Феномен палягае ў тым, што жанчыны ад першых стагоддзяў існавання дзяржаўнасці на нашых землях «гралі не проста вельмі важную, а выключную ролю».
Увечары 24 чэрвеня ў Вільні з аншлагам прайшла сустрэча з гісторыкам і пісьменнікам Уладзімірам Арловым «Жанчыны ў паўстанні Кастуся Каліноўскага: маці, жонкі, каханыя...». Імпрэзу зладзілі Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org і прастора CreateCulture Space.
Што праўда, Уладзімір Арлоў у сваім расповедзе-лекцыі паўстаннем 1863 года не абмежаваўся. Паводле пісьменніка, жанчыны не былі ў ценю падзей яшчэ ад старажытных дзён Полацка, ад якога, як памятаем, “пачаўся свет”.
Прыводзім самыя цікавыя ўрыўкі з выступу Уладзіміра Арлова.
Рагнеда – непакорная князёўна і ратавальніца дынастыі рагвалодавічаў
Шэраг важных для нас імёнаў пачынаецца з Рагнеды. Яна пасля забойства яе сям’і кіеўскім князем Уладзімерам, пасля таго крывавага і гвалтоўнага вяселля не скарылася. Паспрабавала яму адпомсціць. Была высланая на радзіму сваіх продкаў. Праз некаторы час яе сын Ізяслаў стаў князем Полацка, а ўнук Рагнеды Брачыслаў аднавіў незалежнасць Полацкага княства ад Кіеўскага. Рагнеда ўратавала дынастыю Рагвалодавічаў, якая 250 гадоў потым кіравала незалежным Полацкім княствам, першай нашай дзяржавай.
Сафія Валадараўна – дацкая каралева
Ці вось такое імя – Сафія Валадараўна, дачка полацкага і менскага князёў. Яна ў 1157 годзе стала дацкай каралевай, калі выйшла замуж за Вальдэмара Першага. Пабудавала ў Даніі сабор-копію Полацкай Сафіі. Потым яе дзеці ды ўнукі сядзелі на дацкім, шведскім, французскім тронах.
Еўфрасіння Полацкая – наша першая мецэнатка
Еўфрасіння Полацкая, унучка Усяслава Чарадзея, наша першая мецэнатка, асветніца і, магчыма, пісьменніца. Але прыйшлося займацца і палітыкай. Менавіта ў яе руках быў сцяг змагання палачан, калі яна засталася адна ў Полацку – усе Рагвалодавічы былі высланыя ў Візантыю. Праз тры гады дамаглася іх вяртання, полацкім князем ізноў стаў яе родны брат Васілька. Кананізаваная, шануецца як заступніца Беларусі.
І калі звернемся да наступных стагоддзяў, мы паўсюль будзем знаходзіць імёны, якія пакінулі яскравыя старонкі па сабе. Гэта і Сафія Слуцкая, якая, як ужо даказалі гісторыкі, была каталічкай, хоць шануецца праваслаўнымі як святая. Яна бараніла правы праваслаўных у ВКЛ ды ўзначаліла адпор нашэсцю татар. Праз некалькі стагоддзяў Францішка Уршуля Радзівіл таксама ў адсутнасць мужа ўзначаліла абарону Нясвіжа ад расейскага наезду.
19 стагоддзе дало цэлае сузор’е нашых выдатных жанчын
Эмілія Плятэр, гераіня вызвольнага паўстання 1831 года. Палякі лічаць яе сваёй, але заўважу, што нарадзілася далёка ад Польшчы, была беларускай этнографкай, збірала песні, легенды, казкі беларускія, выдатна танчыла беларускія танцы, яе сведчаць сучаснікі. Сфармавала і ўзброіла за свой кошт аддзел з 400 чалавек. Вызваліла Езяросы (цяпер Зарасай).
Эмілія Плятэр. Гравюра. Крыніца: wikipedia.org
Але яна была не адзінай жанчынай таго паўстання. Яе ад’ютанкткай была даўняя сяброўка Марыя Прушынская. Выведніца – зусім юная, дзесяцігадовая дзяўчынка Валерыя Разагінская. На смерць Плятэр напісалі дзясяткі вершаў і паэм ва ўсё Еўропе. Адам Міцкевіч павысіў яе ў званні ў творы “На смерць палкоўніка” – яны была толькі капітанам. Дарэчы, якраз у такія ж гарачыя чэрвеньскія дні 1831 года на Панарскіх гарах пад Вільняй адбылася бітва паўстанцаў з расейскімі карнікамі, у якой праславіліся і былі ўзнагароджаныя 11 жанчын. Тады нашыя жанчыны ваявалі са зброяй у руках супраць расейскіх каланізатараў.
Змаганне без зброі
Сёлета споўнілася 160 год паўстанню, якое на нашых землях узначаліў першы нацыянальны, беларускі ўжо ў сучасным сэнсе гэтага слова, палітык Кастусь Каліноўскі. Ён і яго бліжэйшае атачэнне змагаліся ўжо не за аднаўленне ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а за рэспубліканскую дэмакратычную будучыню народаў былой РП, а калі казаць пра Каліноўскага, то за будучыню Беларусі.
Кастусь Каліноўскі, фота з Вікіпедыі
Самым вядомым паролем паўстанцаў былі словы: “Каго любіш?” – “Люблю Беларусь” – “То ўзаемна”. І вось у 1863 годзе ў маім уяўленні – пра гэта няма звестак – існаваў пісаны ці непісаны загад не дазваляць жанчынам змагацца супраць расейцаў са зброяй у руках, бо ў іх хапала іншых заняткаў для дапамогі нашым змагарам.
Вось што гаворыцца ў паўстанцкай адозве да ліцвінак і русінак: “Якая маці, сястра, жонка, сяброўка, каханая, дачка не знойдзе шляху да сэрца мужчыны, што яе любіць. Натхніце ж іх, запаліце агнём, спыніце свае забавы і дарагія задавальненні – Айчына патрабуе помсты і малітваў, ахвяраванняў на зброю і на справу паўстання”. І без гэтых гарачых заклікаў, трэба сказаць, жанчыны, як маглі, дапамагалі каліноўцам.
Калі я думаю і пішу пра гэта, я бачу вельмі шмат аналогій і асацыяцый з сучаснасцю, з падзеямі 2020-га і наступных гадоў. Дакументы, складзеныя імперскімі следчымі, паведамляюць, што яшчэ да пачатку паўстання многія літвінкі (назва Беларусь і беларусы перамагла толькі ў 20 стагоддзі, не без удзелу, дарэчы, Каліноўскага і паўстанцаў) насілі рэвалюцыйныя знакі і адзенне, спявалі забароненыя патрыятычныя гімны і песні. Такія спевы шмат разоў гучалі ў менскім катэдральным касцёле Дзевы Марыі, храмах Наваградка, Пінска, Мазыра, у Полацку і іншых гарадах Беларусі. І тады, уявіце сабе, існавалі аналагі сучаснага Вольнага хору – па Беларусі ездзілі вандроўныя хары, якія складаліся з жанчын і якія распачыналі спевы пасля набажэнства. Тут шмат прозвішчаў, але для мяне вельмі важна, каб яны гучалі, каб вы іх чулі. За такія “злачынствы” былі пакараныя спявачкі Вітольда Гугальт, Аліна Белавежская, Людвіка Ямант. На знак салідарнасці з паўстанцамі і жалобы па палеглых нашы шляхцянкі насілі цёмную вопратку і капялюшыкі-парасоны чорнага, белага і фіялетавага колераў – гэта таксама выклікала ў следчых лютасць, знакі жалобы забараняліся, парушальніц абкладалі вялікімі штрафамі. Шляхцянку Амалію Лашкевіч абвінавацілі ў тым, што яна пашыла сабе нацыянальны ўбор і фіранкі непажаданых белага і чырвонага колераў, Марыю Ульянаўскую судзілі за крамольныя песні і за частаванне ў дзень свайго нараджэння сялян-таемных уніятаў, якія адмаўляліся пераходзіць у праваслаўе.
Царскім служкам не падабалася, што нашы жанчыны адмысловым чынам, таксама выказваючы салідарнасць з паўстанцамі, падстрыгалі сабе валасы – за гэта судзілі і штрафавалі.
У Кацярыны Шалюты адабралі ўсю маёмасць за распаўсюд антыўрадавых вершаў і улётак, шляхцянка Ванда Беляковіч паклала ў труну мужу-паўстанцу сваё фота, каб не разлучацца з ім і пасля смерці і была за гэта аштрафаваная на велізарную суму ў трыста рублёў (гадавы прыбытак наглядчыка расейскай турмы).
Жанчыны былі кур’еркамі, выведніцамі, захоўвалі зброю і порах, забяспечвалі нашых ваяроў правіянтам – за такую дзейнасць Ізабэлу Цеханавецкую суд у Магілёве адправіў у высылку пад Варонеж. Турма чакала Алімпіяду Каплінскую з Барысаўскага павету, Юльяну Аленскую з Сенненскага. У тым самым Сенненскім павеце быў такі маёнтак Канстантова, які стаў адным з апорных пунктаў падрыхтоўкі паўстання ў Магілёўскай губерніі. Маёнткам валодалі Алімпія Святарэцкая і дачка яе Юзэфа – іх выслалі ў Пермскую губернію. Надзейнай сувязной у 1863-м годзе была пляменніца Напалеона Орды, сама таленавітая мастачка, Алена Скірмунт. Расейскія суддзі пастанавілі разлучыць Алену з мужам і дзецьмі і выслалі яе ў глухі Тамбоў.
Чытайце яшчэ:
Пра што пісалі ў дзённіках беларускія рэвалюцыянеркі?
І нашы жанчыны былі стваральніцамі камітэтаў салідарнасці, якія дзейнічалі ў той час і з’явіліся зноў праз 160 гадоў. І кола заняткаў гэтых камітэтаў было прыкладна тое ж самае: яны захоўвалі і пашыралі нелегальную літаратуру, бралі пад апеку сем’і арыштаваных паўстанцаў, саміх вязняў – тады часам турэмныя ўлады пускалі жанчын да вязняў, можна было памыць ім бялізну, перадаць пошту, нейкія харчы. Жанчыны былі сёстрамі міласэрнасці ў нелегальных паўстанцкіх шпіталях, давалі прытулак параненым.
Эліза Ажэшка. Крыніца: polona.pl
Будучая славутая пісьменніца Эліза Ажэшка хавала ў сябе, лекавала, потым пераправіла на польскія землі параненага Рамуальда Траўгута, які потым узначаліў паўстанцкія сілы на ўсім абшары Рэчы Паспалітай.
Крыніца натхнення і прыклад для нашчадкаў
Фота: kamunikat.org
Гісторыі жыццяў беларускіх гераінь гераічныя і трагічныя, але “для мяне жыцці іх не выглядаюць на сумны фінал”. “Мы іх памятаем, пра іх пішуць кнігі, яны гераіні карцін, музычных твораў, навуковых даследаванняў, - зазначыў у гутарцы з budzma.org пасля імпрэзы Уладзімір Арлоў. - На Росах у Вільні я прыходжу на магілу Людвікі Ямант – там заўсёды кветкі, бел-чырвона-белыя стужкі, тое ж самае на магілах Апалоніі Серакоўскай і Марыі Ямант на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве. Таму для мяне гэта гераіні, жыццё якіх не проста не змарнаванае, а ёсць прыкладам для наступніц, нашчадкаў. Вось гэта кніга “Імёны Свабоды”, з якой я тут чытаў іх партрэты, яна толькі на першы погляд здаецца такой кнігай трагічнай. Але калі разважаць над гэтым, то яна нават у хвіліны роспачы і паняверкі дае зарад надзеі і аптымізму і сведчыць пра тое, што нас шмат. Нас шмат і ўрэшце мы верым у перамогу”.
Чытайце яшчэ:
Не слабы пол. 5 ваяўнічых жанчын у беларускай гісторыі
Рыгор Сапежынскі, budzma.org