6 жніўня 2025 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Застацца / Zostać», прысвечанай 60-годдзю Алеся Пушкіна — мастака, для якога свабода была каштоўнасцю, а мастацтва сродкам гаварыць пра боль, годнасць і супраціў.
Выстава будзе працаваць да 20 жніўня 2025 года. Уваход вольны.
«Застацца / Zostać» — гэта даследаванне ідэнтычнасці, памяці, міграцыі і штодзённасці, якое аб’ядноўвае асабістае і супольнае, трагічнае і жыццёвае, боль і надзею.
Гэты праект не столькі пра самога Алеся Пушкіна, колькі пра тэмы і вобразы, якія былі цэнтральнымі ў яго творчасці і жыцці, і якія працягваюць жыць сёння праз іншых мастакоў і мастачак. Свабода і адказнасць, супраціў і годнасць, памяць і супольнасць — гэтыя ідэі, якія Пушкін ператвараў у мастацкія жэсты, цяпер знаходзяць новыя формы і галасы, застаючыся важнымі для тых, хто стварае і шукае апору ў часе зменаў. Выстава паказвае, як мастацтва можа працягваць гаварыць там, дзе слова замірае, і як праз асабістае перажыванне мастакі і мастачкі працягваюць рухаць наперад тое, што было каштоўна для Пушкіна: любоў да Беларусі, смеласць быць сабой і памяць пра тых, хто змагаўся і застаўся. Проект створаны ў партнёрстве з Офісам Светланы Ціханоўскай.
На выставе будуць прадстаўлены жывапіс, інсталяцыі і скульптуры беларускіх мастакоў і мастачак, якія праз мастацтва асэнсоўваюць досвед выгнання, рытуалаў, побыту, а таксама спробу знайсці ўнутраную апору ў часы, калі ўсё навокал змяняецца.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены працы наступных мастакоў і мастачак:
Ксіша Ангелава, Ніна Маргаева, Святлана Баева, Аляксей Врублеўскі, Юлія Мекес, Dead Boy,Ксенія Лагавая, @белы, Лера Лазук, Кася Варакса, Святаслаў Камароў, Яраслаў Гамолка, Міхаіл Гулін, Андрэй Духоўнікаў, Ілля Дудараў.
Алесь Пушкін. Фота: Янак Коўзель
«Застацца / Zostać» — гэта не толькі спосаб ушанаваць Алеся Пушкіна, але і магчымасць пачуць голас сучасных беларускіх мастакоў і мастачак, якія, нягледзячы на новыя абставіны, працягваюць ствараць і пераадольваць цяжкасці, звязаныя з эміграцыяй, траўмамі і цішынёй.
У рамках выставы, з 10 жніўня, адкрыецца аўкцыён, на якім будуць прадстаўлены працы мастакоў і мастачак, што ўдзельнічаюць у выставе. Гэта вельмі важна, бо ўсе сродкі ад аўкцыёну пяройдуць да аўтараў і аўтарак, што стварае цудоўную магчымасць падтрымліваць і развіваць іх творчасць. Такім чынам, кожны глядач атрымае не толькі ўражанні ад выставы, але і зможа ўдзельнічаць у падтрымцы сучаснага беларускага мастацтва.
Лоты аўкцыёну будуць паказаны на старонцы праекта alespushkin.com, дзе кожны можа азнаёміцца з працамі і зрабіць свой унёсак у падтрымку сучаснага беларускага мастацтва.
Дата і час: 6 жніўня 2025 года, збор а 18:30, пачатак а 19:00
Месца: двор Музей Вольнай Беларусі, (Foksal 11, Warszawa)
Праграма адкрыцця:
— Размовы пра Алеся Пушкіна
— Выступ жаночага хору SPIEVY
— Музыка ад DJ Xeenool
— Прэзентацыя экспазіцыі сучаснага беларускага мастацтва (14 мастакоў і мастачак, 19 прац з Польшчы, Літвы, Германіі, Італіі)