Запрашаем у вандроўку на Аршаншчыну. Падарожнікаў, што завітаюць сюды, чакае шмат цікавага. Блізкасць да ўсходніх межаў дае пра сябе ведаць, збольшага з мясцовых архітэктурных цікавостак засталіся толькі крушні, але і яны выглядаюць вельмі маляўніча і адлюстроўваюць сумную, але рэчаіснасць. Такім чынам, сёння наведаем гарадскі пасёлак Арэхаўск з адметнай царквой у стылі познага класіцызму ды пасёлак Высокае, дзе часткова захаваўся сядзібна-паркавы ансамбль Макрыцкіх ды маляўнічыя крушні Свята-Ільінскай царквы пачатку ХІХ стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
Арэхаўск
Найперш на Аршаншчыне раім рушыць у гарадскі пасёлак Арэхаўск, які ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах як вёска Арахі ў XVIІ стагоддзі як уладанні Сапегаў, пазней Пацёмкіных, а з XVIII стагоддзя Любамірскіх. Вядома, што старажытнае паселішча на берагах Арэхаўскага возера на месцы сучаснага Арэхаўска ўзнікла значна раней. Пра гэта сведчыць археалагічны помнік — курганны могільнік у ваколіцах вёскі, датаваны археолагамі ХІ—ХІІІ стагоддзямі, і меркаванае гарадзішча, якое яшчэ не даследавана.
Арэхаўск, 1942
Фота: planetabelarus.by
Апроч курганоў ды гарадзішча з маўклівых сведкаў гісторыі колішняй вёскі Арахі да нашых дзён ацалела цікавая драўляная царква, пабудаваная ў першай палове XIX стагоддзя. На той перыяд з 1802 года паселішча належала Канстанціну Любамірскаму. Драўляная царква ў стылі позняга класіцызму з-за пэўных фінансавых цяжкасцей у жыцці свайго фундатара будавалася на месцы колішняга ўніяцкага храма даволі марудна і была асвечана толькі ў 1838 годзе ў гонар Святой Тройцы.
Фота: planetabelarus.by
Вакол гэтай сціплай царкоўкі ходзіць процьма плётак, адна з якіх пра тое, што бярвенне падчас узвядзення храма дойліды ўкладалі не гарызантальна, а вертыкальна. Праверыць гэта зараз цяжка, бо царква абшытая новым слоем дошак, але калі гэта так, то можна лічыць, што гэта адзіны храм на тэрыторыі Беларусі з такім выкшталцоным архітэктурным вырашэннем. Іншая плётка пра тое, што тут маліўся падчас вайны з Напалеонам Кутузаў, але тое дакладна немагчыма, бо царква была пабудаваная значна пазней за 1812 год. Царква Святой Тройцы і званіца побач з ёй, якая была ўзведзена ў той жа час, што і сам храм, з’яўляецца сёння помнікам драўлянага дойлідства і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: valatsuga.by
Фота: planetabelarus.by
Быў у Арэхаўску і палацавы ансамбль роду Хлюсціных, закладзены ў ХІХ стагоддзі. Яшчэ да 2020 года можна было пабачыць і крушні непасрэдна самой сядзібы, але два гады таму нават тое, што засталося ад будынка, было канчаткова страчана.
Фота: wikimadia.com
Фота: valatsuga.by
У маёнтку Хлюсціных з 1890 года дзейнічаў завод па сухой перагонцы дрэва, які спецыялізаваўся на вытворчасці драўнянага спірту, шкіпінару, ацэтону. Да завода была падведзена вузкакалейка, па якой прадукцыя адпраўлялася ў Нямеччыну. Вядома, што завод будавалі немцы і належаў ён намецкай кампаніі. Ужо на 1910 год тут працавала больш за 150 чалавек, і прадпрыемства лічылася адным з самых буйных на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі.
Фота: valatsuga.by
Для працоўных завода кіраўніцтвам былі створаны надзвычай зручныя ўмовы: дармавое жытло, бясплатныя медыцынскія паслугі ў будынку мясцовага шпіталя, тут жа была ўзведзена лазня. Такім чынам, навокал завода разбудоўвалася паселішча для працоўных, якое з цягам часу пачало называцца Выдрыца, паводле назвы колішняга ўрочышча, дзе яно месцілася. Пазней тагачасныя Арахі аб’ядналі з Выдрыцай у Арахі-Выдрыцу, а яшчэ пазней, у 1946-м, у сучасны Арэхаўск.
Арахі-Выдрыца, 1932
Нямецкі завод тут праіснаваў да 1917 года, пакуль не прыйшлі бальшавікі. Будынак колішняга завода ацалеў да нашага часу ў дастаткова добрым стане, таму што выкарыстоўваўся і за савецкім часам, як і некалькі дыхтоўных каменных гаспадарчых пабудоваў, некаторыя з якіх і сёння выкарыстоўваюцца па прызначэнні.
Асінаўская ДРЭС, 1932
Яшчэ цікавы факт, што вёска Арэхаўск лічыцца калыскай беларускай энергетыкі, тут у 1927–1930 гг. паводле плану электрыфікацыі СССР была ўзведзена самая першая на тэрыторыі тагачаснай БССР Асінаўская ДРЭС, якая функцыянуе і па сённяшні дзень.
Асінаўская ДРЭС, 1933
Высокае
Далей прапануем рушыць у пасёлак Высокае Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, які ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1607 годзе. Вядома, што з сярэдзіны XVII стагоддзя паселішчам валодаў Язэп Паўловіч, а ў XVIII стагоддзі паселішча перайшло пад уладу каталіцкага касцёла, пазней да роду Любамірскіх. Ёсць сведчанні, што на мяжы XVIII— XIX стагоддзяў у Высокім і бліжэйшым фальварку дзейнічалі суконная мануфактура, папяровая фабрыка, вінакурня, вапневы завод, млын, лякарня, у 1867 годзе адчынена земская народная вучэльня, сярод месцічаў Высокага было шмат шаўцоў і краўцоў.
Фота: valatsuga.by
Фота: valatsuga.by
У пачатку ХІХ стагоддзя маёнтак Высокае належаў Канстанціну Любамірскаму. Менавіта Канстанцін Любамірскі фундаваў тут на месцы старога ўніяцкага храма будаўніцтва праваслаўнай царквы з чырвонай цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі, асвечанай у гонар Святога Прарока Іллі. Да нашых дзён крушні царквы дайшлі ў змененым стане: у 1913–1917 гг. храм быў часткова перабудаваны. Сёння ў інтэр’еры царквы захавалася аўтэнтычная каляровая керамічная плітка, якой выкладзена падлога. Рэшткі царквы можна пабачыць на перакрыжаванні галоўных вуліцаў Высокага.
Фота: horki.info
Пасля Любамірскіх, у сярэдзіне XІХ стагоддзя, фальварак перайшоў у гаспадарства Эльяша Мазарапіі, пазней роду Ранікераў. А за наступнымі гаспадарамі, родам Макрыцкіх, на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў тут быў закладзены велічны сядзібна-паркавы ансамбль у стылі неакласіцызму, рэшткі якога мы можам пабачыць у Высокім і сёння.
Фота: planetabelarus.by
Фота: horki.info
У комплекс уваходзіў сам сядзібны дом, два флігелі, драўляны і мураваны, гаспадарчыя пабудовы, афіцына, прыбудаваная ў 1912 годзе, і пейзажны парк з сажалкай. Сам будынак сядзібы да нашых дзён, на жаль, захаваўся ў вельмі кепскім стане: драўляная частка згарэла, каменная імкліва разбураецца. У адносна добрым стане захаваўся адзін з флігеляў, які зараз знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, і пейзажны парк, які мае ахоўны статус помніка прыроды. Яшчэ ўладальнік сядзібы Макрыцкі напачатку ХХ стагоддзя прывез сюды з розных краінаў шмат дрэваў і хмызоў, 150 відаў каторых захавалася і да нашага часу. Ужо дзеля таго, каб пабачыць стогадовых экзотаў, сведкаў далёкай мінуўшчыны, варта наведаць Высокае.
Фота: horki.info
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, budzma.org