Нацыянальнае ўпраўленне архіваў і дакументацыі ЗША выклала ў сеціва поўны масіў дакументаў Смаленскага абласнога і гарадскога камітэтаў партыі за 1917–1941 гады. Гэты захоплены ў час Другой сусветнай вайны збор хавае ў сабе ўнікальныя звесткі пра палітыку саветаў на Смаленшчыне, у перыяд, калі там была абвешчана ССРБ, праводзілася беларусізацыя і ставілася пытанне аб перадачы рэгіёна Беларусі, піша «Наша Ніва».
Вокладка англамоўнага даведніка па архіве. Фота: catalog.archives.gov
Гісторыя гэтага архіва даволі вядомая, бо падчас акупацыі ён быў вывезены немцамі, а пасля вайны апынуўся за акіянам, прыкладна гэтак жа, як і нямецкія аэрафотаздымкі тэрыторыі СССР, якія пасля служылі амерыканскай разведцы. Цяпер амерыканскія спецыялісты зрабілі Смаленскі архіў даступным для ўсяго свету.
Для айчыннай гістарыяграфіі гэты архіў можа мець вялікую каштоўнасць, бо ў ім павінны быць адлюстраваныя падзеі, якія непасрэдна ўплывалі на фармаванне межаў беларускай дзяржавы. 1 студзеня 1919 года менавіта ў Смаленску была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, а ўжо праз некалькі тыдняў Масква адабрала Смаленшчыну назад у склад РСФСР — гэтыя палітычныя пературбацыі мусілі пакінуць след у тагачасных дакументах, справаздачах і распараджэннях мясцовых савецкіх органаў.
Яшчэ адным перспектыўным кірункам можа быць вывучэнне дэталяў працэсу першага ўзбуйнення БССР у 1924 годзе. Тады Менск, абапіраючыся на звесткі навукоўцаў і перапіс 1897 года, прэтэндаваў на шырокія этнічна беларускія тэрыторыі, а смаленскае чынавецтва ўсяляк супрацівілася гэтаму. Баючыся страціць маскоўскія датацыі і ўласныя пасады, губернскія чыноўнікі маніпулявалі статыстыкай, даказваючы, што насельніцтва цалкам абрусела. У выніку той бюракратычнай вайны Беларусь атрымала толькі Горацкі і частку Мсціслаўскага паветаў.
Гэтак жа мясцовыя ўлады ціха і метадычна сабатавалі беларусізацыю, што таксама не павінна было прайсці бясследна.
У апублікаваным архіве дакладна ёсць дакументы пра жыццё нацыянальных меншасцяў: яўрэяў, палякаў і прыбалтаў — яны згадваюцца ў загалоўках спраў. Адсутнасць беларусаў, магчыма, тлумачыцца, меншай зацікаўленасцю амерыканцаў у беларускім пытанні, у параўнанні з яўрэйскім, польскім і балтыйскім, якія падаваліся больш перспектыўнымі.
Каб звузіць поле пошуку, можна абапірацца на існуючы англамоўны архіўны даведнік, які ўжо часткова каталагізаваў гэты масіў. Напрыклад, матэрыялы па нацыянальнай палітыцы сканцэнтраваны на 52‑й стужцы мікрафільмаў (Roll 52). Там размешчаны блок партыйнай дакументацыі, які ахоплівае справы з нумара WKP 476 да WKP 495.
Менавіта ў гэтым прамежку даследчыкі могуць знайсці справу WKP 482, якая цалкам прысвечана ўмовам жыцця і палітычнай актыўнасці згаданых вышэй нацыянальных меншасцей на Смаленшчыне. У справе WKP 488 можна адшукаць нават артыкул пра яўрэйскую філалогію ў СССР, напісаны на нямецкай мове.
Адна са спраў (WKP 475) прысвечана камуністычнай літаратуры, якая галоўным чынам была выдадзена Беларускай акадэміяй навук у Мінску і прысвечана сацыял-дэмакратычнаму руху да рэвалюцыі і ўзнікненню ды развіццю Кампартыі ў Беларусі пасля 1917 года.
Справа (WKP 442) змяшчае дакументы пра калгасы ў Беларусі: развіццё калектывізацыі, погляды кіраўніцтва на калгаснае і саўгаснае будаўніцтва, рост калектыўнай гаспадаркі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, яўрэйскіх калгаснікаў у сельскай Беларусі, а таксама вытрымкі з газеты «Правда» пра працу гаспадарак у краіне.
Праўда, пошук па архіве не самы просты. Ніякага пошуку па змесце спраў, натуральна, не існуе, бо тэкст дакументаў не быў распазнаны. Яны нават не разбіваліся на асобныя тэматычныя папкі. Амерыканскія спецыялісты проста ўзялі бабіны з мікрафільмамі, створанымі яшчэ ў 1950‑х гадах, і адсканавалі іх цалкам у доўгія PDF-файлы або проста падборкі памерам у паўтары тысячы здымкаў. У некаторых выпадках нумарацыя з стужак на сайце не супадае з той, што пазначана ўнутры саміх стужак, а адшукаць лісты, якія аддзяляюць адну гістарычную справу (WKP) ад іншай, сярод тысяч мініяцюр досыць складана.
Але калі камусьці хопіць часу і спрыту зладзіць з архівам, то ён можа раскрыць раней невядомыя старонкі даваеннай гісторыі Беларусі і перапетыі нацыянальнай палітыкі таго часу.
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.