Сяргей і Марыя Латышавы ўжо даўно займаюцца народнымі танцамі, у тым ліку — іх выкладаннем. Зараз яны разам з маленькім сынам пераехалі ў Грузію, дзе таксама працягваюць ладзіць танцавальныя сустрэчы. «Будзьма!» паразмаўляла з сямейнай парай пра асаблівасці беларускіх танцаў у Тбілісі, важнасць адносінаў партнёраў у пары, і чаму танец — гэта заўсёды пра ментальную блізкасць і хімію.
Марыя і Сяргей знаходзяцца ў Тбілісі амаль чатыры месяцы, тры з іх яны ладзяць заняткі па танцах для мясцовых беларусаў. І нават зараз, калі горад накрыла гарачыня сярэдзіны грузінскага лета, яны працягваюць танцавальны сезон. І цалкам зразумела, чаму — Марыя і Сяргей не ўяўляюць свайго жыцця без танцаў.
Марыя займаецца танцамі ўжо дзесяць гадоў, вялікая частка гэтага часу — менавіта выкладанне. Сяргей зацікавіўся танцавальнымі сустрэчамі ў Верхнім горадзе ў Мінску дзесьці ў 2017 годзе, а пасля панеслася — навучанне ў некалькіх школах танцаў, адточванне рухаў і знаёмства з філасофіяй адносінаў у пары, удзел у спаборніцтвах і першая значная перамога ў рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня».
Марыя і Сяргей кажуць, што кожны дзень сустракаюць у Тбілісі беларусаў, у афіцыйнай суполцы іх каля 3800 чалавек, але па адчуваннях — значна больш. Менавіта таму пара не адмовілася ад свайго ўлюбёнага занятку, нават з’ехаўшы за тысячу кіламетраў ад прывычнага мінскага асяродку.
— Вы ў Грузіі адносна нядаўна, але ўжо актыўна распачалі дзейнасць па навучанні танцам. Як гэта тэхнічна — арганізаваць заняткі беларускіх народных танцаў у Грузіі?
Марыя: Мы набылі квіток за месяц да пераезду, і падчас чакання ад’езду, яшчэ ў Мінску, дакладна вырашылі, што будзем танцаваць і тут і ладзіць заняткі. Вядома, як прыехалі, было шмат пытанняў: «А што пра нас падумаюць грузіны?», «А калі раптам не прыйдуць беларусы?», і галоўнае пытанне — «Дзе танчыць?». Спачатку разглядалі варыянт адкрытага паветра, але пасля адмовіліся — хацелася свайго прыватнага кола. Глядзелі шмат памяшканняў, і, нарэшце, атрымалася зняць невялікую залю ў мясцовым клубе сальсы. Насамрэч людзей да нас пакуль ходзіць няшмат, і мы спачатку пераймаліся з-за гэтага, а пасля расслабіліся — проста танчым у сваё задавальненне.
— А чаму вы ўвогуле вырашылі ладзіць танцы ў Тбілісі?
Марыя: Ад самага пачатку тут, у Грузіі, нам было важна паказаць мясцовым беларусам не толькі танцавальныя прыёмчыкі, але і тое, што можна аб’ядноўвацца дзякуючы культурным праектам. І што традыцыйная культура карысная для здароўя — гэта добрая тэрапія і падтрымка ў час эмігранцкіх дэпрэсіўных пакут.
Сяргей: Праўда, пакуль мы спрабуем зразумець, чаму тбіліскія беларусы больш любяць глядзець, чым танчыць, а ў Батумі — наадварот. Але гэта, магчыма, з-за таго, што там канцэнтрацыя нашых землякоў на адзін метр нашмат болей, чым тут. І ёсць мора, а яно добра астуджае ў грузінскую гарачыню.
— То-бок несці беларускую культуру праз танцы цалкам магчыма?
Марыя: Так, відавочна! Мы прыйшлі да яе праз танцы і сталі цікавіцца яе іншымі аспектамі. Праўда, мы пакуль самі на шляху вывучэння беларускай культуры, і гэты шлях доўгі.
Сяргей: Але якасны.
— Якім чынам будуюцца вашыя заняткі?
Марыя: Мы прадумваем урок так, каб ісці ад простага да складанага. Першую частку прысвячаем уласна заняткам і засвойванню асноўных рухаў, а пасля — вучым імправізацыі.
Сяргей: І таксама надаем вялікую ўвагу ўзаемадзеянню ў пары, бо гэта — адна з галоўных умоваў добрага танцу. Калі ведаеш базавыя рухі — з астатнім таксама будзе проста, галоўнае зразумець паслядоўнасць. Пры добрым кантакце падчас танцу партнёрцы нават не абавязкова ведаць рухі — калі яна слухае партнёра — станчыць так жа добра, як і тая, якая ўсё ведае.
— Якія танцы вы танчыце? Ці залежыць рэпертуар ад сезону?
Марыя: Калі глядзець у гістарычнай перспектыве, у пэўных рэгіёнах былі танцы пад канкрэтнае свята, і ў некаторых мясцовасцях нават існавала пэўная забарона на выкананне пэўных скокаў па-за межамі свята. Але гэта адзінкавыя рэчы. Увогуле нейкія табу на танцы — гэта не пра Беларусь. Наадварот, у геаграфічным становішчы, з-за якога ў нас, на жаль, шмат праблемаў, ёсць і плюсы — у нас вельмі багатая народная культура, мы маем і імправізацыйныя, і фігурныя танцы.
На занятках мы танчым вальсы, факстрот, абэрак, розныя варыянты полькі. Большасць з іх беларусы выконвалі на працягу года.
— Ці танчыце грузінскія танцы і ці запрашаеце на сустрэчы грузінаў?
Сяргей: Мы не так даўно ладзім нашыя танцавальныя сустрэчы, і да грузінаў проста яшчэ не дабраліся — пакуль арыентаваны на падтрымку беларусаў. Але, калі мы ўсё ж часам ладзім танцы на вуліцы, жыхары горада спыняюцца, цікавяцца, да нас далучаюцца грузінскія дзеці.
Марыя: Я ў такія моманты думаю, чаму мы не вучым танчыць дзяцей. Але адказ насамрэч просты. Звычайна на вёсцы пачыналі хадзіць на танцы ў тым узросце, калі з’яўлялася цікавасць да супрацьлеглага полу.
Народныя танцы ўсё ж такі крыху пра секс і пра стасункі дарослых людзей.
— А чаму ўвогуле менавіта танцы? Вы выбралі танцы, ці яны выбралі вас?
Марыя: У юнацтве я была ўдзельніцай рыцарскага клуба, і танцы — адна з актыўнасцей, якая мне вельмі падабалася. На сярэднявечных фестывалях мне хацелася паказваць не толькі строі, але і танцы. Калі падабаецца мелодыя — хочацца ў такт ножкай дзёргаць, ручкай. І апынулася, што я магу не толькі атрымліваць асалоду ад музыкі, але і рабіць простыя рухі.
Сяргей: А я вырашыў пайсці на танцы, бо там былі жанчыны. Народныя танцы сапраўды шмат у чым пра секс, асабліва ў традыцыйным жыцці, калі хлопец мог дакрануцца да дзяўчыны толькі ў танцы. Так і я — на той момант меў праблемы ў мінулых адносінах і проста шукаў кантакту з жанчынай. Праўда, пасля зразумеў, што ў танцы галоўныя не фізічныя дотыкі, але ментальная блізкасць, кантакт. І ён цягнецца, пакуль грае музыка. Ты чалавека, можа, ніколі не бачыў, але вось вы сталі ў пару, і адчуваеш — ён вельмі блізкі, ты яго разумееш праз кантакт з целам, як ён рэагуе на тое, як ты вядзеш, як ты рэагуеш у адказ. І калі я бліжэй пазнаёміўся з традыцыйнай культурай — захацелася ёй займацца асэнсавана. А пасля я пазнаёміўся з Марыяй, і вось мы разам, у нас дзіцё бегае. Мэта выканана.
Марыя: Для чалавека, які не займаецца танцамі, гэта можа гучаць як магія, але не. Гэта хутчэй нагадвае гульню — як шчанюкі між сабой боруцца — гэта пра драйв і радасць. Звычайна гэта здараецца, калі людзі адпускаюць свае чаканні ад выгляду сябе ў танцы, пачынаюць весяліцца. І вось калі гэтую энергію ўнутры хоць раз адчуеш — хочацца паўтарыць. Гэта як наркотык.
Сяргей: Так. І гэтыя ўсе эндарфіны шчасця вылазяць і б’юць у галаву. Я па адукацыі хімік, і дакладна магу сказаць — хімія тут працуе добра.
— Ці можаце вы назваць сябе прафесійнымі танцорамі?
Сяргей: Мы не прафесійныя танцоры, бо не маем адпаведнай адукацыі — мы, так бы мовіць, побытавыя танцоры. Наша прафесійнасць складаецца ў тым, што нас з Марыяй навучылі не толькі правільным рухам, але і таму, як дзейнічаць у пары.
Марыя: Тут хутчэй размова пра майстэрства, і гэтага мы дакладна дасягнулі. Бо для нас танец ужо не мэта, але лад жыцця.
— Пытанне да вас як да вопытных танцораў: колькі трэба станчыць танцаў, каб ужо дакладна разумець — вечарына адбылася.
Марыя: Аднойчы я была на танцах, дзе музыка за гадзіну сыграў тры танцы — кожны па 20 хвілін. Таму тут па-рознаму, справа ў выніку — як ты сябе адчуваеш.
Сяргей: Ёсць такое адчуванне — натанцаваўся. З добрай партнёркай мне часам хапае 3−4 танцы, пасля я задаволены магу сядзець і назіраць, як другія танчаць, якія ў каго фішачкі. Калі ноч танцаў, і ўсе скачуць з 8 вечара да 6 ранку — гэта таксама нармальна.
І працягну тэму сексу — пасля сексу не танцуецца, пасля танцаў не хочацца сексу. Прынамсі, гэта ў мужчын, у жанчын, падаецца, наадварот.
— Якія, па вашым меркаванні, галоўныя нагоды, каб займацца народнымі танцамі?
Сяргей: Танец — гэта маленькае жыццё і моцныя пачуцці. Ёсць анекдот — мы сталі ў пару, я паглядзела яму ў вочы, абняліся, я ўжо павяла дзяцей у сад — і тут танец скончыўся. Увесь наш арганізм — хімія. Эмацыйны фон падчас танцу можна параўнаць з тымі ж адчуваннямі, што і закахацца, лічы — такая легальная магчымасць здрады на некалькі хвілін. А пасля танец сканчваецца, і з ім — пачуцці партнёраў.
Марыя: Танцы — не столькі для прафесіяналаў, колькі пра звычайных людзей. Нашыя продкі не мелі спецыяльнай адукацыі, вучыліся збольшага адзін у аднога. На жаль, мы адарваныя ад традыцыі, вучыліся не ў сваіх родных — у старэйшых братоў, сясцёр, бацькоў, але ў настаўнікаў, таму прайшлі праз перыяд скаванасці і сумніваў. Вядома, любыя танцы патрабуюць пэўнага фізічнага стану, але гэта ўсё практыкуецца. І тое, што цела адразу не слухаецца напачатку — так бывае ва ўсіх. Але затое, калі вывучыш асноўныя рухі і пасля зловіш драйв — вельмі хораша.
І яшчэ танцы — гэта вельмі класная тэрапія. Можа, яна і не працуе з першага разу, але эфект дакладна будзе. Калі танцуеш хуткі танец — агрэсіўныя эмоцыі выходзяць вельмі хутка, нібы ў душ схадзіў ці ў моры выкупаўся. І тое ж самае пра добрыя эмоцыі, але гэта іншая таямніца.
Агулам разумею, чаму часам чалавеку складана далучацца. Але, у той жа час, вельмі хацелася б, каб людзі паспрабавалі. Дакладна будуць тыя, хто баяўся, паспрабаваў і зразумеў, што гэта не страшна, але кайфова, і застаўся.
Запісацца на беларускія народныя танцы ў Тбілісі можна на старонцы ў Фэйсбуку: Беларускія танцы ў Тбілісі / Belarusian dances in Tbilisi
Аляксандра Дварэцкая, budzma.org