Анонс лекцый па традыцыйным узорным ткацтве

07.05.2013 Афіша

З лютага па красавік у філіяле Веткаўскага музея праходзіў цыкл лекцый па традыцыйнай драўлянай архітэктуры Гомельшчыны. З 11 мая распачынаецца другі запланаваны ў 2013 годзе цыкл, прысвечаны традыцыйнаму ўзорнаму ткацтву.

У калекцыі народных тканін фонда музея – больш за 2 000 прадметаў. Гэта ўнікальны па “шчыльнасці” прадстаўленых традыцый рэгіёна збор і самы “апублікаваны” (выдадзена калектыўная манаграфія “Арнаменты Падняпроўя”, Мн., 2002). Выключную цікавасць уяўляе спосаб набывання экспанатаў падчас паслядоўных экспедыцый, якія даследуюць традыцыі ткацтва і іх “перацяканне” ўздоўж мясцовай рачной сістэмы. Пры гэтым збіраюцца і пасля прадастаўляюцца не толькі ўзорныя тканіны, але і багацейшая абрадавая, фальклорная культура. Унікальным стаў збор мясцовай тэрміналогіі ткацтва (больш 600 назваў арнаментальных элементаў).

Прапануем Вашай увазе тэмы і даты правядзення лекцый:

11 мая – “Ткацтва як стварэнне сусвету і лёсу. Семантыка тэхналогіі і кампазіцыя рэчы як мадэль культурнай прасторы”(Нячаева Г.Р., Цалка П.М.);

26 мая – “Семантыка тканін і тканы космас ва ўбранстве дома” (Нячаева Г.Р., Багданава Н.М.);

8 чэрвеня – “Ручнік – пабудова рэчы ілакальныя кампазіцыі арнаменту” (Нячаева Г.Р., Цалка П.М.);

22 чэрвеня – “Лёс старажытных знакаў: археалогія і традыцыйныя тканіны” (Нячаева Г.Р., Драбушэўскі А.І.).

Час пачатку лекцый: 12.00.

Адрас: г. Гомель, філіял Веткаўскага музея, пл. Леніна, 4. (тэрыторыя Палацава-паркавага ансамбля, за саборам Пятра і Паўла).

Кошт уваходу: 5 000.

Тэл.: 8 (0232) 74-10-40, 74-88-87

vetka-museum.by