Вось і скончыўся люты. Гэтым годам ён быў вельмі гарачы для грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” – шмат творчых сустрэч, новых сяброў, цікавых праектаў. Апошнімі днямі зімы нашыя сябры завіталі ў акадэмію музыкі ды дзіцячую бібліятэку.
Так, 26 лютага спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава і паэт Міхась Скобла выступілі ў Беларускай акадэміі музыкі. Сустрэча была прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы. Госці пазнаёмілі будучых музыкаў і кампазітараў са сваёй творчасцю, прэзентавалі акадэміі дыскі і кнігі. Гаворачы пра лексічнае багацце беларускай мовы, М. Скобла прыгадаў некалькі лічбаў. Аказваецца, Шэкспір у сваіх творах ужыў 20 000 слоў, Леў Талстой у “Вайне і міры” – 19 000. А ў моўнай картатэцы Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – больш за мільён (!) картак. І словазбор той няспынна папаўняецца – высілкамі беларускіх паэтаў. Скажам, слова “свідравіна” прыдумаў Уладзімір Дубоўка, “заўзятар” – Алесь Разанаў, а найбольш узбагаціў родную мову Рыгор Барадулін, з моўных залацінак якога можна скласці цэлы слоўнік: “хмарабровая зіма”, “сонцакрылы жаўранак”, “небаўзносіцца хвалой”…
“Іх знаходкі варта папулярызаваць, яны дапамогуць ачысціць нашу мову ад чужога пустазелля, якое абсела нашы акадэмічныя слоўнікі і ніяк не хоча адтуль выполвацца” – такія высновы зрабілі навучэнцы разам з паэтам. Спадарыня Таццяна выканала некалькі знакамітых на ўвесь свет песняў у перакладзе на родную мову. Студэнты не засталіся ў баку ад імпрэзы і зладзілі чытанне вершаў беларускіх паэтаў пад імправізаваны акампанемент на раялі, за што атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А скончылася сустрэча майстар-класам беларускіх народных танцаў.
Апошнім днём зімы ў дзіцячай бібліятэцы № 3 адбыўся выступ Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага. Гэтым разам бальшыню гледачоў складалі навучэнцы нядзельнай школы і іх бацькі ды настаўнікі. Праграма выступу была збудаваная на чаргаванні слова і музыкі. Кожны з гэтых паняткаў уздзейнічае ды ўплывае на чалавека, а ў спалучэнні аднаго з другім – і пагатоў. Спадарыня Аксана ў літаральным і пераносным сэнсе разгарнула перад дарослымі і дзеткамі адну з сваіх кніг. Ёю сталася “Смачная кніга”, якая ў вершаванай форме апавядае пра рознае смакоцце і тых, хто не абыякавы да яго. Мяркуючы з рэакцыі гледачоў, абыякавай аўдыторыя не засталася. Чытанні вершаў Аксана чаргавала з загадкамі. Кожны з тых, хто выяўляў свой спрыт і кемлівасць, атрымліваў за маленькую перамогу прыз ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Яраш скіраваўся разам з наведнікамі ў свет беларускай музыкі.
Гучалі старажытныя і новыя, народныя і аўтарскія мелодыі, найгрышы і песні. А разгарнуцца было на чым, бо як і зазвычай, з торбаў вандроўнага музыкі з’яўляліся, дзівячы й цікавячы дуда і варган, дудкі і акарыны, пішчыкі і мандаліна, жалейка і корбавая лера. Па выступе многія прызнаваліся, што ўпершыню бачылі і чулі такія дзівосныя інструменты. Развітвацца было шкада, але дамовіліся сустрэцца яшчэ, бо дарога да добрых людзей кіруе неаднакроць!
P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!