У Навагрудку ідзе маштабная і радыкальная рэканструкцыя драўлянага кляштара назарэцянак па вуліцы 1 Мая, пабудаванага ў 1933 годзе, піша тэлеграм-канал «Спадчына».
Рэканструкцыя кляштара назарэцянак. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
На аб’екце цалкам адсутнічае пашпарт будоўлі. Рабочыя ўжо дэмантавалі арыгінальную ашалёўку, гістарычныя вокны і дзверы. Зараз ідзе разборка даху, а цагляная прыбудова з заходняга боку знесена цалкам.
Кляштар назарэцянак да рэканструкцыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Гэта не проста стары драўляны дом, гэта месца мае з каласальнае духоўнае і гістарычнае значэнне не толькі для Навагрудка.
Менавіта тут жылі 11 сясцёр-назарэцянак на чале з Марыяй Стэлай (Адэляй Мардасевіч), якія ў жніўні 1943 года прапанавалі гестапа ўласныя жыцці ў абмен на вызваленне 120 арыштаваных гараджан і мясцовага ксяндза. Сёстры былі расстраляныя нацыстамі ў Батароўскім лесе, а ўсе выратаваныя імі людзі перажылі вайну. У 2000 годзе Папа Ян Павел II прылічыў навагрудскіх назарэцянак да ліку блажэнных (мучаніц).
Акрамя таго, у гэтым жа кляштары ў канцы 1941 года нацысты збіралі непрацаздольных яўрэяў перад адпраўкай на масавыя расстрэлы ў Скрыдлёва.
Рэканструкцыя кляштара назарэцянак. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Нягледзячы на гэта драўляны будынак кляштара дагэтуль афіцыйна не ўзяты пад ахову дзяржавы і не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта азначае, што ўласнік можа рабіць з ім што заўгодна — ад абшыўкі сайдынгам да поўнага зносу пад выглядам «рэканструкцыі».
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.