Беларуская паэтка іспанскага паходжання. Гэта Анхела Эспіноса, якая кажа, што ніякіх беларускіх каранёў не мае, або прынамсі ёй пра гэта нічога не вядома. Мова Гомель пагутарыла з Анхелай, каб дазнацца, навошта яна вывучыла беларускую мову, і чым, на яе думку, беларусам, варта ганарыцца.
Анхела на сёння працуе выкладчыцай на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, выкладае ў тым ліку беларускую мову для беларусаў. І распавядае пра сябе так:
— Мяне завуць Анхела Эспіноса. Я пішу паэзію па-беларуску. Я нарадзілася ў Іспаніі, мае бацькі, дзядулі і бабулі таксама. Далей у родзе няма, наколькі я ведаю, ні беларусаў, ні ліцьвінаў, нікога такога. Я вывучыла беларускую мову, калі ўжо было дарослай, пачала ва ўзросце недзе 20-ці гадоў. Цяпер я займаюся не толькі паэзіяй. Я — кандыдат філалагічных навук, і працую ў Варшаўскім універсітэце на кафедры беларусістыкі.
Лагічна паўстае пытанне: навошта вам было вучыць беларускую мову? І пытанне актуальнае яшчэ і ў тым кантэксце, што і многія беларусы, напэўна, яго сабе задаюць.
— Я разумею, што пытанне актуальнае, хоць і вельмі дэпрэсіўнае. Я валодаю некалькімі мовамі, і ніхто не пытае пра іншыя мовы нічога такога, навошта я іх вывучаю. Я вывучаю мовы, бо мне падабаецца, у мяне такое хобі, я — паліглотка, я люблю гэта, люблю чытаць літаратуру на арыгінальнай мове, глядзець фільмы, знаёмствы люблю на розных мовах. Адказ жа для беларуса, які задумваецца, ці варта яму ці ёй вяртацца да каранёў, будзе абсалютна іншы, я думаю, гэта абсалютна адрозная справа. Навошта беларуская мова сёння, цяпер? Я думаю, што прынамсі як мінімум, каб выйсці ментальна ад рускамоўнага інфармацыйнага кола, ад такой прасторы, дзе ўсё па-руску. Нават калі глянем на дэмакратычныя крыніцы, то і так усё пішацца праз прызму, усё праходзіць праз манаполію Расіі, усе захоўвае форму і семантыку расійскіх фармулёвак. Чаму пасля распаду СССР літоўцы пачалі размаўляць па-літоўску? Таму што гэта іх мова, іх родная мова. Навошта? Паглядзіце на вынікі: хто ў Еўразвязе, а хто цягаецца ў невядома ў якім кірунку.
Я ведаю, мне скажуць, што найперш эканоміка, дэмакратыя, а потым мова. Так не атрымаецца.
Я не думаю, што атрымаецца. Можа, калі я пабачу адзін такі выпадак, што вось дэмакратычная краіна, якая на дзяржаўным узроўні рускамоўная, тады я змяню сваё меркаванне.
Колькі моў вы ведаеце?
— Ой, гэта вельмі цяжкае пытанне. Узровень валодання мовы ён змяняецца. І што значыць валодаць мовай? Калі пытанне пра тое, на колькіх мовах я магу размаўляць так, як цяпер з вамі па-беларуску, то гэта будзе мала моў. Калі пытанне пра тое, на колькіх мовах я магу больш-менш падтрымаць размову, нейкія турыстычныя пытанні вырашыць, то гэта будзе шмат моў. Таму я заўсёды не ведаю, што адказаць на гэтае пытанне. Вось свабодна размаўляць, каб я адчувала сябе вольна, не адчувала сябе дурнейшай, чым ужо ёсць, то гэта іспанская мова, мая родная, англійская мова і беларуская. Па-польску нармальна размаўляю, бо я жыву цяпер у Польшчы, але па-польску так упэўнена, як па-беларуску, я сябе не адчуваю, напрыклад.
Наколькі складана было вывучыць беларускую мову? Колькі часу тэарэтычна гэта заняло, ці гэты працэс надалей працягваецца?
— Працэс вывучэння мовы ён заўсёды працягваецца, нават роднай мовы, бо не можам ведаць усе нюансы ўсіх слоў, структур. У мяне працэс заняў больш часу, чым магло быць, таму што цяжка было сабраць матэрыялы для вывучэння мовы. Нічога няма. Тым больш, калі я пачала недзе 11 гадоў таму ўжо, то пагатоў, яшчэ менш было матэрыялаў. Мне было важна, каб вучыць беларускую мову не на аснове рускай мовы, таму што цяжка на аснове замежнай мовы, якой не валодаеш дасканала, вывучыць яшчэ адну мову. Ну што, я знайшла адну кнігу па-англійску канца 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Але я перайшла вельмі хутка да жывых матэрыялаў, бо вельмі мала матэрыялаў, каб вывучаць замежніку беларускую мову.
Распавядзіце, калі ласка, вашу гісторыю знаёмства і сяброўства з кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Вы самы скончылі гэты ўніверсітэт, і цяпер у ім працуеце.
— Я скончыла бакалаўрыят у Гранадзе, у Іспаніі. Гэта была славянская філалогія, а я хацела яшчэ пайсці на беларускую філалогію, і знайшла, што ў Еўразвязе такая кафедра ёсць у Варшаве. Таму я пайшла ў Варшаўскі ўніверсітэт. Вельмі файна я вучылася, вельмі добрыя выкладчыкі там, якія любяць тое, што робяць. Потым зноў вярнулася ў Іспанію і пайшла ў Мадрыдскі ўніверсітэт у аспірантуру. Большасць праграмы прайшла ў Мадрыдзе, але прыязджала ў Варшаву, нават выязджала ў Мінск, у Нацыянальную бібліятэку. Потым абаранілася, тады пачаўся каранавірус, а я пачала новую магістратуру — навучанне замежных моў. Адпрацавала адзін год у Гранадскім універсітэце, выкладала там польскую мову для іспанцаў. Але потым з’явілася месца на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, мяне паклікалі, я з задавальненнем прыехала і вось я тут.
І што вы выкладаеце ў Варшаўскім універсітэце?
— Ой, я ўсяго пакрыху. Я самая новая выкладчыца, таму мяне трымалі як вольную карту. Але мне таксама было цікава паспрабаваць сябе ў новых галінах. Я часта выкладаю беларускую мову для пачаткоўцаў і не толькі. Выкладаю ўводзіны ў літаратуразнаўства, выкладала ў гэтым годзе гісторыю беларускай літаратуры пачатку 20-га стагоддзя, «нашаніўскі» перыяд у мяне быў. Стварыла некалькі аўтарскіх прадметаў, ладзіла семінары на англійскай мове. Па-беларуску ў мяне для магістрантаў быў прадмет «сучасная паэзія». І ў мяне нават некалькі гадзін выкладання іспанскай мовы.
На сённяшні дзень, калі людзі дазнаюцца, што ў Варшаве ёсць беларуская філалогія, то могуць задаць пытанне, а навошта некаму ў Варшаве вучыць беларускую мову?
— Не, такога пытання не задаюць. У Варшаве вельмі папулярная беларуская мова. Цяпер нават у Варшаве можа і хутчэй пачуеш беларускую мову, чым у Мінску з увагі на тое, як выглядаюць справы. Гэта можа і не перабольшванне. Шмат беларусаў цяпер вяртаюцца да сваіх каранёў, хочуць лепей пазнаць сваю родную мову, ёсць студэнты, якіх выкінулі з універсітэтаў, яны стараюцца далучацца да нас. У нас было так, што заўсёды большасць групы былі палякі і толькі парачка беларусаў, а цяпер наадварот, таму мы нават змянілі падыход да заняткаў. Але часта прыязджаюць да нас і людзі з нацыянальнай меншасці, з Падляшша асабліва. Ясна, што гэта не будзе самы папулярны кірунак, ясна, што для многіх студэнтаў гэта можа быць другі кірунак, а можа яны слаба здалі іспыты, хацелі на іншую філалогію, але патрапілі сюды, але шмат хто застаецца. Мы разумеем, што гэтая адукацыя будзе запатрабаваная і ў Беларусі ў перспектыве. Філолаг не абавязкова мусіць нешта даследаваць або выкладаць, ёсць сярод нашых выпускнікоў журналісты, ёсць людзі ў дыпламатыі, ёсць у турыстыцы, у культурніцкіх арганізацыях, у недзяржаўных арганізацыях розных.
«Для мяне беларуская — гэта адна з улюбёных літаратур»
Беларуская літаратура — гэта нешта нуднае, што прымушаюць вучыць у школе, ці гэта файна, сучасна і цікава? Як вы адказваеце на такое пытанне?
— Для мяне, безумоўна, гэта файна, сучасна і цікава. Але ёсць такая тэорыя, што праграма яшчэ з савецкіх часоў накіраваная на фарміраванне такой думкі, што беларуская літаратура нудотная, нікому не патрэбная, што ў параўнанні з рускай літаратурай яна маленькая, правінцыйная, не важная, і там толькі пра вёску і пра вайну. Так, ёсць шмат пра вёску і пра вайну, бо гэта беларускія рэаліі, асабліва тых часоў, калі глянуць у гістарычнай перспектыве. Але ёсць шмат пра ўсё іншае. І любоўная лірыка, і фэнтэзі, і прыгодніцкія кнігі, і эратычныя апавяданні, напрыклад, Адама Глобуса. Ёсць усё і на кожны густ. Для мяне беларуская — гэта адна з улюбёных літаратур.
Чым беларусы могуць ганарыцца? Або чым вы як беларуская паэтка можаце ганарыцца?
— Я б пачала з гісторыі, што Беларусь ніколі не была імперыяй. Бо мне, як іспанцы, вельмі сорамна за імперскія часы Іспаніі, а ў беларусаў гэтага сораму не будзе. А потым калі толькі пашукаць у літаратуры, у музыцы, у рок-музыцы, у мастацтве, то шмат усяго. Можна ганарыцца і ўзроўнем цывільнага выхавання людзей. Людзі з гэтага многія смяяліся, стварылі мэм, што ай, беларусы здымаюць абутак, калі становяцца на лаўку, але гэта важна. Гэта значыць, што беларусы цэняць свой горад, цэняць тое, што маюць, дбаюць пра сваю прастору, сваю вёску. Гэта сорамна? Гэта не сорамна, гэта важна. Можна ганарыцца тым, што беларуская мова ўсё ж захавалася праз стагоддзі, хоць так старанна імкнуліся знішчыць яе. Можна ганарыцца фальклорам, народнай культурай, гісторыяй. Варта заўсёды шукаць, чытаць, цікавіцца і знойдзецца заўсёды, чым ганарыцца. І паколькі іншыя еўрапейскія народы беларусаў часта не ведаюць, няма такога стэрэатыпнага вобразу беларуса асабліва на ўсходзе Еўропы, ёсць магчымасць самім стаць амбасадарамі сваёй культуры, сваёй краіны, сваёй нацыі, сваёй гісторыі. Можна прадставіць Беларусь у такім святле, у якім яе бачым мы. І гэта вельмі важна. Таму трэба ганарыцца самімі сабою.
Анхела кажа, што піша надалей вершы па-беларуску. У яе арсенале — новы паэтычны зборнік, які, спадзяецца яна, пабачыць свет яшчэ ў гэтым годзе. А вось адзін з ранейшых вершаў Анхелы:
Беларусь сьпіць
Беларусь сьпіць пад цёплай, шэрай коўдрай,
І ня можа пазбавіцца ад кашмараў.
Баіцца зваліцца з ложка,
Амаль не рухаецца.
Я хачу сьпяваць ёй калыханку,
І пацалаваць на ноч.
Сьпі ціха, спакойна, мая дзяўчынка,
Прачынайся ранкам, з новым днём,
Калі сонца зьнішчыць цемру
Мячом сьвятла,
Калі прыйдзе вясна ў каляровай сукенцы,
Сьпі спакойна й прачынайся ў той час,
Калі спакою будзе недастаткова.
Фота прадастаўленыя гераіняй матэрыялу.