— Нарадзіўся я ў Гомелі, а гэта больш за ўсіх русіфікаваны горад, навучаўся ў рускамоўнай школе, цяпер – у рускамоўным ліцэі.
Бацькі самі вясковыя, маці нарадзілася ў Веткаўскім раёне, а бацька – у Чачэрскім. Скончыў дзесяць класаў у гэтым годзе, цяпер вучуся ў Гомельскім гарадскім ліцэі №1. З дзяцінства цікаўлюся гісторыяй і матэматычнымі навукамі. Удзельнічаю ў алімпіядах па фізіцы. Займаюся вэб‑праграмаваннем, а таксама нумізматыкай.
З дзяцінства не вельмі шанаваў беларускую мову і літаратуру. Але шмат чытаў падручнікаў па гісторыі, менавіта гэта дало маленькі штуршок маёй беларусізацыі: я пачаў слухаць беларускую музыку, вельмі люблю чытаць, таму ўзяў у настаўніка кнігі на роднай мове. Першым пісьменнікам, якога я прачытаў амаль усяго, быў Іван Мележ. А пасля прагляду фільма “Плошча”, які вельмі моцна мяне ўразіў, я пачаў спрабаваць размаўляць па‑беларуску. Але ў мяне бацькі зусім не разумеюць беларускай мовы, таму з імі размаўляю па-расійску. Самы першы дзень, калі я размаўляў толькі па-беларуску… гэта было з шостага на сёмага ліпеня – свята Купалля. Я сам па сабе змагар, і вось гатоўнасць змагацца за Радзіму дала мне вялікі плюс. Далей пачаў пісаць вершы, апавяданні і артыкулы на беларускай мове.
Можна сказаць, што маё адраджэнне пачалося пры канцы лютага 2009 году. Кожны дзень я пачаў заўважаць у жыцці новае. Любоў да Радзімы вельмі змяніла мяне, і магу сказаць, што сапраўды ў лепшы бок. Сам я па натуры змагар, вось і знайшоў за што змагацца – за Радзіму. Дзякуючы Радзіме я стаў чалавекам, яна дала мне розум і душу, яна мяне зрабіла Беларусам з вялікай літары.
Андрэй Сувалаў, студэнт