Аргкамітэт Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2024» пахваліўся дадатковымі дабротамі для ўдзельнікаў магілёўскага форуму. Ад гэтага года пераможцы фэсту атрымоўваюць дадатковыя балы пры паступленні ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры. «Анімаёўка» ўключана ў адмысловы пералік творчых конкурсаў для талентаў (названага ВНУ) нароўні з кіна- і анімацыйнымі фестывалямі ў Маскве, Яраслаўлі, Хабараўску, так званай Рэспубліцы Крым, паведамляе reformby.org.
На афішы фестывалю - персанажы з фільма звольненага з кінастудыі "Беларусьфільм" рэжысёра-аніматара Аляксандра Ленкіна "Тошка і яго сябры". Фота: тэлеграм-канал міністэрства культуры
У адрозненне ад Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», які пасля 2020 года згубіў сваю рэпутацыю ў Еўропе, фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» захаваў свае пазіцыі для замежных аніматараў. У апошнія гады заяўкі на ўдзел у падзеі дасылаюць мастакі з самых розных краін свету, і ў прыватнасці, у гэтым годзе арганізатары атрымалі 317 заявак з 47 краін.
«Упершыню ў конкурсах прымаюць удзел такія краіны, як Вьетнам і Трынідад і Табага», — адзначае каманда «Анімаёўкі». Але таксама сярод патэнцыйных краін-удзельніц называюцца, скажам, Аўстралія, Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, Польшча, ЗША, Іспанія, Італія, Чэхія, Нідэрланды, ды нават Украіна. Падобна на тое, што аніматары не ў курсе той грамадска-палітычнай сітуацыі, што зараз у Беларусі.
Між тым міністэрства культуры і абласныя ўлады, якія з’яўляюцца арганізатарамі падзеі, намагаюцца трымаць пакуль яшчэ сапраўды міжнародны форум анімацыі ў «правільным ідэйным кірунку».
Так, за апошнія чатыры гады ў пералік творчых намінацыяў «Анімаёўкі» дадалася катэгорыя «Найлепшы анімацыйны патрыятычны фільм». Яна прысутнічае і ў конкурсе анімацыйных фільмаў, і ў конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці, што ёсць на форуме. Яшчэ летась намінацыя мела фармуліроўку «Найлепшы грамадзянска-патрыятычны анімацыйны фільм», сёлета ад часткі «грамадзянска» аргкамітэт вырашыў пазбавіцца.
Сёлета змянілася і назва галоўнага сімвалічнага прыза культурнай падзеі: раней ён называўся «Крыштальны аловак», і, адпаведна, «Малы крыштальны аловак», але сёлета аргкамітэт прыбраў азначэнне «крыштальны». З чым гэта звязана — складана нават выказаць здагадку.
Але самае галоўнае — сёлета на прыкладзе, здавалася б, дадатковых магчымасцяў для ўдзельнікаў фэсту за «Анімаёўкай» відавочна замацавалі курс на Усход.
Фота: mogilevkino.by
Трэба зазначыць, што і раней на магілёўскім фэсце прысутнічаў «расійскі ўплыў» — выступленні артыстаў і аніматараў савецкага і расійскага кіно, заўважная прысутнасць расійскай анімацыі, але да 2020 года яна ў пэўным сэнсе «разбаўлялася» і гасцямі з Польшчы, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Бельгіі.
За апошнія ж чатыры гады гэта дамінанта расійскай прысутнасці стала, так бы мовіць, натуральнай, той, якая сама сабой зразумела. Хоць у склад журы і ўваходзяць творцы, скажам, з Казахстана, Ірана, Кітая.
Аднак у гэтым годзе аргкамітэт падзяліўся яшчэ адным «дасягненнем» «Анімаёўкі» — пераможцы магілёўскага форуму атрымаюць дадатковыя балы пры паступленні ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры. У кірунку падрыхтоўкі «Народная мастацкая культура» патэнцыйны лаўрэат здолее атрымаць прафесію ў названай ВНУ па профілі «Кіраўнік студыяй анімацыйнай відэатворчасці. Выкладчык» нароўні з пераможцамі кіна- і анімацыйных фестываляў з расійскіх гарадоў: Златауст, Самара, Масква, так званай Рэспублікі Крым. «Анімаёўка» прыраўніваецца да іх статусу.
Хтосьці можа падумаць, што гэта, напэўна, добрая магчымасць займець прафесію, на якую рэдка адкрываецца набор у Беларусі. Так, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў курс па падрыхтоўцы аніматараў набіраецца не кожны год. Але загвоздка ў тым, што літаральна летась «па пагадненні бакоў» беларуская інстытуцыя не працягнула кантракт з выкладчыкам і вядомым беларускім майстрам-аніматарам Міхаілам Тумелем, не даўшы яму давесці свой курс. Плюс да ўсяго, ужо ў гэтым годзе «ціхія» рэпрэсіі аніматараў дайшлі да студыі анімацыйных фільмаў «Беларусьфільма». Скажам, сёлета быў звольнены з кінастудыі вядомы беларускі рэжысёр-аніматар Аляксандр Ленкін, персанажы фільмаў якога, дарэчы, упрыгожваюць актуальную афішу «Анімаёўкі». Ці не парадокс? Пры такой культурнай палітыцы прыходзіш да высновы, што ў хуткім часе ў выніку «чыстак» нядобранадзейных адмыслоўцаў вучыць будучых беларускіх (і тады ці беларускіх?) аніматараў будуць у Расіі. Прычым са згоды і з дапамогай беларускіх уладаў.
А так усё выглядае «стабільна і прыгожа» — Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» ў Магілёве сёлета пройдзе 25-27 верасня.