Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Вільні новае выданне легендарнага «Ордэна Белай Мышы»

У Вільні 2022 года беларускай мовы на вуліцах чуваць бадай ці не больш, чым ў Мінску. Але ўвечары 9 лістапада ў скверы каля музея сучаснага мастацтва ўзнікала ўражанне, што Новая Беларусь ужо спраўдзілася. Пераважная большасць навакольных актыўна карысталася выключна «і звонкім Дзе і густым Чаго». Магчыма, гэта было крыху звязана з тым, што ў скверы знайшла сабе ўтульнае мястэчка кавярня «Павільёнас», у якой прэзентаваў сваю кнігу «Ордэн Белай Мышы» Уладзімір Арлоў.


1.JPG

За барнай стойкай разлівалі напоі, у прыцемках чуўся інтэлігентны смех, з музычных дынамікаў хрыпеў Ігі Поп, на сцэне ў святле сафітаў і водбліскаў люстэркавага дыска-шару рыхтаваўся да прэзентацыі аўтар перакладзенага на 25 моваў свету легендарнага эсэ «Незалежнасць — гэта».

За 15 хвілін да афіцыйнага пачатку прэзентацыі пісьменнік павітаўся з усімі і нечакана абвясціў: «Я гатовы падпісваць кнігі». Амаль адразу да аўтара ўтварылася чарга, і гэткая ж чарга ўтварылася да стойкі выдавецтва «Камунікат», дзе можна было набыць кнігі. Абмяняўшы паперку ў 10 еўра на амаль 400 старонак тэксту кніжкі, госці накіроўваліся да сцэны, каб атрымаць аўтограф. Што праўда, дзе-хто эканоміў і падыходзіў да Арлова са словамі «Я проста паабдымацца». Пісьменнік абдымаўся ў адказ бясплатна.

Чарга не меншала, ахвочых было багата. За столікамі кавярні перамаўляліся госці. Студэнты абмяркоўвалі вучэбныя прадметы, дзве прыгажуні размаўлялі пра механіку атрымання грашовай дапамогі на дзяцей у Літве, барадаты маладзён тлумачыў па тэлефоне дарогу да кавярні. Прафесійныя літаратуразнаўцы, калі і былі ў залі, дык нічым не выдавалі сябе.

3.JPG
 Андрэй Хадановіч і Уладзімір Арлоў

— Для Казіміра, падпішыце, калі ласка, — сярод апошніх ахвочых атрымаць подпіс аўтара папрасіла спадара Арлова мама Казіміра, пакуль сам хлопчык сарамліва хаваўся за яе спінай.

4.JPG

Кніга была падпісана, і са спазненнем у дваццаць хвілін пачалася афіцыйная частка прэзентацыі.

На сцэну падняўся дырэктар выдавецтва «Камунікат» Яраслаў Іванюк. Ён павітаў усіх прысутных, падзякаваў за цікавасць да імпрэзы, заўважыў, што заказы на беларускія кнігі зараз прымаюцца з усяго свету, і прадставіў Уладзіміра Арлова як аўтара, якога не трэба прадстаўляць.

5.JPG
Яраслаў Іванюк і Уладзімір Арлоў

Пад апладысменты спадар Уладзімір узяў мікрафон і адзначыў, што яму вельмі прыемна вітаць аўдыторыю «у горадзе, назва якога адгукаецца ў кожным беларускім сэрцы».

Далей пісьменнік з гумарам прызнаўся, што не заўжды хацеў быць літаратурным дзеячам, што да трох гадоў ён марыў стаць дзяўчынкай, але не атрымалася. А потым сур’ёзна запрасіў аўдыторыю паразважаць пра тое, як нараджаецца натхненне і адкуль можа нарадзіцца тэма і ідэя для кнігі. Аўтар распавёў таксама пра містычныя эпізоды, якія часам здараюцца падчас работы над творамі, і заўважыў, сярод іншага, што калі ён працаваў над «Ордэнам Белай Мышы», у яго хаце сапраўды завяліся мышы.

Гасцям імпрэзы было цікава даведацца пра тонкасці першага (і апошняга) выдання «Ордэна» ў дзяржаўным выдавецтве. Як высветлілася, спецыяльны чалавек, прыстаўлены да Арлова падчас працы над выданнем, вырашыў, што імя Іван аднаго з персанажаў твора можа негатыўна паўплываць на «дружбу народаў і інтэграцыйныя працэсы». Аўтар прапанаваў змяніць імя. Дамовіліся замяніць на «Ваван».

Пад апладысменты Уладзімір Арлоў зачытаў першыя старонкі прэзентаванай кнігі.

«На вокладцы «Ордэна Белай Мышы» напісана на лаціне habent sua fata libelli, што значыць: кожная кніга мае свой лёс. Што сапраўды так. Але важная ў гэтым выразе і яго другая частка, — сказаў Арлоў. — Pro captu lectoris, што значыць: і лёс гэты залежыць ад чытача».

Наступныя разважанні пісьменніка былі пра таямнічыя супадзенні пры рабоце над творамі. Пра творы «Каханак яе вялікасці» і «Танцы над горадам». Быў зроблены кароткі экскурс у гісторыю Беларусі часоў Напалеона, а таксама расказаны гістарычны анекдот, у якім беларуская сялянка прасіла Напалеона «гнаць маскаля так далёка, каб ні ён, ні вы больш не вярнуліся».

7.JPG

Наступным творам, частку якога прачытаў аўтар, стаў «Кат Бальтазар». Публіка ў захапленні ўчыніла авацыю. Твор напісаны як старажытная балада, і нібы каб абвергнуць плёткі злых языкоў пра тое, што Арлоў піша так, бо не ўмее складаць рыфмы, спадар Уладзімір напрыканцы прачытаў некалькі сваіх класічных вершаў, сярод якіх асабліва спадабаўся прысутным паненкам верш пра каханку Максіма Багдановіча Салтыкову Клаву.

У фінале мерапрыемства на сцэну зноў выйшаў дырэктар выдавецтва Яраслаў Іванюк і ўзрадаваў навіной пра тое, што рыхтуюцца да выдання дзве новыя кнігі: «Паром праз Ла-Манш» і «Незалежнасць — гэта». А музыка Раман Арлоў сарваў апладысменты, заспяваўшы прыпеў песні «Будзьма беларусамі!». Публіка яшчэ доўга не разыходзілася, падыходзіла да барменаў і напявала «Будзьма!». Будзьма і мы!

8.JPG

Алег Мысліўчук, фота аўтара, budzma.org