З’явілася кніга «Il mondo è finito e noi invece no: Antologia di poesia bielorussa del XXI secolo» (Свет скончыўся, а мы не: анталогія беларускай паэзіі 21 стагоддзя), якая ўключае пераклады на італьяскую мову беларускай паэзіі апошніх дзесяцігоддзяў, піша bellit.info. Першая прэзентацыя пройдзе на берлінскай «Прадмове».
Анталогія раскрывае перад італьянскімі чытачамі разнастайны і амаль зусім невядомы ў Італіі свет сучаснай беларускай паэзіі: сорак аўтараў і аўтарак, больш за сотню вершаў, якія ахопліваюць перыяд з 2000 па 2024 гады. Такім чынам, анталогія з’яўляецца першым і на сённяшні дзень найбольш поўным аглядам сучаснай беларускай паэзіі, прадстаўленай вельмі рознымі па стылі, тэматыцы і нават па мове і алфавіце творамі: тут ёсць вершы на беларускай і расейскай мовах, а таксама два тэксты на ідыш і тры на ўкраінскай. Вершы ўяўляюцца траекторыямі, што перасякаюцца між сабой, працінаюць пакаленні і асабістыя гісторыі, і зліваюцца ў адным трагічным і ўзнёслым хоры, які — і моўчкі, і на поўны голас — паўтарае: «Свет скончыўся, а мы не».
Ілюстрацыя на вокладцы анталогіі ад мастачкі Святланы Дземідовіч. Прадмову напісала літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына.
Арганізатарам прэзентацыі анталогіі перакладаў на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» выступіць паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў.
Удзельнікамі мерапрыемства будуць перакладчыкі і аўтары Алесандра Акілі (Alessandro Achilli), Джулія Дэ Флорыа (Giulia De Florio), Мая Галаванава (Maya Halavanava), Дзмітрый Строцаў, Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Зміцер Вішнёў, Андрэй Хадановіч.
Час і месца: 19 кастрычніка, субота, пляцоўка А, 15.30–16.30 (больш падрабязная інфармацыя па спасылцы).