Прадстаўнікі сучаснай творчай эліты Беларусі, аб’яднаныя сумеснай дзейнасцю ў межах культурніцкага праекту “pARTisan” 4 лютага прэзентавалі ў канферэнц-залі Пушкінскай бібліятэкі апошні нумар альманаху “pARTisan” і першы альбом “Дванаццаць” з новай серыі “Калекцыя pARTisanu”. У імпрэзе бралі ўдзел заснавальнік і галоўны рэдактар альманаху Артур Клінаў, сталыя аўтары часопісу культуролаг Максім Жбанкоў, філосаф Вялянцін Акудовіч і медыяэксперт Алесь Анціпенка. У якасці адмысловых гасцей імпрэзы былі запрошаныя творчыя групы “an angelico” і “Гаротніца”.
Імпрэзу распачаў “an angelico”, мастацкі праект, у склад якога ўваходзяць мастакі-дызайнеры Anton Snt (у народзе Антон Слюнчанка) і Vitaz (Віталь Дзегцяроў). Праект ужо стаў добра вядомым сярод прадстаўнікоў сучаснай нефармальнай культуры сталіцы і перадусім для сталых наведнікаў мінскіх найт-клабаў: менавіта ў начных клубах маладыя людзі прэзентуюць большую частку сваіх твораў. Тэхнікі, якія выкарыстоўваць Антон і Віталь, вар’іруюцца ад фатаграфіі, відэа да тэкстаў і інфармацыйных рэсурсаў. Выкарыстоўваючы глянец як падставовы сродак для сваіх твораў, мастакі тым не менш заяўляюць пра пошук схаваных сэнсаў і каштоўнасцяў у гламуры, якім насычанае сённяшняе мастацтва.
На прэзентацыі “an angelico” прадставіў некалькі сваіх твораў пад недвухсэнсоўнымі назвамі “Day”, “Night” і “Sex Box”. Усе яны выяўляюць тыповы для творчасці групы вобраз сучаснай жанчыны, якой уласцівыя самаўпэўненасць, моц і эратызм.
Другім “пойнтам”, ужываючы тэрміналогію вядучага імпрэзы Максіма Жбанкова, стала ўласна прэзентацыя новай серыі “Калекцыя pARTisanu”. Ідэю, сутнасць і змест выдання тлумачыць Артур Клінаў:
“У нашай краіне адбывалася і працягвае адбывацца рэвалюцыя ў культуры: у літаратуры, кіно, мастацтве. Але гэтую рэвалюцыю амаль ніхто не бачыць і не заўважае. Яна не адбываецца ў он-лайн рэжыме і не прысутнічае ў публічнай прасторы, якая заўжды праяўляецца праз наяўнасць музеяў, інстытутаў куратараў і крытыкаў, цэнтраў сучаснага мастацтва. Калекцыя “pARTisanu” мусіць сабраць усё лепшае, рэвалюцыйнае, што адбылося за апошнія 20-30 год у беларускай культуры і зрабіць культурную рэвалюцыю бачнай”.
На пытанне аб сэнсе і запатрабаванасці праекту Артур Клінаў зазначыў: “Культурная рэвалюцыя мусіць стаць здабыткам не толькі элітаў, але і ўсяго беларускага народу. Без яе мы заўжды будзем нацыяй вясковай, савецкай, посткаланіяльнай. Мы будзем камунікаваць з іншымі народамі толькі праз фальклор, гісторыю і традыцыйныя формы. Пакуль мы не будзем мець сучаснага мастацтва, мы будзем безгалосымі”.
Валянцін Акудовіч і Алесь Анціпенка прэзентавалі апошні нумар альманаху pARTisan, тэма якога гучыць як “Вера”. Ім належыць і першы матэрыял альманаху “Філасофскія спрэчкі Алеся Анціпенкі і Валянціна Акудовіча пра вышэйшы розум у зорным небе”.
Пра ідэю нумару кажа Максім Жбанкоў: “Мы працягваем дэканструкцыю базавых міфаў беларускай свядомасці, і вера належыць да аднаго з такіх падставовых міфаў. Існуюць казкі пра татальную праваслаўнасць, пра татальную каталіцкую арыентаванасць, пра праваслаўны посткамуністычны атэізм беларускага народу. Але ўсё гэта – толькі пэўная сістэма міфаў, за якой хаваецца досвед кожнага з нас. Мы вырашылі выйсці за межы рэлігійных кантэкстаў і запытацца ў саміх сябе, навошта чалавеку вера, у чым вера кожнага з нас”.
“Насамрэч нумар не пра бога, не пра рэлігію. Усе рэлігіі сыходзяць, але патрэба ў сакральным застаецца. Праблема заключаецца ў тым, што яно набывае іншыя фарматы. Мы не ходзім у царкву, але ходзім на поп-канцэрты, бавім свой час у інтэрнэце. Патрэба ў цудзе, у іканастасе, героях, якія існуюць па-за межамі нашага рацыянальнага даверу і аргументаў, застаецца. І можна прыйсці на канцэрт Леанарда Коэна ці да Вострай брамы ў Вільні – і гэта будзе амаль тое самае пачуццё. Пытанне не ў канфесіі, а ў тым, ці ёсць у чалавека нейкае татальнае алібі для ўсяго таго, што ён робіць. Гэта і ёсць вера,” – зазначыў Максім Жбанкоў.
Напрыканцы імпрэзы адбыўся выступ праекту Андрэя Такінданга “Гаротніца”, “дэструктыўнага пажарнага аркестру з жаночым вакалам, элементамі ска, класікі, джазу, і ярка акрэсленай маргінальнай творчай пазіцыяй”, як сам сябе вызначае калектыў гурту.
Імпрэза ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Альбом “Дванаццаць” знутры:
“Калумбарыум сусветнай літаратуры”. (1998)