7 архітэктурных цудаў Мсціслава

Сёння едзем у Мсціслаў — горад, да якога складана дабрацца грамадскім транспартам, калі жывяце не на Магілёўшчыне, але яно таго варта. Апроч страдаўняга гарадзішча, маляўнічых краявідаў ды шматлікіх прыродных помнікаў, пра якія мы ўжо пісалі, Мсціслаў можа пахваліцца сапраўднымі архітэктурныя перлінамі. Тут можна ўбачыць рэшткі велічных касцёлаў XVIII стагоддзя, адметныя праваслаўныя храмы ды цікавую гарадскую забудову, якой больш за сто год.


 mscislau-panarama
Панарама Мсціслава. Фота: planetabelarus.by

Даведка:

Мсціслаў атрымаў права на самакіраванне — Магдэбургскі прывілей — і герб у 1634 годзе. У XVI–XVII стагоддзі быў буйным горадам, які інтэнсіўна гандляваў з краінамі Заходняй Еўропы і Маскоўскай дзяржавай. Мсціслаў не раз цярпеў праз напады з усходу. Падчас Трынаццацігадовай вайны з Масковіяй, 22 ліпеня 1654 года, войскі Масквы штурмам узялі Мсціслаў, забілі не менш за 10 тысяч чалавек, пакінулі ў жывых толькі 700 жыхароў. Ад імя вайсковага начальніка маскоўцаў Аляксея Трубяцкога тыя падзеі назвалі «трубяцкой разнёй».

mscislau-kascyol-unebauzyaccya-najsvyacejshaj-panny-maryi
Мсціслаў, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: planetabelarus.by

1. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

Першым каталіцкім храмам у Мсціславе прынята лічыць касцёл, які быў узведзены як фарны ў 1614 годзе ля самага падножжа Замкавай гары. У 1647 годзе пад патрэбы запрошанага ордэна кармелітаў быў узведзены кляштар.

mscislau-kascyol-unebauzyaccya-najsvyacejshaj-panny-maryi-brama
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з брамай

Усе манахі кармеліцкага кляштара былі забіты падчас згаданай вышэй «трубяцкой разні». Дзве цэнтральныя фрэскі «Узяцце Мсціслава маскоўскімі войскамі ў 1654 годзе» і «Забойства ксяндзоў», якія захаваліся ў храме да сёння, прысвечаны гэтай трагічнай падзеі.

Паводле меркавання некаторых спецыялістаў, падчас археалагічных раскопак 2021 года ў колішнім кармеліцкім касцёле былі знойдзены парэшткі ахвяраў згаданай трагедыі.

freski-zabojstva-ksyandzou-uzyacce-mscislava-maskouskim-vojskam-u-1654-godze
Фрэскі «Забойства ксяндзоў» і «Узяцце Мсціслава маскоўскімі войскамі ў 1654 годзе»

Пасля тых трагічных падзеяў кляштар кармелітаў у Мсціславе не аднавіў сваю дзейнасць, але гісторыю касцёла працягнуў вядомы архітэктар, аўтар адметнага для Беларусі архітэктурнага стыля «віленскага барока» Ян Глаўбіц: у 1746–1750 гг. адбылася рэканструкцыя храма паводле ягонага праекта. Падчас яе бажніца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі атрымала той выгляд, у якім мы можам яе пабачыць сёння.

mscislau-kascyol-unebauzyaccya-najsvyacejshaj-panny-maryi-z-zamkavaj-hary
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з Замкавай гары

За савецкім часам касцёл быў зачынены, у пэўны перыяд тут захоўвалі і кансервавалі гародніну. Ужо бліжэй да 1990-х было прынята рашэнне аб аднаўленні культавага помніка, але рэстаўрацыя прыпынілася на доўгія гады з-за недахопу сродкаў. На дадзены момант працэс рэстаўрацыі адноўлены, унутры храма можна пабачыць будаўнічыя рыштаванні.

2. Касцёл Святога Міхаіла Арханёла

Яшчэ адным старажытным будынкам, вартым увагі ў Мсціславе, з’яўляецца касцёл Міхаіла Арханёла пры колішнім кляштары езуітаў. Першыя езуіты з’явіліся ў Мсціславе ў XVII стагоддзі, але касцёл у стылі позняга барока, які можам пабачыць сёння, і кляштар пры ім былі ўзведзены ў 1730-я гг.

mscislau-kascyol-svyatoga-mihala-arhanyola
Мсціслаў, касцёл Святога Міхаіла Арханёла. Фота: planetabelarus.by

Падчас Другой сусветнай вайны будынкі касцёла ды кляштара не выкарыстоўваліся ды занепадалі. За Саветамі касцёл істотна перарабілі і выкарыстоўвалі будынак як мясцовы дом культуры. Праз што быў страчаны першапачатковы велічны выгляд будынка, арыгінальныя вежы ды франтон. У 1990-х гадах была спроба аднавіць касцёл, дабудавалі вежу ды дэкаратыўны франтон, але працы па аднаўленні так і не былі скончаныя.

mscislau-kascyol-svyatoga-mihala-arhanyola
Мсціслаў, касцёл Святога Міхаіла Арханёла. Фота: planetabelarus.by

У 2017 годзе адна са сценаў храма абрынулася, і будынак закансервавалі, умацавалі сцены, заклалі вокны, знялі дах. Але на гэтым усе працы прыпыніліся.

3. Кляштар езуітаў

Мсціслаўскі езуіцкі калегіум стаўся адным з апошніх прыстанішчаў езуітаў, функцыянаваў ажно да 1820 года. Кляштар езуітаў быў ліквідаваны ў 1820-м, а кляштарныя карпусы пачалі выкарыстоўвацца пад патрэбы ўжо праваслаўных манахаў мясцовага Тупічаўскага манастыра XVII стагоддзя, які, у сваю чаргу, быў ушчэнт зруйнаваны ў 1950-я падчас пабудовы малаказавода.

mscislau ezuicki-klyashtar
Мсціслаў, колішні калегіум езуітаў

Кляштарныя будынкі былі адрэстаўраваныя, і з 2017 года ў іх месціцца дзіцячая школа мастацтваў і цэнтр дзіцячай творчасці.

4. Свята-Аляксандра-Неўская царква

Сабор Аляксандра Неўскага ў Мсціслаўлі называюць адным з самых высокіх будынкаў у горадзе. Лічыцца, што храм быў узведзены на месцы колішняга драўлянага бернардынскага касцёла, які згарэў, не дачакаўшыся пераўтварэння ў праваслаўную царкву ў 1858 годзе. Каменны будынак царквы на месцы касцёла быў узведзены ў стылі эклектыка ў 1870 годзе. Побач з храмам можна пабачыць вежу-званіцу з чырвонай цэглы, якой таксама больш за 100 год.

svyata-alyaksandra-neuskaya-carkva
 Свята-Аляксандра-Неўская царква. Фота: planetabelarus.by 

5. Спаса-Праабражэнская царква

Варта завітаць на мсціслаўскія праваслаўныя могілкі, каб пабачыць помнік народнага дойлідства Спаса-Праабражэнскую царкву. Будынак храма драўляны і захаваўся да нашых дзён ажно з другой паловы ХІХ стагоддзя. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як помнік рэгіянальнага значэння.

spasa-praabrazhehnskaya-carkva
Спаса-Праабражэнская царква. Фота: planetabelarus.by 

6. Царква Тупічэўскай іконы Божай Маці

Колішні Крыжаўзвіжанскі праваслаўны храм, сёння асвечаны ў гонар іконы Тупічэўскай Божай Маці. Ён быў узведзены ў 1871 годзе ў рэтраспектыўна-рускім стылі.

carkva-tupicheuskaj-ikony-bozhaj-mac
Царква Тупічэўскай іконы Божай Маці. Фота: valatsuga.by

Сёння ў храме захоўваецца копія мясцовага цудадзейнага абраза, вядомага з XVII стагоддзя, які да Другой сусветнай вайны захоўваўся ў мсціслаўскім Тупічэўскім саборы. Храмавы комплекс моцна пацярпеў падчас баявых дзеянняў і быў цалкам зруйнаваны ў 1950-я падчас пабудовы малаказавода. І цудадзейны абраз падчас тых ліхалеццяў не захаваўся.

spis-abraza-maci-bozhaya-tupicheuskaya
Копія абраза Маці Божая Тупічэўская

7. Гарадская забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя

Варта звярнуць увагу ў Мсціславе і на гарадскую забудову пачатку мінулага стагоддзя. Тут захавалася колішняя мужчынская гімназія 1908 года пабудовы — помнік архітэктуры эклектыкі. Будынак асіметрычны, складаецца з трох карпусоў. На фасадзе яшчэ захаваліся некаторыя дэкаратыўныя аздабленні. Тут да 1990-х месцілася адна з гарадскіх школ, зараз будынак закансерваваны і выстаўлены на продаж.

budynak-kolishnyaj-muzhchynskaj-gimnazii
Будынак колішняй мужчынскай гімназіі. Фота: planetabelarus.by

У цэнтры Мсціслава можна заўважыць гандлёвыя шэрагі, узведзеныя на пачатку ХХ стагоддзя. Яны пабудаваныя ў эклектычным стылі, прасочваюцца рысы стылю мадэрн ды неакласіцызм. Сёння, як і раней, гандлёвыя шэрагі выкарыстоўваюцца па прызначэнні, тут месціцца шэраг разнастайных крамаў.

mscislau-handljovyja-sherahi
Гандлёвыя шэрагі

Цікавым архітэктурным аб’ектам у Мсціславе з’яўляецца пажарная вежа, узведзеная ў 1935 годзе. Прыблізна на вышыні 6-павярховага дома на ёй уладкаваная аглядная пляцоўка, якая, на жаль, часова не працуе.

Месцічы кажуць, што адтуль адкрываецца найбольш маляўнічы краявід на Мсціслаў. Таўшчыня сцен будынка, складзенага з мясцовай чырвонай цэглы, дасягае метра.

mscislau-pazharnaja-viezha
Пажарная вежа. Фота: valatsuga.by

У Мсціславе захавалася дастаткова шмат прыкладаў гарадской забудовы. Збольшага гэта прыклады архітэктурнага стылю эклектыка. Варта зварнуць увагу на колішнюю гасцініцу «Парыж», дзе сёння месцяцца жылыя кватэры ды некаторыя камерцыйныя ўстановы, на будынак былой земскай управы, колішняй пошты, скарбніцы і іншыя.

mscislau-kolishniaja-hascinica-paryzh
Колішняя гасцініца «Парыж», унутраны двор

Язэп Вараніцкі, budzma.org