Бясконцая плынь навінаў аб зруйнаванні ўладамі грамадзянскай супольнасці і судовых расправах над актывістамі амаль выціснула на другі план важныя праблемы нашага культурнага асяродку. Найбольш драматычная з іх — прадказальная змена Міністэрствам культуры дырэкцыі міжнароднага фестываля «Лістапад». Як многія ўжо ведаюць, з гэтага года яго правядзенне курыруе дзяржаўная студыя «Беларусьфільм» замест прыватнага Цэнтра візуальных мастацтваў «АртКарпарэйшен».
Фота: listapad.com
Апошні быў створаны дзесяць год таму ў цеснай супрацы ўжо год як апальнага «Белгазпрамбанка» і Міністэрства культуры. Яго супрацоўнікі займаліся прасоўваннем шэрагу арт-праектаў, у тым ліку — «Лістападам», які паступова з рэгіянальнага кінасмотра пераўтварыўся ва ўплывовы фестываль кіно пасткамуністычнай прасторы з шыкоўнай праграмай стужак, сабраных праграмным дырэктарам Ігарам Сукманавым на вядучых кінафорумах свету, акрэдытацыяй Міжнароднай фэдерацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF), удзелам журы Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI. Здавалася, аб чым яшчэ можна было марыць дзяржаве-замоўцу? Але гэтага было недастаткова, бо каманда «АртКарпарэйшен» праяўляла ўласную ініцыятыву, была не заўжды лаяльна Мінкульту. А беларускія ўлады такога свавольства не прабачаюць.
Цікава, што цяперашняе адлучэнне — далека не першая спроба дзяржведамства пазбавіцца ад непакорлівай дырэкцыі. У першай палове 2010-х на іх месца меціў музычны і кінапрадусар Сяргей Ждановіч, які па заказе ўладаў зняў ідэалагічна-канспіралагічны баявік «Код Каіна» (ён жа «Мы, браты»). Адваліўся ён у момант, калі зразумеў, што на «Лістападзе» вялікіх грошай не зарабіць. Потым было ўвядзенне штогадовых тэндараў на правядзенне фестывалю — але канкурэнтаў «АртКарпарэйшен» і зноў не знайшлося.
Фота: listapad.com
Пераломным стаў 2020 год, калі канфлікт паміж дырэкцыяй і Мінкультам, разагрэты паслявыбарным палітычным крызісам у краіне, выліўся ў СМІ, дзе стала вядома, што каманда фестывалю хоча адмовіцца ад прамовы і ўзнагароды Аляксандра Лукашэнкі.
Як вынік — арганізаваны «Лістапад» адмянілі менш чым за суткі да ўрачыстага адкрыцця. Афіцыйна — з-за пагрозы каронавірусу, але мы ж з вамі ўсё разумеем.
Пасля гэтага стала зразумела, што ў такіх умовах супраца паміж Мінкультам і «АртКарпарэйшен» пакуль немагчымая.
Тым не менш, рашэнне па змене дырэкцыі далося ведамству ў гэтым годзе не так проста. Пасля двух неадбыўшыхся гэтай вясной і летам тэндараў на правядзенне падзеі, яе фактычна дырэктыўна навязалі нацыянальнай кінафабрыцы, кіраўніцтва якой адразу ўзяло пад казырок. Высветлілася, што акрамя паднявольных «бюджэтнікаў», больш ахвотнікаў праводзіць фестываль міжнароднага ўзроўню за тры месяцы да яго пачатку папросту не знайшлося.
Ды і не магло знайсціся, бо арт-мэнеджараў і кінаведаў з неабходнымі вопытам, актуальнай экспертызай і жаданнем уступаць у калабарацыю з таксічнымі уладамі у краіне зараз проста няма. Таму ў Мінкульта было два варыянты для дзеянняў: асцярожны і разумны — замарозіць правядзенне «Лістапада» другі год запар; рызыкоўны і амаль вар’яцкі — праводзіць яго нягледзячы ні на што. І чыноўнікі выбралі апошні дзеля таго, каб прадэманстраваць, што культурны працэс пад кантролем і незаменных людзей не існуе.
Бянтэжыла толькі адно «але» — сённешні калектыў нацстудыі зусім не цягне на арганізатараў міжнароднага фестывалю. Пасля правядзення так званай рэформы за апошнія два гады большая частка супрацоўнікаў «Беларусьфільма» была выведзена паза штат, то бок, натуральна, звольнена. А спецыялісты, якія засталіся, не маюць патрэбнага досведу і экспертызы, рэдка ездзяць на вялікія фестывалі за мяжу. Таму на выкананне задачы па арганізацыі «Лістапада» ўлады кінулі ўсю моц бюракратычнага апарату.
У творчую каманду пазвалі усіх, хто пагадзіўся: экс-дырэктара «Лістапада» Валянціну Сцяпанаву, якая не займалася кіно 13 год, на пасаду дырэктара паставілі былога замстаршыні тэлеканала АНТ і саарганізатара II Еўрапейскіх гульняў Сяргея Хоміча, праграмных дэрыктараў шукалі сярод мясцовых кінаведаў метадам тэлефоннага абзвона. Больш за тое — да ўдзелу падключылі Мінкульт Расіі і пасольскія сувязі, каб сабраць у сціплыя срокі больш-меньш якасную праграму, якую, напэўна, будзе ўхваляць цэнзурны камітэт пры Мінкульце. Як бачна, размах тут сапраўды біблейскі!
Вось толькі агучаныя на днях гендырэктарам «Беларусьфільма» Уладзімірам Карачэўскім змены ў «Лістападзе» пакуль не зусім радуюць, хутчэй наадварот.
Фестывалю прыйдзецца змяніць уласнае аблічча, бо былы лагатып у выглядзе твара на залатым лісце належыць былой дырэкцыі. З праграмы зніклі секцыі «Маладосць на маршы», Конкурс нацыянальных кінашкол, Нацыянальны конкурс, у якім з 2014 года ўдзельнічалі ў тым ліку незалежныя кінематаграфісты. Замест іх з’явіцца аморфная секцыя «Кіно маладых», у якую будуць прымаць стужкі рэжысёраў да 40 гадоў.
Фота: listapad.com
Але галоўныя метамарфозы закрануць сутнасць фестывалю. Новая дырэкцыя плануе яго пераўтварыць у вітрыну паслуг і кантэнту выключна «Беларусьфільма», каб наблізіць студыю да будучыні, калі яна будзе зарабляць рэальныя грошы, а не толькі траціць сродкі з дзяржказны. Нікога не засмучае, што гэта стварае падству для відавочнай этычнай праблемы, канфлікту інтарэсаў.
Атрымоўваецца, арганізатар фестывалю будзе ухваляць, а, можа, і ўзнагароджваць, свае стужкі ўласнай вытворчасці! Што тут скажаш, калі сам сябе не пахваліш, то ніхто не пахваліць.
Таксама новая дырэкцыя хоча бачыць у конкурсе гуманістычнае кіно, пра мір, «якое працуе на стварэнне». Стужкі з сацыяльнай праблематыкай, канфліктныя, актуальныя, у якіх пульсуе нерв часу, цяперашнюю каманду «Лістапада», напэўна, палохаюць, таму такога мастацтва ў беларускіх кінатэатрах мы на пэўны час хутчэй за ўсё не дачакаемся.
Канешне, пакуль цяжка рабіць канчатковыя высновы адносна таго, што стане з «Лістападам». Але прагноз пакуль выходзіць бязрадасны. Пад кіраўніцтвам Мінкульта і «Беларусьфільма» «Лістапад» непазбежна трансфармуецца з еўрапейскага фестывалю міжнароднага класа ў парад-але нацкінастудыі і мастацтва застаўшайся купкі саюзнікаў афіцыйнага Мінска.
Нічога добрага гэтыя перамены не нясуць ні беларускім рэжысерам, якія страцілі знакавую афлайн-пляцоўку для дэманстрацыі сваіх прац і прамога кантакту з аўдыторыяй, ні звычайнаму гледачу, які хутчэй за ўсё пазбавіцца магчымасці сустрэць у залі разумнае і жывое кіно міжнароднага ўзроўню. І на колькі гэта працягнецца, немагчыма сабе ўявіць.
Хацелася б, каб не назаўсёды.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by