцячымі прытулкамі, узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны, у 1924 годзе — старшыня Таварыства беларускай школы, у 1926 годзе — старшыня Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.

Быў галоўным рэдактарам і выдаўцом газеты “Крыніца”, потым выдаваў часопіс “Chryścijanskaja Dumka”. У 1928 годзе стаў адным з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва. За дзейнасць па беларусізацыі Касцёла ў 1938 годзе высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Слонім тэрмінам на 5 гадоў.

Увосень 1939 году, пасля заняцця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі, вярнуўся ў Вільню, дзе стаў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Там жа перажыў Другую сусветную вайну, будучы святаром касцёла святога Міхала.

Падчас нямецкай акупацыі 19411944 гг. Адам адмовіўся ад супрацоўніцтва з акупантамі. Матываваў ён гэта прычынамі непрыняцця нацыянал-сацыялізму і рэпрэсій супраць беларускага насельніцтва і каталіцкіх святароў, адсутнасцю дазволу на стварэнне беларускага школьніцтва і паўнамоцных дэмакратычна абраных прадстаўнічых беларускіх органаў.

Рызыкуючы жыццём, ратаваў тады былых савецкіх актывістаў і камсамольцаў, падтрымліваў сувязь з антыфашыстамі. Ратаваў калекцыі віленскага беларускага музея.

Ненадоўга быў арыштаваны “саветамі” ў снежні 1944-га. Паўторна яго арыштавалі ў красавіку 1949-га, асудзілі на 25 гадоў лагераў. У Азярлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобласць) 4 снежня 1949 года яго напаткала смерць. Адбылася яна натуральным чынам ці тое было забойства – гарантавана правільнага адказу на сёння мы не маем.

У Радзе БНР Ян апынуўся раней за Адама – у 1918-м. Тады ж выйшла і яго першая заўважная лінгвістычная праца – пераклад на беларускую с польскай “Беларускіх легендаў” Яна Баршчэўскага. Затым былі супольныя лінгвістычныя працы з Рудольфам Абіхтам, Антонам Луцкевічам, Максімам Гарэцкім… Увогуле, у друкаваных творах Ян шматразова і паспяхова знаходзіў моцных кампетэнтных сааўтараў, якія пры тым ад яго самога не залежалі ні фінансава ні службова, ды і ён ад іх мала залежаў. Досыць рэдкі талент, праўда?

У 1921-м намаганнямі Яна ў нядоўгай дзяржаве Сярэдняя Літва адкрылася некалькі соцень (!) беларускіх школак. А ён сам тады атрымаў гімназічную адукацыю і дыплом. У 1922-м тое дапамагло яму паступіць у Карлаў універсітэт у Празе.

У 1926-м Ян паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю ў Карлавым універсітэце ў Празе і стаў доктарам славянскага мовазнаўства і гісторыі. З таго часу спалучэнне “доктар Станкевіч” — нязменнае пры любых публічных выступах і ў любых друкаваных творах ды згадках-успамінах Яна пад яго ўласным прозвішчам.

У Празе ў 1923-м ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, чэшкай Марыяй Новак, якая ў 1922-м вярнулася з ЗША, дзе скончыла каледж у штаце Нью-Ёрк. Здольная арганізатарка, Марыя выдатна валодала англійскай мовай, увогуле мела здольнасці да моваў. 30 кастрычніка 1926-га маладыя абвянчаліся ў віленскім касцёле св. Мікалая, адзіным, дзе тады чыталіся казані па-беларуску. Вянчаў іх ксёндз Адам Станкевіч (!).

У пачатку шлюбу, як згадвала Марыя, у Вільні муж завёў яе “на кватэру ў інтэрнаце, закладзеным ксяндзом Адамам Станкевічам”. За час, пакуль маладая з сяброўкай хадзілі-набывалі “трохі мэбляў”, з кватэры зніклі бацькавы грошы, дадзеныя ёй на шлюбнае жыццё. “Аказалася, што прыходзіла жанчына прыбіраць кватэру… ніхто яе не злавіў, ня можна было давесьці. Янка мне абяцаў, што будзе пісаць артыкулы й грошы мне верне…”

1928-м Ян быў абраны ў польскі сейм паслом ад Лідскай акругі. У сейме атрымаў мянушку “дзікі пасол” за пазаблокавую пазіцыю. Мабыць, яна была смай слушнай у асяродку левакоў-беларусаў і абыякавых да беларускасці палякаў. Ян адстойваў палітыку польска-беларускага паразумення і кампрамісу, а час быў такі, што кампрамісу і паразумення не жадала большасць з абодвух бакоў.

У 1930-м дыктатар Польшчы Юзаф Пілсудскі разагнаў сейм — і для ўсіх яго паслоў пасольства скончылася назусім. А Ян з тога часу стаў адзін за адным выпускаць апроч лінгвістычных і буйныя гістарычныя творы. Хоць як гісторыка яго многія калегі і надта ганяць, насамрэч там бяздоннае багацце класных тэкстаў. Пацікаўцеся імі, як не палянуецеся!

 

За абодвух

Са смерцю Адама Ян з сям’ёй апынуўся ў ЗША і ўзяў на сябе і частку, якая больш пасавала яго сваяку-ксяндзу. Апошнія дзесяцігоддзі жыцця апроч мноства іншых праектаў ён працаваў над поўным перакладам на беларускую мову Бібліі.

Пераклад, супольны ў старазапаветнай частцы з Маісеем Гітліным, завяршыўся паспяховым беларускім выданнем гэтай кнігі ў ЗША ў 1973 годзе і дагэтуль на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца каштоўным рарытэтам, адносна мала беларусаў ведае, што ён наогул ёсць. А Біблія перакладу Яна Станкевіча і Гітліна — самы якасны, каштоўны і цэльны яе беларускамоўны варыянт.

Над другім суперпраектам — “Беларуска-расейскім слоўнікам” — Ян працаваў да скону. Працу завяршылі сыны Вячка і Юрка. Кніга аб’ёмам у 1305(!) старонак выйшла ў Нью-Ёрку ў 1990 годзе і была перавыдадзеная ў Беларусі ўжо ў гэтым тысячагоддзі.

У жніўні 1974-га ў Яна Станкевіча былі знойдзеныя і пацверджаныя прыкметы анкалогіі. Лекарскі дыягназ даваў прыблізна паўгода жыцця. А Ян планаваў зрабіць надта многа, каб памерці так хутка. І пражыў яшчэ амаль у чатыры разы болей.

Ён памёр, працягваючы працаваць над уласнымі тэкстамі 16 жніўня 1976 года ў ЗША, у Готарне, штат Пенсільванія, задоўга да таго адпісаўшы ўсе свае грошы і маёмасць фундацыі Льва Сапегі, каб дапамагаць выдавецкай дзейнасці і развіццю беларусазнаўства стыпендыямі для студэнтаў і навукоўцаў.


 

Пры напісанні тэксту ў прыватнасці выкарыстоўвалася кніга Андрэя Мельнікава “Ян Станкевіч. Пошукі моцы”, выхад якой на 64 старонках у серыі “Сто выдатных дзеячаў” выдавецтва “Харвест” чакаецца ў канцы гэтага года. Кніга пра Адама Станкевіча з гэтай серыі сёлета ўжо выйшла і ёсць у продажы.

 

 

Андрэй Мельнікаў