«Знікае пачуццё бездапаможнасці...» Беларуска распавяла пра службу ва УСУ

Беларуска Аліна (імя зменена ў мэтах бяспекі) паўтара года служыла ў медыяаддзеле Узброеных Сіл Украіны. Яна распавяла, як і чаму вырашыла пайсці ў войска. Што стала нечаканасцю? Як армія паўплывала на ўнутраны стан, і што было самым цяжкім?
u-zsu.png

Служба ва УСУ стала новым этапам

Да Узброеных сіл я далучылася ў 2024 годзе. Хваля, калі людзі былі гатовыя дапамагаць Украіне і ісці служыць, ужо пачала паступова спадаць, але я менавіта тады «даспела» да гэтага рашэння. Так склаліся абставіны, што ў той час, калі я шукала магчымасць пераехаць з Польшчы ва Украіну, мне прапанавалі пасаду ў медыяаддзеле аднаго з падраздзяленняў. Гэта адпавядала маім навыкам, таму я пагадзілася даволі хутка.

Я паразмаўляла са сваім будучым камандзірам, узяла час падумаць... і ўжо на наступны дзень напісала яму, што гатовая. Сябры казалі, што гэта занадта хуткае рашэнне, што трэба ўсё ўзважыць, але ў мяне не было сумневаў. Да гэтага я данаціла на патрэбы сяброў у войску, рэпосціла зборы, але ўвесь час думала, што гэтага замала. Служба для мяне стала проста новым этапам: там я магла дапамагаць больш эфектыўна.

Чаму я зрабіла такі выбар, і што стала нечаканасцю

Найчасцей мяне пыталіся, што беларуска робіць ва УСУ. Мая матывацыя, напэўна, такая ж, як і ў большасці беларускіх добраахвотнікаў, я тут нічога новага не скажу.

Я разглядаю Расію як агульнага ворага для Беларусі і Украіны. Расія ўсё мацней паглынае нашу краіну ў той час, як тысячы свядомых беларусаў і беларусак вымушаныя жыць у эміграцыі. Асабіста ў мяне адчуванне, што гэтая сістэма скрала магчымасць бачыцца з блізкімі, якія засталіся ў Беларусі. І мяне гэта вельмі злуе.

Эміграцыя ў Польшчу давалася мне цяжка, асабліва ў першы год. Я ўвесь час адчувала сябе нешчаслівай бежанкай, якая не мае ніякіх перспектыў у гэтай краіне. Пры гэтым у Беларусі працягвалі арыштоўваць і саджаць у турмы сяброў, знаёмыя гінулі на вайне, а ты проста патанаеш у побытавых эмігранцкіх праблемах і ні на што не можаш паўплываць.

Армія моцна змяніла мой унутраны стан: знікае пачуццё бездапаможнасці, калі ты нічога не кантралюеш. І хаця я не адчувала сябе нейкім «сапраўдным байцом», бо не выконвала непасрэдна баявыя задачы, я ведала, што мая праца ўплывае на эфектыўнасць баявых груп.

Тут усё проста: чым больш медыйнае падраздзяленне, тым больш спонсараў і данатаў яно мае, тым хутчэй закрываюцца зборы на неабходную тэхніку і абсталяванне для выканання баявых задач.

Нечаканасцю для мяне стала тое, што гэтая праца можа займаць амаль увесь час. Кожны дзень ты прыходзіш на службу, а вяртаешся позна ўвечары і валішся без сіл.

Аднак я ўсведамляла, што нашы ўмовы значна лепшыя, чым у тых, хто знаходзіцца на баявых пазіцыях. Ты вяртаешся ў цёплы будынак, а не начуеш у бліндажы. А галоўнае — цябе не спрабуюць забіць 24 на 7. Асабліва добра я гэта зразумела пасля таго, як мы самі пачалі ездзіць да нашых байцоў на пазіцыі.

sumski-napramak.jpg
Сумскі напрамак

Таму я прыняла такі стан рэчаў. Да таго ж, я заўсёды трымала ў галаве думку, што гэта мой выбар — паводле закона, я магла звольніцца праз шэсць месяцаў пасля падпісання кантракта. Але я вырашыла працягнуць службу яшчэ на год.

Самае складанае

Што самае цяжкае на вайне? Напэўна, кожны вайсковец скажа вам: страчваць пабрацімаў. Асабліва калі яны яшчэ і твае сябры.

З аднаго боку, гэтыя боль і злосць даюць матывацыю змагацца далей. А з іншага — цябе, канешне, кідае ў вір змрочных экзістэнцыйных думак:

ці вартая была тая ахвяра? І колькі яшчэ такіх ахвяр будзе?

Увогуле, калі ты не звар’яцелы фанатык (а такіх я не сустракала), то цябе перыядычна будзе кідаць на эмацыйных арэлях і заводзіць у філасофскія разважанні.

charkau.jpgХаркаў

Асабіста мне яшчэ было цяжка выпасці з прывычнага кола жыцця. Сям’я, сябры — усе яны за мяжой і не могуць да цябе прыехаць. Але праз некалькі месяцаў я пачала прывыкаць і да гэтага.

Вядома, даводзілася трапляць пад прылёты — і не раз. Але ўсё адбываецца так хутка, што нават не паспяваеш спужацца:

на адрэналіне проста робіш усё неабходнае, каб захаваць сябе.

Аднойчы нам прыйшлося кінуць машыну і схавацца ў лесе, бо дарогу накрыў цэлы рой FPV-дронаў. І гэта было правільным рашэннем, бо мы не даехалі б да той кропкі. Дарэчы, наша аўто ў выніку не кранулі, хаця ў тых, хто ехаў перад намі і за намі, трапіў дрон.

pryliot-drona.jpg
Прылёт fpv-дрона на аптавалакне

Стаўленне да жанчын

Што да стаўлення да жанчын, то з прадузятасцю я амаль не сутыкалася. Хутчэй — са здзіўленнем: што я тут раблю.

Негатыў я бачыла хіба што ў інтэрнэце. У асноўным гэта нападкі на медыйных вайскоўцаў: маўляў, калі жанчына добра выглядае ці носіць макіяж, значыць, яна «не па-сапраўднаму» ваюе. Мне падаецца, што такое пішуць людзі, вельмі далёкія ад фронту, або расійскія боты.

Як чалавек, які працаваў у медыя, скажу: большасць такіх інтэрв’ю запісваюцца падчас ратацый. Звычайна дзяўчаты рыхтуюцца да здымак і хочуць быць прыгожымі. Але, мяркуючы па каментарах, на камеру ўсе павінны выглядаць, як у фільмах пра Першую сусветную — у сажы і копаці. Стараюся не звяртаць увагі на такія рэчы і канцэнтравацца на працы.

Што дапамагае спраўляцца са стрэсам

Вядома, было шмат і добрых момантаў. Увогуле жыццё адчуваецца па-іншаму, асабліва калі пару тыдняў праводзіш дзе-небудзь у прыфрантавым сяле, а потым вяртаешся ў горад — радасць пачынаюць прыносіць нават самыя звычайныя рэчы: паляжаць у ванне ці папіць кавы ў любімай кавярні.

na-sluzhbie-u-zsu-02.jpg

У арміі таксама шмат чорнага гумару — без яго ніяк. Мае цывільныя сябры часам пужаюцца з маіх жартаў, але мы з пабрацімамі толькі дзякуючы ім і трымаліся ў цяжкія часы.

Спраўляцца са стрэсам дапамагае вайсковае асяроддзе. І гэта не заўсёды нават пабрацімы з твайго падраздзялення. У горадзе, дзе я служыла большую частку часу, у мяне з’явіліся сябры з розных брыгад. Калі на вайне загінуў мой сябар, менавіта яны сталі для мяне найбольшай падтрымкай, бо самі праходзілі праз страты.

Але з цывільнымі сябрамі таксама часам карысна паразмаўляць. У гэтым плане мне пашанцавала: мае сяброўкі, напрыклад, добра разумеюць украінскі кантэкст, і мне з імі лёгка, хоць бачымся мы цяпер раз на год. А часам проста стамляешся ад размоваў пра вайну і хочацца абмеркаваць штосьці іншае — звычайнае жыццё, планы, нейкія дробязі.

Канешне, у мяне былі думкі ўсё кінуць і вярнуцца да цывільнага жыцця — яны ўзнікаюць час ад часу ва ўсіх вайсковых, і гэта нармальна.

Але я зразумела, што пакуль маю рэсурс, здароўе і блізкіх людзей, якія застаюцца на фронце, трэба працягваць дапамагаць тым, хто ваюе. Мая задача ў войску менавіта такая.

Пра планы пасля службы я пакуль не думаю — цяжка нешта будаваць наперад. Хацелася б проста дзесьці асесці і забраць сваіх хатніх жывёл, якія цяпер знаходзяцца на ператрымцы. А далей — будзе бачна.

Аліна К., Budzma.org