Андрэй Захарэвіч: “Нам ёсць чым ганарыцца”

andrej-zaxarevic

У дзяцінстве я размаўляў па-беларуску ў асноўным з бабуляй і дзядулем, таму што маці ў мяне нарадзілася і нейкі час гадавалася ў Расіі – дачка вайскоўца. Таму беларускую мову яна ўрэшце вывучыла, але вымаўленне ў яе такое, што часам цяжка зразумець.

У пэўны час я зацікавіўся гісторыяй. Прычым гісторыяй навакольнага краю, а не ўсёй планеты. Даведаўся больш пра беларускую культуру і дзяржаву, упэўніўся, што нам ёсць чым ганарыцца. Праз некаторы час вырашыў перайсці на беларускую мову; атрымалася не з першай спробы: псіхалагічна вельмі складана. Цяпер, дзякуй богу, не замінаюць навакольныя. Жонка мяне падтрымала. Яна сама з беларусаў, з тых, што калісьці паехалі на Урал па плане Сталыпіна. Знайшоў я яе ў Кыргызстане.

Час ад часу мне давалі зніжкі ў крамах за беларускую мову. Падзякавалі за добрае вымаўленне, калі я станавіўся на ўлік у новым ваенкамаце ў Ленінскім раёне Мінска. Сябры з Расіі, калі прыязджаюць, просяць больш размаўляць па-беларуску пры іх. Ім цікавая нашаыя мова і культура – не тое, што падобнае да іхнага, а тое, што адрозніваецца. Аднаму вельмі падабаецца слова “сябра”, ён доўга адточваў яго вымаўленне і першае, што кажа пры сустрэчы, – слова “сябра”, прычым з прыемным вымаўленнем.

Быць беларусам – гэта быць сабой, быць нашчадкам свайго народа, быць нашчадкам сваіх продкаў, часткай гісторыі.

Андрэй Захарэвіч, тэставальнік праграмнага забяспечання

Пра праект “Як я стаў беларусам”