У Польшчы стартаваў у пракаце фільм «Арляняты. Гродна’39», прысвечаны абароне горада перад савецкімі «вызваліцелямі» ў 1939-м. Але стужка не толькі пра гэта. Галоўны персанаж — 12-гадовы яўрэйскі хлопчык, які ў тагачаснай Польшчы свой сярод чужых, чужы сярод сваіх.
Гродна. Лета 1939-га. У школе ідзе рэпетыцыя пастаноўкі паводле «Крыжакаў» Сянкевіча. Дзеці спрачаюцца за ролі. Найвялікшае пытанне: хто будзе граць галоўнага героя, рыцара Збышка?.. Прэтэндэнтаў двое: Тадзік і Леось. Апошні лепш фехтуе, але — ёсць праблема. Ён яўрэй.
Хлопцы ладзяць дуэль за права на роль. Перамагае Леось, але што з таго? Настаўнік спрабуе патлумачыць, што паводле Сянкевіча той рыцар меў светлыя валасы. Леось не трапляе. За ўсім гэтым назірае Эвеліна: яна нібы масток паміж хлопцамі, адно дзіцячае каханне на дваіх.
Але на гэтым праблемы Леося толькі пачынаюцца: ягоны брат — камуніст Якуб, адзін з завадатараў ці то яўрэйскай банды, ці то самааховы, якая б’ецца за кантроль над вуліцамі Гродна з польскімі нацыяналістамі. Якуба садзяць у турму. Дома праводзяць ператрус. Пасля здарэння Леося не бяруць у харцэры (польскія скаўты): мары руйнуюцца адна за адной...
У свае 12 хлопец нарэшце асэнсоўвае, што будучы яўрэем не мае шанцаў «трапіць у клуб». Пра гэта яму кажа бацька Эвеліны, польскі афіцэр. «Клуб» — гэта не толькі метафара дарослага жыцця, але і ў прынцыпе польскага грамадства. Яўрэй можа стаць рамізнікам, напраўшчыкам гадзіннікаў ці нават банкірам. Але ў войска ці дзяржаўныя структуры — лепш не савацца.
Ці мае грамадства дарастаць да праўды?
Для польскага кіно і грамадскай думкі як такой гэта ўжо прарыў. Раней рэплікі пра тое, што ў перадваеннай Польшчы мог быць які-кольвек антысемітызм, разбіваліся аб «патрыятычны мур». Маўляў, Польшча, разадраная і акупаваная ў 1939-м немцамі і Саветамі, можа быць толькі пакутніцай. І кропка. «Пагромы і антысеміцкая прапаганда... Што? Не было такога!»
Сама спроба паказаць польскае грамадства да 1939-га неаднародным, спрэчным і канфліктным — смелы ход рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча. Бо, напрыклад, фільм 2012-га «Наступствы» (Рoklosie) аб тым, што палякі таксама маюць дачыненне да Халакосту, некалі выклікаў буру эмоцыяў і негатыву. Здавалася нават, што грамадства яшчэ не дарасло да гэтай праўды.
Яшчэ адна смелая думка, якую можна пачуць пакуль толькі ў асобных польскіх журналістаў ці гісторыкаў, — гэта паралель паміж 1939-м і 1945-м. Бо як Беларусь паўстала ў сённяшніх межах на савецкіх штыках у 1939-м, так і Польшча атрымала Гданьск, Познань ды Уроцлаў на тых самых савецкіх штыках у 1945-м. З вялікай ласкі Сталіна. У першым выпадку коштам польскага гора, у другім — нямецкага. Але гэта — іншая гісторыя.
«Крыжакі» на барыкадах і палаючы Тадзік Ясінскі
1 верасня Леось бяжыць у школу, а дырэктар, трымаючы дрыготкімі рукамі аркушы паперы, зачытвае ноту ўрада Польшчы пра пачатак вайны. Тут жа на школьны двор падаюць першыя бомбы... Пакуль — нямецкія. Леось з Тадзікам сярод хаосу спрабуюць далучыцца да войска, ідуць на захад, адкуль цягнуцца калоны ўцекачоў.
Урэшце сустракаюць адступаючых вайскоўцаў, якія бяруць хлопцаў з сабой: бараніць Гродна. Але і тут Леосю няма веры: ён застаецца яўрэем, нягледзячы на падораную Тадзікам харцэрскую форменную кашулю. Толькі з прыходам бальшавікоў і пачаткам вулічных баёў ён стае патрэбным: носіць жаўнерам ваду, а пасля і сам шпурляе кактэйлі Молатава ў савецкія танкі.
Апошняя драматычная сцэна адбываецца на вулічнай барыкадзе. Паляк-вайсковец, аслеплены шклом выбітых шыбаў, перамаўляецца з Леосем пра «Крыжакаў» Сянкевіча. Выходзіць, што яму — паляку з Заходняй Польшчы — немцы забаранялі чытаць Сянкевіча. Леосю ж самі палякі забаранялі граць у пастаноўцы паводле аўтара...
Шчаслівага фіналу ў фільме няма. На барыкаду едуць савецкія танкі з прывязанымі да іх жывымі закладнікамі. Адзін з іх — той самы Тадзік, калега Леося. Гэта, дарэчы, гістарычны эпізод, які пазней стаў легендай: распяты жыўцом на танку падлетак Тадзік Ясінскі. Аслеплены, але здольны чуць надыходзячыя танкі, паляк-вайсковец кідае кактэйль Молатава... Тадзік згарае на брані жыўцом.
Добрага фіналу ў фільме, як і ў гісторыі, няма. Чырвонаармейцы п’юць гарэлку, святкуючы перамогу. Цягнуць жанчын у падваротні. Яўрэі з чырвонымі сцягамі сустракаюць новую ўладу. Леося выдаюць апёкі на руках. Яго хапаюць і расстрэльваюць бальшавікі ў адным з гродзенскіх двароў на вачах у брата-камуніста.
А што там з польска-беларускім кейсам?
Як ужо пісалася вышэй, фільм прыемна ўразіў спробай адысці ад традыцыйных патрыятычных штампаў. Паказаць гісторыю трошкі складаней, не лубочна. Магчыма, уважлівы глядач задумаецца, чаму не адзін і не два чалавекі ў Гродне, Брэсце ці Вільні ўсё ж віталі бальшавікоў. Чаму для гэтых людзей Польшча была не маці, а мачыхай?..
Урэшце, акурат спроба самарэфлексіі і разумення сваіх памылак у мінулым выдае як сталага чалавека, так і сталую нацыю. Персанальна мне ў фільме не хапіла аднаго: беларусаў. Іх няма. Нават на другасных ролях. Хіба на апошніх кадрах фільму на адным з чырвоных банераў красуе: «Да здравствует Советская Белоруссия». Усё.
Такім чынам, у фільме бачым спробу развязаць прынамсі адзін канфліктны вузел таго часу — польска-яўрэйскі. Польска-беларускі (разам з палітвязнямі, КПЗБ ды інш.) застаецца па-за кантэктсам. Магчыма, і на яго некалі прыйдзе час.
У публікацыі выкарыстаныя скрыншоты з фільму Orlęta. Grodno ’39
Алесь Кіркевіч, budzma.org