85 гадоў таму, 17 чэрвеня, у далёкім і чужым Омску быў расстраляны адзін з бацькоў-заснавальнікаў Б*лар*скай Н*родн*й Р*спубл*кі, выбітны навуковец і палітычны дзеяч Аркадзь Смоліч, піша Павел Хадзінскі ў «Новым Часе».

На захадзе — Нямеччына, на ўсходзе — Маскоўшчына. Менавіта такія пазначэньні мае гэтая мапа, выдадзеная яшчэ ў 1919 годзе. Стваральнікам яе прызнаецца Аркадзь Смоліч.
Паводле інфармацыі з мапы, яна была дазволеная вайсковай цэнзурай Польшчы 27.09.1919 года і надрукаваная ў літаграфічнай майстэрні «N.Mac i syn» у Вільні. Яна не палітычная, межы Беларусі, як трапна заўважыў Зьміцер Мурашка, пададзеныя вельмі далікатна. Затое на мапе паказаныя вышыні мясцовасьці.

У 1919 годзе Аркадзь Смоліч жыў у Вільні, тут у сакавіку ён выдаў знакамітую «Географію Беларусі» — першы і па сёньня адзін з лепшых падручнікаў па геаграфіі. Межы беларускіх земляў на мапе адпавядаюць межам на схематычных мапах кнігі Смоліча і адрозьніваюцца як ад межаў мапы БНР 1918–1919 года, гэтак і ад межаў мапы Яўхіма Карскага 1903 года. Назвы дзяржаваў і гарадоў у падручніку і на мапе падаюцца практычна аднолькава.
Мапу БНР, падобна, вымалі з кнігаў, да якіх яна ішла дадаткам, і таму ніводнага асобніка гэтай мапы ў Нацыянальнай бібліятэцы няма. Але мапа БНР выходзіла за мяжой, таму захавалася ў большай колькасьці. У ЦНБ Акадэміі навук яна ёсьць у тых выданьнях, што былі перададзены ў 1980-я эмігрантамі.

Мапе Беларусі Аркадзя Смоліча, выдадзенай у Вільні, пашанцавала, падобна, менш. На сёньня выяўлена толькі два асобніка, піша Язэп Халецкі.
Арыштаваны 26 чэрвеня 1930 года па справе «Саюза вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года сасланы на 5 гадоў у Осу Пермскай вобласьці, потым у Ішым Цюменскай вобласьці. Вызвалены ў жніўні 1935 года.

Пасьля заканчэньня тэрміну адміністрацыйнай высылкі ў 1935 года навуковец жыў у Цюменскай вобласьці, працаваў у райкалгассаюзе, выкладаў геаграфію ў жывёлагадоўчым тэхнікуме, чытаў лекцыі на курсах удасканаленьня настаўнікаў.
Зноў арыштаваны 17 чэрвеня 1937 года. Паводле рашэньня тройкі УНКВД па Омскай вобласьці прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны 17 чэрвеня 1938 у Омску.
Па першым м прысудзе быў рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988 года, па другім — 9 лютага 1957 года. Лепш пазьней, чым ніколі, але Аркадзю Смолічу ад гэтага не лягчэй.
«Беларус добры гаспадар, шануе капейку, а крыху можа і скупаваты. Гэта не перашкаджае, аднак, яму быць вельмі гасьцінным... Падарожнага ў беларускай хаце вельмі ахвотна прыймуць, накормяць, і не толькі ня возьмуць за гэта платы, але яшчэ й падзякуюць, што зайшоў...»

Старонка з «Геаграфіі Беларусі» Смоліча
У сьнежні 1917 г. Смоліч — удзельнік Усебеларускага зьезду, які абвесьціў у Беларусі дэмакратычна-рэспубліканскі лад. У лютым-сакавіку 1918 г. ён — адзін з ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Як радны Б*лар*скай Н*родн*й Р*спубл*кі ён прымаў удзел у стварэньні акту 25 сакавіка.
У першым урадзе (Народным Сакратарыяце) БНР Смоліч займаў пасаду сакратара асьветы. Каб дамагчыся прызнаньня БНР, выязджаў з дыпляматычнай місіяй у Кіеў, Варшаву, Бэрлін. У лістападзе-сьнежні 1918 па даручэньні ўраду БНР Аркадзь Смоліч знаходзіўся ў Горадні. Пасьля акупацыі Горадні польскімі войскамі пераехаў у Вільню.

Зь лета 1919-га Смоліч — намесьнік старшыні ўраду Антона Луцкевіча, адначасова міністар сельскай гаспадаркі БНР. Пасьля захопу Беларусі савецкімі войскамі летам 1920 Смоліч пераехаў у Горадню, пэўны час працаваў аграномам.
У лісьце да Антона Луцкевіча яшчэ ў 1919 годзе пісаў: «Хаця я лічу, што ад большэвізму для краю больш шкоды, чым карысьці, хаця ён моцна прывязуе нас да Масквы, чым гэта хацелася б, але калі ён дасьць магчымасьць шырокай культурнай працы і бароніць пакуль нашае дзяржаўнасьці і галоўнае, калі ён давядзе яе да натуральных рубяжоў — створыць Беларусь аб’яднанаю, якая хоць некалькі месяцаў пражыве супольным жыцьцём Беларусі з Вільняй, Беластокам, Бранскам і Гомелем, дык мы мусім ухваціцца за гэтую ідэю, прызнаць яе нацыянальным заданьнем часу і проста стаць у рады абаронцаў гэтага парадку і ваяваць у гэтых радах хоць бы з усім сьветам.

Старонка з «Геаграфіі Беларусі» Аркадзя Смоліча
Наўрад ці хутка нам зьявіцца такая пэрспэктыва. Праўда, гэта крыху рызыкоўна. Але калі згіне савецкая Беларусь, дык не згіне ў нашым народзе гэтая ідэя максымалізму, разам сацыяльнага і нацыянальнага. Народ пра яе не забудзецца праз некалькі пакаленьняў. А пра «Буржуазную Раду» забудуцца, прынамсі гэта больш магчыма. А прышлае палажэньне бальшэвікоў здаецца моцнае /.../ і хто знае, можа ім суджана перамагчы сьвет ці хоць прынамсі ператрываць шлях даўгі час, патроху спакайнеючы і ператвараючыся ў крыху іншыя формы».
У 1910 годзе дзякуючы Аляксандру Ўласаву Смоліч далучыўся да Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У гэтым жа годзе ён з-за ўдзелу ў студэнцкіх хваляваньнях быў звольнены з універсітэта і вымушаны вярнуцца на радзіму, дзе ўладкаваўся спачатку каморнікам, затым тапографам у Лясным бюро Менскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі Аркадзь Смоліч стаў адным з лідэраў БСГ, ладзіў разнастайныя мерапрыемствы для яднаньня беларускіх нацыянальных сілаў, а ў сьнежні 1917 года ўдзельнічаў ва Усебеларускім зьездзе, разагнаным бальшавікамі.
А ў красавіку 1918 года пасьля распаду БСГ стварыў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, для якой склаў праграму.
У жніўні 1922 года ўрад БССР дазволіў Смолічу вярнуцца ў Менск і прызначыў яго загадчыкам плянава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР. Смоліч на той час — адзін з самых дасьведчаных і аўтарытэтных беларускіх спэцыялістаў у галіне эканомікі і аграноміі.
Аркадзь Смоліч сярод удзельнікаў першага Ўрада БНР 1918
З 1923 года ён — дацэнт, прафэсар і загадчык катэдры ў БДУ. У 1924 годзе пад яго кіраўніцтвам створаныя часопіс «Плуг» і Цэнтральнае бюро краязнаўства.
Смоліч ініцыюе скліканьне напачатку Менскай, а затым і Ўсебеларускай краязнаўчых канфэрэнцыяў, непасрэдна прычыняецца да заснаваньня часопіса «Наш край». У 1924 годзе Аркадзь Смоліч у складзе камісіі Дзяржпляну БССР праводзіць раянаваньне тэрыторыі рэспублікі.
У 1925 годзе Смоліч абіраецца правадзейным сябрам Інстытуту беларускай культуры, намесьнікам яго старшыні. Арганізуе яго навукова-дасьледчую і выдавецкую працу, клапоціцца аб пашырэньні ў сыстэме інстытуту прыродазнаўчых навук. Прыкладае намаганьні для адкрыцьця ў Горы-Горках сельскагаспадарчай акадэміі і Навукова-дасьледчага інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў Менску. У 1927 годзе становіцца першым беларускім прафэсарам геаграфіі.
Цікавы факт адзначыў Васіль Дранько-Майсюк. У лісьце да Зоські Верас у 1914 годзе Аркадзь Смоліч пісаў:
«Ёсьць два найгалаўнейшыя тыпы людзей: людзі розуму і людзі сэрца, ці, як па-вучонаму кажуць, — людзі інтуіцыі. Старожытные грэкі належылі да першага тыпу: для іх матэматычнасьць, лёгіка ў рэчах і зьявах — гэта ўсё, за ўдалым красамоўцам — яны хоць на край сьвету.

Мы — беларусы, належым, здаецца, барджэй што да другога тыпу, хоць можа і ні так выразна гэта выяўляіцца — у іншых славянаў — шмат выразьней. Затым жа да беларусаў можна ісьці з пропаведзяй ні «гаворанай», але толькі перачутай, «бяз словаў, але жывою». Можна паказаць праўду чынам, жыцьцём сваім, можна высловіць яе адным якім выразам найзвычайнейшым, абы толькі ў гэтым выразе вылілася як найболей перачутага, сьвятога.
Натуры чыста інтуітыўныя — яны лёгікі не патрабуюць, яны пераймаюцца ідэяю, запаляюцца ёю — як агонь ад агню — часта праз адзін узгляд, праз нейкае натхненьне. Каб навучаць такіх, павінна толькі мець веру і агонь — энэргію ў сэрцы. /.../ Сярод іх найчасьцей спатыкаюцца фанатыкі».