Магчымасць падтрымаць сучаснае беларускае мастацтва і набыць унікальныя творы – працягнуты анлайн-аўкцыён у рамках выставы “Застацца / Zostać”

25.08.2025 Мастацтва

Да 30 жніўня працягнуты анлайн-аўкцыён у падтрымку сучаснага беларускага мастацтва. Аўкцыён ладзіцца ў рамках выставы «Застацца / Zostać», прысвечанай 60-годдзю Алеся Пушкіна. Стаўкі пачынаюцца ад 100 еўра.

puszkin.png

Партрэт Алеся Пушкіна. Ксіша Анёлава

Працы ўдзельнікаў і ўдзельніц выставы прадстаўлены на сайце alespushkin.com. Каб зрабіць стаўку, дастаткова напісаць арганізатарам на электронную пошту, пазначаную на сайце. Гэта выдатная магчымасць падтрымаць сучаснае беларускае мастацтва і набыць унікальныя творы.

Чаму гэта важна?

Аўкцыён — гэта не толькі мастацкая падзея, але і жэст салідарнасці. Усе сродкі, сабраныя падчас аўкцыёну, пойдуць непасрэдна аўтарам і аўтаркам. Гэта рэальны спосаб падтрымаць мастакоў і мастачак, якія, нягледзячы на эміграцыю, цэнзуру, траўмы і адсутнасць інстытуцыйнай падтрымкі, працягваюць ствараць.

Выстава «Застацца / Zostać» стала не толькі прасторай памяці Алеся Пушкіна, але і пляцоўкай, дзе гучыць голас сучасных беларускіх творцаў. Аўкцыён — працяг гэтага дыялогу і магчымасць далучыцца да яго праз дзеянне.

dead-boy.png
Ghosts. Аўтар: Dead Boy

На сайце аўкцыёна прадстаўлены жывапіс, інсталяцыі і скульптуры беларускіх мастакоў і мастачак, якія праз мастацтва асэнсоўваюць досвед выгнання, рытуалаў, побыту, а таксама спробу знайсці ўнутраную апору ў часы, калі ўсё навокал змяняецца.

Удзельнікі і ўдзельніцы аўкцыёну: Ксіша Ангелава, Ніна Маргаева, Святлана Баева, Аляксей Врублеўскі, Юлія Мекес, Dead Boy, Ксенія Лагавая, @белы, Лера Лазук, Святаслаў Камароў, Яраслаў Гамолка, SD, Андрэй Духоўнікаў, Ілля Дудараў

zostac-2.png
Iнсталяцыя 'Migracion'. Аўтар: Аляксей Урублеўскі

Усе лоты даступныя на сайце www.alespushkin.com/be/exhibition