У Швейцарыі абнавілі мемарыял Тадэвуша Касцюшкі

Ініцыятыва MALDZIS сумесна са швейцарскім дабрачынным Фондам Марыі Магдалены Радзівіл рэалізавалі праект па вырабе падмурка і новай мемарыяльнай таблічкі для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне.

Падмурак быў створаны з беларускага валуна. Апрацоўка каменя і выраб інфармацыйнай шыльды былі здзейснены ў Мінску.

Праект рэалізаваны на прыватныя сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Максіма Баграцова, Філіпа Дайнэкі і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай, паведамляецца на сайце ініцыятывы MALDZIS.

Padmurak z bielaruskaha valuna i novaja miemaryjaĺnaja tablička dlia pomnika Tadevušu Kasciušku ŭ šviejcarskim Zalaturnie
Падмурак з беларускага валуна і новая мемарыяльная таблічка для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. 27 красавіка 2026 года. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS / Таццяна Капітонава

Урачыстае адкрыццё абноўленага помніка плануецца ўвосень.

Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:

«Гістарычная постаць, якую лічаць сваёй адразу некалькі краінаў, стала каталізатарам супрацы беларусаў з палякамі і швейцарцамі. Гэта сведчыць пра тое, што Тадэвуш Касцюшка нават сёння працягвае рабіць тое, чым займаўся ўсё жыццё — яднаць людзей дзеля агульнай справы».

Padmurak z bielaruskaha valuna i novaja miemaryjaĺnaja tablička dlia pomnika Tadevušu Kasciušku ŭ šviejcarskim Zalaturnie
Падмурак з беларускага валуна і новая мемарыяльная таблічка для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. 27 красавіка 2026 года. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS / Таццяна Капітонава

Рэалізацыя праекта вялася з 2024 года. Дзякуючы падтрымцы амбасадаркі Швейцарыі ў Беларусі Крысціны Хонэгер-Залатухінай праект быў узгоднены з мэрыяй Залатурна.

Ініцыятарам абнаўлення помніка выступіў кіраўнік Фонду Марыі Магдалены Радзівіл — Алесь Сапега, які і ўсталяваў помнік Тадэвушу Касцюшку ў Швейцарыі яшчэ ў 2017 годзе.

Paviel Macukievič i Alieś Sapieha
Павел Мацукевіч і Алесь Сапега перад перавозкай беларускага валуна для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. 27 красавіка 2026 года. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS / Таццяна Капітонава

Кажа кіраўнік Фонду Магдалены Радзівіл Алесь Сапега:

«Калі ў 2017 годзе мы ўсталёўвалі помнік, то думалі, што ствараем беларускі пункт на мапе Швейцарыі. Цяпер, калі пад помнікам з’явіцца камень з Беларусі, сувязь паміж нашымі краінамі стане яшчэ і фізічнай».

Вываз валуна з Беларусі быў здзейснены на пачатку 2026 года. Да адпраўкі ў Швейцарыю камень знаходзіўся на складзе польскай кампаніі DTA Customs Service Sp. z o.o. ў Бяла-Падлясцы. Яе прадстаўнікі — дырэктар Яраслаў Мысткоўскі і менеджар Марыюш Нічыпорук — аказалі значную падтрымку праекту, прапанаваўшы бясплатнае захаванне валуна і дапамогу ў афармленні транзітных дакументаў.

Такому прыязнаму стаўленню да праекта моцна паспрыялі прадстаўнікі Польскага фонду Касцюшкі (Polska Fundacja Kościuszkowska) — Лешэк Марэк Кшэсняк і Рышард Бось.

Jaraslaŭ Mystkoŭski, Maryjuš Ničyporuk i Paviel Macukievič. Unizie: Ryšard Boś
Злева направа: Яраслаў Мысткоўскі, Марыюш Нічыпорук і Павел Мацукевіч. Унізе: Рышард Бось. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS

Pomnik Tadevušu Kasciušku
Помнік Тадэвушу Касцюшку, які з’явіўся там у 2017 годзе. Залатурн, Швейцарыя. Фота: MALDZIS

Кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня:

«Гэты праект нагадвае, што беларуская гісторыя глыбока ўкаранёная ў Еўропе, і сённяшнія падзелы гэтай сувязі не перарываюць. Сваёй падтрымкай такіх ініцыятываў нашыя мецэнаты выказваюць пашану як да нацыянальнай спадчыны, так і да нашай агульнай з Еўропай гісторыі».

Варта нагадаць, што гэта не першы супольны праект ініцыятывы MALDZIS і Фонду Марыі Магдалены Радзівіл. Напрыканцы 2023 года была вырабленая копія надмагільнай пліты Яна Баршчэўскага, знойдзенай у 2019 годзе ў Чуднаве. Пазней копія была перададзеная ў музей у Расонах у якасці грамадскага падарунка.

Падтрымаць дзейнасць MALDZIS можна тут.


Padmurak z bielaruskaha valuna dlia pomnika Tadevušu Kasciušku ŭ šviejcarskim Zalaturnie
Падмурак з беларускага валуна для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. 27 красавіка 2026 года. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS / Таццяна Капітонава


Padmurak z bielaruskaha valuna i novaja miemaryjaĺnaja tablička dlia pomnika Tadevušu Kasciušku ŭ šviejcarskim Zalaturnie
Падмурак з беларускага валуна і новая мемарыяльная таблічка для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. 27 красавіка 2026 года. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS / Таццяна Капітонава

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.