Арт-праект “Другая сцэна” стартуе ў Магілёўскім абласным тэатры лялек, паведаміў журналістам галоўны рэжысёр установы культуры Ігар Казакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па праекце ў тэатры кожны месяц будуць праходзіць мастацкія і фотавыставы, канцэрты, паэтычныя і танцавальныя вечары, майстар-класы, фестывалі кіно. “Другая сцэна” дазволіць раскрыць усю разнастайнасць калятэатральных кірункаў. Мы хочам паказаць нашым гледачам, што сучасны тэатр лялек разлічаны не толькі на дзяцей і ў ім іграюць не толькі лялькі”, – адзначыў Ігар Казакоў.
Стартаваў праект 7 траўня з тэатралізаванага канцэрта беларускага кабарэ-бэнда”Серебряная свадьба”. Музыкі падрыхтавалі новую праграму для дарослых і дзяцей з выкарыстаннем незвычайных музычных інструментаў: рондаляў, бляшаных скрынак, каністраў для бензіну, сантэхнічных труб, лыжак, прышчэпак, дзіцячых цацак і інш. Паводле слоў Ігара Казакова, лідар гурта “Серебряная свадьба” Святлана Залеская-Бень напісала музыку да многіх спектакляў Магілёўскага тэатра лялек, таму заканамерна, што праект пачынаецца выступам менавіта гэтага калектыву.
“З дапамогай “Другой сцэны” мы імкнемся наладзіць дыялог з гледачом. Хочацца, каб наш тэатр стаў мультыкультурнай прасторай, дзе б збіраліся прыхільнікі самых розных напрамкаў мастацтва”, – падзяліўся рэжысёр. Паводле яго слоў, ужо складзена праграма на бліжэйшыя некалькі месяцаў. Так, у чэрвені будзе праходзіць трохдзённы кінафестываль “Кинемо”, адбудзецца канцэрт гурта Zui.
Сюжэт магілёўскага тэлеканала ТВ-2 пра выступ кабарэ-бэнда “Серебряная свадьба”.
Антаніна Блізнюк, БелТА
Тэгі: Магілёў