Ануча замест рэстаўрацыі: як дзяржава «дбае» пра захаванне помнікаў архітэктуры на Магілёўшчыне

Знішчэнне ўнікальнага драўлянага помніка архітэктуры — сядзібы-музея Мяшчэрскіх у Клімавічах, пра якое мы нядаўна пісалі, стала шокам для некаторых краязнаўцаў і аматараў гісторыі. А што адбываецца з помнікамі архітэктуры ў суседніх раёнах? Якія ёсць праблемы? Распавядаем пра сітуацыю і (ня)ўдалыя спробы рэстаўрацыі культурных помнікаў.


Касцюковіччына — цагляныя помнікі занядбаны, адна драўляная царква разбураецца, другая згарэла

У Касцюковіцкім раёне ёсць шэраг адметных архітэктурных аб’ектаў, якія знаходзяцца ў занядбанні.

Гаўрыленка

Вёска Гаўрыленка знаходзіцца ў 30 кіламетрах ад Касцюковічаў і яе галоўная славутасць — Свята-Пакроўская праваслаўная царква. Сёння драўляны храм сярэдзіны XIX стагоддзя ператвараецца ў руіны.

Vyhliad carkvy ŭ saviecki čas
Выгляд царквы ў савецкі час, якая знаходзілася каля школьнага стадыёна, 1970-я гг. Крыніца: radzima.org

Царква была ўзведзена ў 1863 годзе на беразе рэчкі Зубр. У 1884 годзе ў царкве была адкрыта прыходская школа. Пасля кастрычніцкага перавароту царква была зачынена. У савецкі час тут размяшчалася збожжасховішча.

Carkva
Выгляд драўлянай царквы ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Крыніца: orda.of.by

Гісторыя царквы авеяна легендамі. Адна з іх — падземны ход, які нібыта звязваў яе з капліцай на мясцовых могілках. Некаторае падабенства ходу захавалася да гэтага часу, але, на жаль, на сёння гэты магчымы ход засыпаны зямлёй.

Carkva
Цяперашні выгляд царквы. Фота аўтара

Дзіўнай прыгажосці храм, які без перабольшання можна назваць перлінай драўлянага дойлідства, доўгі час з’яўляўся сельскім духоўным цэнтрам. Але цяпер гэты каштоўны гістарычны помнік у хуткім часе можа ператварыцца ў руіны. Натуральна, што праблема разбурэння помніка ўзнікла не цяпер, але з кожным годам стан сакральнай пабудовы пагаршаецца.

Carkva Унутры занядбанай царквы. Фота аўтара

Carkva
 Надпіс 1906 года на драўляных сценах царквы. Фота: orda.of.by

Канічы

Вёска Канічы, што каля Касцюковічаў, адметная сваёй багатай архітэктурнай спадчынай: касцёлам, царквой і броварам. Яшчэ некалькі гадоў таму ў Канічах знаходзілася закінутая драўляная царква Раства Багародзіцы, пабудаваная на пачатку 1860-х гг. Нягледзячы на тое, што драўляная царква была разбурана і паступова ператваралася ў руіны, яе было магчыма захаваць як помнік драўлянай архітэктуры. Цяпер гэта ўжо немагчыма, бо царква ў 2019 годзе згарэла дашчэнту.

Carkva
Выгляд драўлянай царквы, якая згарэла. Фота: wikipedia.org

Яшчэ адным помнікам культавай архітэктуры Канічаў з’яўляецца касцёл Святых Анёлаў Ахоўнікаў, які быў пабудаваны ў 1910 годзе. За савецкім часам храм спрабавалі зруйнаваць, вырываючы кавалкі сценаў з дапамогай трактароў, але цалкам знішчыць будынак не атрымалася — разбуранымі апынуліся толькі дзве калоны пры ўваходзе. Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры неараманскага стылю. На сённяшні момант ён закінуты і пакрысе разбураецца.

Cahliany kasciol u Kaničach
Цагляны касцёл у Канічах пачатку ХХ стагоддзя. Фота: wikipedia.org

Ад шляхецкага роду Цеханавецкіх, якія некалі валодалі Канічамі, застаўся толькі бровар з чырвонай цэглы, які знаходзіцца амаль пасярод вёскі. Пабудаваны ён быў у 1913 годзе. На сёння яго тэрыторыя парасла дрэвамі і кустоўем. Сярод усіх мясцовых архітэктурных помнікаў мінуўшчыны ён найлепш захаваўся.

Brovar z čyrvonaj cehly
Бровар з чырвонай цэглы пачатку ХХ стагоддзя. Фота: wikipedia.org

Такім чынам, апошнім часам у Канічах згарэла царква другой паловы ХІХ стагоддзя, а касцёл з броварам закінутыя, што стварае сумную карціну паселішча з багатай мінуўшчынай.

Мсціслаўшчына: замест рэканструкцыі барочнага храма пабудавалі новы драўляны

У вёсцы Сялец Мсціслаўскага раёна ёсць унікальнае і атмасфернае месца — Свята-Ануфрыеўская царква ХVІІІ стагоддзя, якая была пабудавана ў стылі барочнага класіцызму. Узведзена яна была як уніяцкая пры даўнім праваслаўным манастыры, а пасля паўстання 1830-1831 гадоў была перададзена праваслаўным.

Храм захаваўся няблага, але выглядае досыць сумна, бо патрабуе грунтоўнай рэстаўрацыі. У 2007 годзе Свята-Ануфрыеўская царква ХVІІІ стагоддзя была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як аб’ект гістарычнай спадчыны рэспубліканскага значэння. Але на гэтым усё і скончылася, бо ўнікальны помнік сакральнай архітэктуры так і застаецца гібець, пакрысе развальваючыся пад уплывам часу.

Chram
Унікальны храм ХVІІІ стагоддзя, які патрабуе рэканструкцыі. Фота: radzima.org

Шмат год у Сяльцы не было дзейнай царквы, бо стары манастырскі корпус за савецкім часам быў пераабсталяваны пад школу, а царква — пад спартыўную залу. У 1950-х гадах улады разабралі металічны дах будынка, які знаходзіўся ў аварыйным стане. Мясцовыя вернікі раней звычайна ездзілі за 17 кіламетраў у Мсціслаў, каб паўдзельнічаць у царкоўнай службе. Аднак шэсць гадоў таму жыхары Сяльца сабралі подпісы і хадайнічалі аб аднаўленні царкоўнага жыцця.

Духавенства дала згоду на аднаўленне праваслаўнага прыхода, аднак аднаўляць старадаўні помнік сакральнай архітэктуры не сталі, а ўзяліся за будаўніцтва новай драўлянай царквы. Сродкі на будаўніцтва храма дапамагалі збіраць не толькі мясцовыя жыхары, але і вернікі з Мсціслава.

Malieńki draŭliany chram
Маленькі драўляны храм, пабудаваны каля старадаўняга манастыра. Фота: mstlife.by

У верасні 2017 года ў Сяльцы пачалося будаўніцтва царквы, а ў лютым 2018 года храм ужо быў асвечаны.

Vyhliad draŭlianaha chrama na fonie Sviata-Anufryjeŭskaj carkvy
Выгляд драўлянага храма на фоне Свята-Ануфрыеўскай царквы ХVІІІ стагоддзя. Фота: mstlife.by

Адзначым, што Свята-Ануфрыеўская царква няблага захавалася да сённяшняга дня і яе пры жаданні можна адрэстаўраваць і прывесці ў належны выгляд. Больш за тое, краязнаўцы ўжо зрабілі графічную рэканструкцыю храма.

Pryblizny vyhliad staradaŭniaha chrama paslia rekanstrukcyi
Прыблізны выгляд старадаўняга храма пасля рэканструкцыі. Фота: radzima.org

Слаўгарад: вежа Галіцына разбураецца, стары будынак пошты схаваны ад вачэй

У помніку садова-паркавага мастацтва канца XVIII стагоддзя, што быў заснаваны на сутоку рэк Сожа і Проні, знаходзіцца вежа з чырвонай цэглы — адзінае збудаванне, што захавалася ад сядзібы Галіцыных. 

З кожным годам стан старой пабудовы пагаршаецца, яна патрабуе кансервацыйных работ, якія дазволілі б захаваць сённяшні стан аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны горада.

Sionniašni vyhliad viežy siadziby Halicyna XVIII stahoddzia
 Сённяшні выгляд вежы сядзібы Галіцына XVIII стагоддзя. Фота: wikipedia.org

Нагадаем, што пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай імператрыцай Кацярынай ІІ тагачасны Прапойск (цяпер Слаўгарад) быў перададзены ва ўладанне расійскаму генералу Аляксандру Галіцыну. Менавіта пры ім быў заснаваны прыгожы парк пейзажнага тыпу. Ён быў прарэзаны трыма ярамі і абмяжоўваўся лясным масівам. 

Кампазіцыю парку складалі газон, кветнікі, грот, скульптура, тэхнічныя збудаванні. Парк у паўночнай частцы спалучаўся з гарадзішчам, а на месцы старадаўняга замка быў пабудаваны палац, ад якога зараз захавалася толькі цагляная вежа. Сам слаўгарадскі парк на сённяшні дзень пашкоджаны і захаваўся толькі часткова. 

Што цікава — ні паркавы комплекс, ні вежа не выступаюць адметнасцямі сённяшняга Слаўгарада. На сайце Слаўгарадскага райвыканкама сярод славутасцей можна ўбачыць археалагічны комплекс Замкавая гара, але вежы і парку там няма, хоць гэтая гарадская лакацыя магла б стаць вельмі пазнавальным і адметным месцам, якое прыцягвала б турыстаў.
Таксама адзначым, што ў канцы лютага 2021 года ў слаўгарадскім садова-паркавым комплексе быў знішчаны дом другой паловы XVIII стагоддзя. Будынак, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, не меў ахоўнага статусу. Двухпавярховы дом быў пабудаваны ў 1770-х гадах яшчэ за часамі князя Аляксандра Галіцына. Незадоўга да знішчэння з’явілася ідэя перанесці ў яго сцены раённы цэнтр дзіцячай творчасці і дзіцячую школу мастацтваў, але жаданне не здзейснілася.

Vyhliad zniščanaha budynka 1770-ch hadoŭ u slaŭharadskim parku
Выгляд знішчанага будынка 1770-х гадоў у слаўгарадскім парку. Крыніца: mogilev media

Яшчэ адным важным архітэктурным помнікам Слаўгарада з’яўляецца будынак пошты ў неагатычным стылі. Паштовая станцыя ў мястэчку Прапойск на старой Варшаўскай шашы была пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі другой катэгорыі. Сёння будынак знаходзіцца ў паўразбураным стане і не выкарыстоўваецца.

Paštovaja stancyja ŭ Prapojsku
Паштовая станцыя ў Прапойску. Фота: radzima.org

Уласнікам будынка з’яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама. Каб схаваць разбурэнні гістарычнай каштоўнасці, на фасад старога будынка быў нацягнуты тэнт. Тэнт на паштовай станцыі ў Слаўгарадзе вісіць аж з 2017 года, прычым быў усталяваны «ў мэтах забеспячэння бяспекі і захавання будынка»

Але якім чынам ануча можа забяспечваць захаванасць будынка? На сённяшні дзень жыхары Слаўгарада вымушаны глядзець на анучу з малюнкам на фасадзе пошты замест таго, каб глядзець непасрэдна на помнік.

Vyhliad budynka staroj pošty
Выгляд будынка старой пошты на сённяшні дзень. Фота аўтара

Мясцовая ўлада плануе рэканструяваць гістарычны будынак пад раённы музей у рамках дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021-2025 гады. Але ці адбудзецца аднаўленне гарадской гістарычнай каштоўнасці, пакажа будучыня.

Крычаў: будынак былой плябаніі занядбаны, капліца пачатку ХХ стагоддзя пад пагрозай 

Капліца, што была пабудавана на пачатку ХХ стагоддзя, знаходзіцца ў старой частцы Крычава ў раёне пад назвай Забялышан. Прычым размешчана яна напасрэдна на тэрыторыі Забялышанскіх могілак, вядомых яшчэ з XVII стагоддзя. Яна ўяўляе сабой чатырохвугольную бярвенчатую канструкцыю з сасновага распілаванага дрэва. У верхняй частцы чатырохскатнага даха ўмацаваны драўляны крыж. Некалі дах быў пакрыты гонтам (рэшткі яго можна пабачыць знутры), а цяпер — проста шыферам. Яшчэ з дзясятак год таму ў капліцы былі дзверы простай сталярскай работы, але на сёння яны выбітыя.

Kaplička
Выгляд каплічкі ўзімку 2023 года. Фота аўтара

Раней тэма драўлянай каплічкі на старых могілках Крычава ўжо падымалася. Пасля публікацыі матэрыялу ў 2022 годзе мясцовыя ўлады зрэагавалі на праблему, паднятую журналістамі — прыбралі ўнутры драўлянай каплічкі смецце. Больш за тое, каб ніхто не мог больш засмечваць помнік мясцовага значэння, камунальныя службы забілі ўваход драўлянымі дошкамі.

А на сённяшні дзень праблема зноўку актуалізавалася. Частка драўляных дошак, якімі забілі ўваход ў каплічку, была выламана, а ўнутр культавага збудавання зноў пачалі закідваць смецце. На дадзены момант унутры капліцы валяецца надмагільныя мармуровыя помнікі і спілаваныя бярозавыя калодкі. У далейшым смецця будзе яшчэ больш, бо ўвайсці ў драўлянае стогадовае збудаванне можна з лёгкасцю, як і насмеціць там.

Smieccie
 Смецце, якое сёння валяецца ўнутры культавага збудавання на крычаўскіх могілках. Фота аўтара

З’явілася і яшчэ адна праблема. На самым версе чатырохскатнага даха капліцы да нядаўняга часу знаходзіўся невялікі драўляны крыж, які сведчыў пра культавае значэнне збудавання. Сёння на версе капліцы крыжа няма, ён згубіў сваю гарызантальную перакладзіну і цяпер выглядае простай вертыкальнай палкай наверсе драўлянага помніка. 

Kaplička
Цяперашні выгляд каплічкі з выбітымі дошкамі і пашкоджаным крыжам наверсе

Яшчэ адзін боль старажытнага Крычава — занядбаная плябанія. Пасля разбурэння каталіцкага храма Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў 1930-х гадах бальшавікамі, плябанію, якая адносілася да касцёла, вырашылі не руйнаваць, а перабудавалі. У пасляваенныя часы тут знаходзіўся мясцовы паштамт. У ім з тыльнага боку размяшчалася прыбудова з белай цэглы, якая несла функцыю кацельні, што ацяпляла памяшканні будынка для працаўнікоў пошты. Сёння ў былой кацельнай вокны выбітыя, дзвярэй няма.

Vyhliad pierabudavanaj dvuchpaviarchovaj pliabanii na niamieckim zdymku 21 žniŭnia 1941 hoda
Выгляд перабудаванай двухпавярховай плябаніі на нямецкім здымку 21 жніўня 1941 года. Крыніца: www.ebay.de

Будынак плябаніі-пошты стаяў закінуты з 1990-х. У пачатку 2010-х гг. будынак былой плябаніі выкупіў мясцовы прадпрымальнік. У ім пафарбавалі сцены, паставілі шклопакеты, аднак далей справа не пайшла. Пэўны час часткова адрамантаваны будынак выкарыстоўваўся як інтэрнат для часовых рабочых. 

У 2021 годзе ў двухпавярховым будынку адкрылі адукацыйны цэнтр. Аднак літаральна праз паўгода ён перастаў працаваць, а будынак плябаніі зноў застаўся пустым. І гэта нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада.

Vybityja vokny zakinutaj pliabanii-pošty
Выбітыя вокны закінутай плябаніі-пошты. Фота аўтара

Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org