Артур Вакараў: «Я зрабіў Аляксандру Рыгоравічу прадвыбарныя постары. А ён не сплаціў»

Заснавальнік вядомай менскай студыі дызайну «Адліга» распавёў «Салідарнасці», як паўдзельнічаў у прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі, чаму запрасілі ў Італію і што трэба рабіць зараз.

Artur Vakaraŭ
Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

21 студзеня ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве, які з’яўляецца праектам Народнага антыкрызыснага ўпраўлення, адкрылася выстава знакамітага беларускага дызайнера Артура Вакарава «30 год дыктатуры ў 30 постарах». Яе ўжо паглядзелі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда са Святланай Ціханоўскай.

«30 hod dyktatury ŭ 30 postarach»

— Артур, вы зрабілі па постэру на кожны год беларускай дыктатуры. Што вас натхняла?

— Гэты канцэпт прыйшоў у галаву недзе год таму — стварыць 30 постараў, дзе сама лічба 30 будзе абавязковым візуальным элементам. У гэтым была складанасць, але і крэатыўная моц праекта.

Але праект мае яшчэ і статыстычны складнік. Я спрабаваў адлюстраваць розныя вобласці грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця. Не только пра рэвалюцыю і палітвязняў, але і пра тое, што адбывалася ў адукацыі, у правах меншасцяў, у бізнэсе.

На гэту працу я паклаў прыкладна паўгады. Бо ўжо калі ўзяўся за аўтарскі дызайнерскі праект, дык трэба яго зрабіць на выдатна. Крэатыў мусіць прывабліваць і інтрыгаваць, каб чалавек, праходзячы побач з гэтымі постарамі, звярнуў увагу і прачытаў, падумаў пра тое, што адбывалася ў Беларусі цягам апошніх 30 год.

«Стараўся дадаць у праект іроніі і гумару, каб глядач меў магчымасць ўсміхнуцца»

— У сваёй выставе вы ўвасобілі «дасягненні» беларускай рэчаіснасці пры Лукашэнку. Кайданкі ў выглядзе лічбы 30, расейскія танкі з цыбульным купалам замест вежы, рукі з 30 сінімі пальцамі. Як такое прыдумлялася?

Praca Artura Vakarava

— Калі я рабіў гэты праект, зразумеў, што ён атрымоўваецца дэпрэсіўны. Стараўся дадаць іроніі і гумару, але дата і наступствы такія, што моцна не павесялішся.

Метафарычна можна назваць яго «30 гадоў са знакам мінус», таму наступны праект хачу зрабіць «30 гадоў са знакам плюс». І паказаць у ім што было б, калі б Беларусь апошнія 30 гадоў была вольнай. Нешта на мяжы фантасмагорыі і футурызма, спадзяюся, атрымаецца пазітыўна і весела.

Немагчыма жыць у вечным стрэсе, тым больш, што беларусам даўно ўжо зразумела гэтая наша рэчаіснасць са знакам мінус. Ведаюць пра забойствы і палітвязняў, дэвальвацыю беларускага рубля і тое, што мы наперадзе планеты ўсей па колькасці сілавікоў на душу насельніцтва.

А вось што б было, калі б «яго» апошнія 30 гадоў не было? Бо мы ж, беларусы, такія класныя, працавітыя і разумныя, адукаваныя. Што б мы зрабілі за 30 гадоў ў вольнай Беларусі?

Насамрэч гэта можна ўспрымаць і па іншаму: што мы зробім за 30 год, калі гэта будзе наша Беларусь? Мо зробім якія марсаходы з лэйблам МТЗ, а БТ будзе самым паважаным медыя ў свеце, якому ўсе вераць. Ці спрагназававаць, як бы там Шабаны выглядалі, калі б мы 30 гадоў пражылі ў вольнай працавітай краіне...

— Такім чынам вы змагаецеся з хлуснёй беларускай прапаганды. Што ў гэтай хлусні вас уражвае больш за ўсё? Мо былі нейкія моманты, калі здавалася, што ніжэй ужо некуды?

— Ведаеце, ужо не смешна і не цікава ўсю гэтую хлусню адсочваць. 30 гадоў гэтай тупой і прымітыўнай хлусні — надакучыла.

Але ж я разумеў, што прапаганда таксама будзе гэтую гадавіну неяк падкрэсліваць. Распавядаць пра стабільнасць, дасягненні ў сельскай гаспадарцы. Усю гэтую хлусню, што як і раней робіцца на камеру і ніяк не адпавядае рэчаіснасці.

Praca Artura Vakarava

Атрымалася, што я яшчэ — сам таго не ведаючы — паўдзельнічаў і ў прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі. Бо гэты выбарчы фарс у Беларусі супаў з пачаткам маёй выставы ў Варшаве. І я як бы зрабіў кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Рыгоравічу прадвыбарныя постары. Але ён не сплаціў.

«Зараз час будаваць падмурак для тых, хто будзе рабіць наступныя рэвалюцыі»

— Ваша выстава на працягу месяца праходзіла ў цэнтры літоўскай сталіцы, каля віленскага Музея акупацый і барацьбы за свабоду. Якія былі водгукі?

— Добра, што выстава была на адкрытым паветры, без набыцця квіткоў, наўпрост на праспекце Гедыміна. Гэта выдатная супраца з Кабінетам Ціханоўскай. Бо такім чынам постары змаглі пабачыць людзі з розных краінаў, а не вузкае кола свядомых беларусаў. Выставу нават працягнулі на больш доўгі тэрмін, бо была бачная вялікая зацікаўленасць мінакоў.

Praca Artura Vakarava

Дзякуючы выставе ў Вільні, у лютым адбудзецца яшчэ адна мая выстава ў Італіі. Бо постары пабачыў і італьянскі арт-актывіст. Яму так спадабалася, што ён захацеў прывезці выставу ў Італію. Яны вельмі сур’ёзна паставіліся да падзеі, нават кніжку зараз пад яе робяць. Пачнецца выстава 22 лютага ў горадзе Брэшыя, на поўначы Італіі.

— Вы казалі, што ў часы грамадскай дэпрэсіі і безнадзейнасці дагрукацца і вярнуць павестку можна толькі адметнымі ды крэатыўнымі праектамі. Ці адчулі вы праяву гэтай дэпрэсіі на сабе, і які самы цяжкі час быў у вашай эміграцыі, якой у гэтым годзе споўніцца 3 гады?

— Я хутчэй казаў не пра прыватнае, а пра прыроду чалавека. Наша рэвалюцыя была 4 гады таму. Чалавек забывае. Ужо нават і навіны з Украіны ўспрымаюццы не як у 2022-м. Так пабудаваны чалавечы мозг, яму патрэбны свежыя падзеі. Таму што мы да ўсяго хутка прызвычайваемся.

Мяне эвакуіравалі ў Тбілісі ў пачатку 2022-га, пакуль рабілі польскія дакументы. І там кожную нядзелю насупраць парламента збіраліся беларусы з невялічкім мітынгам. Тое самае было і ў Варшаве, і ў Вільне.

Ну а зараз жа гэтага нічога няма. Людзі не могуць пастаянна жыць гэтай павесткай, яна ўжо ў мінулым. Так, засталіся актывісты і палітыкі, для якіх гэта праца.

У першыя гады пасля 2020-га, калі беларусы збіраліся разам, то горача распавядалі, хто што рабіў падчас пратэстаў і ў чым удзельнічаў. Зараз сустракаюцца і размаўляюць ужо на іншыя тэмы: хто як уладкаваўся, дзе працуе, як і дзе дзеці вучацца. Гэта нармалёва, бо ўжо іншыя часы.

Praca Artura Vakarava

Таму зараз час, калі трэба займацца чымсьці новым і доўгатэрміновым. Будаваць падмурак будучых падзеяў. Пісаць кніжкі, здымаць фільмы, пісаць музыку, маляваць постары. Тое, што будзе натхняць тых, хто будзе рабіць наступныя рэвалюцыі. Без нацыянальнай культуры нацыянальнай дзяржавы не пабудуеш.

— Так, але ж на першым плане пытанне выжывання, фінансавага ў першую чаргу, асабліва ў эміграцыі. Бо і вы ж пісалі на сваім сайце, што прыйшлося пачынаць практычна з нуля. Як ваша праца сёння выглядае ў Варшаве?

— Дызайнерскі фрыланс, якога недастаткова на жыццёвыя выдаткі. Аб’ектыўна адрэзалася колькі кліентаў, з якімі супрацоўнічаў у Беларусі. А ў 50 гадоў уваходзіць у высокаканкурэнтны сегмент графічнага дызайна еўрапейскай краіны, мякка кажучы, няпроста. Гэта ўжо дзеткі нашы тут стануць гарманічнымі і паспяховымі.

Я маю нейкі загашнік з таго, што напрацаваў за сваё жыццё, патрошкі марную. Гэта дае магчымасць папрацаваць на беларускую культуру, дзе амаль няма ганарараў. Узрост адпаведны каб зрабіць нешта аўтарскае, значнае, зрэшты, выніковае ў кар’еры дызайнера.

Але, канешне, даводзіцца брацца за любыя замовы, нават творча нецікавыя, бо за квартэру плаціць трэба і дзеткам дапамагаць. Асабліва крыўдна назіраць, як той ці іншы таленавіты творца замест таго, каб рабіць для беларускай культуры ды нацыянальнага адраджэння, таксуе ці сценкі ў польскім пад’езде тынкуе.

«Яшчэ ў Беларусі пачаў рабіць такі лясны парк інсталяцый»

Praca Artura Vakarava

— Вы заснавальнік менскай студыі дызайну «Адліга», рабілі шмат нацыянальна арыентаваных ды крэатыўных беларускіх праектаў. А яшчэ ў 2021-м у Беларусі, да эміграцыі, жылі ў доме без слупоў з электрычнасцю, а на сонечных панэлях. Ці ёсць нейкая падобная задумка ў Варшаве?

— Так, гэты лясны хутар я пабудаваў сваімі рукамі. Гэта адзіны з найнадзейных якараў, што трымалі ў Беларусі.

Як і ва ўсіх нармалёвых беларусаў, у мяне ўсё жыццё быў відэлец альтэрнатываў: дысідэнт / эмігрант. Заўсёды выбіраў дысідэнцтва. Я ж культурны змагар усё жыццё, а не з 2020-га.

Але ж і такога размаху рэпрэсій, як пасля 2020-га раней не было. Пара «дысідэнт-эмігрант» змянілася на «турма-уцякацтва», і выбару не засталося. Бо ў турме зусім не хацелася сядзець. На маю думку гэта, як мінімум, бессэнсоўнае марнаванне прадуктыўных гадоў жыцця.

Што датычыцца дома з сонечнымі панэлямі, то праз сяброў-знаёмых у мяне атрымалася магчымасць спыняцца на хутары ў Літве, на беразе Нёмана. Добра, што там я магу працаваць і як дызайнер, і як мастак, і над вялікімі інсталяцыямі.

Яшчэ ў Беларусі пачаў рабіць парк інсталяцый — спадабалася, карціць працягваць. Дзеля такой працы патрэбны вялікія майстэрні і інструмент.

— А як вас знайшлі сілавікі?

— Нават у беларускім лесе не схаваешся ад іх. Мяне выклікалі ў цэнтральную пракуратуру па справе Пашы Белавуса, якога на той момант ужо забралі.

Паша — гэта нейкі абсалютна выбітны чалавек, які жыве беларускай культурай, адраджэннем. Рабілі шмат культурных, грамадскіх, гістарычных праектаў. Я ўсё гэта маляваў. І калі мяне выклікалі, дасведчаныя людзі сказалі, што калі я туды пайду, то адтуль ужо не выйду. Я быў апошнім, хто рабіў тыя праекты і застаўся ў Беларусі не ў турме. І мяне вывезлі ў Грузію.

«Радзіма — гэта тое, што я зрабіў сваімі рукамі»

Praca Artura Vakarava

— Калі памарыць ды і заўтра можна было б вярнуцца ў вольную Беларусь, што перадусім зрабілі б?

— Для мяне Радзіма — гэта тое, што я зрабіў сваімі рукамі. Бо няма ў мяне сантыментаў да нейкага абстрактнага сасновага леса, які ёсць і ў Польшчы, і дзе заўгодна. І Нёман цячэ і праз Літву таксама. А тое, што я пабудаваў у Беларусі, амаль усё знішчана рэжымам.

Я страшэнна любіў ды душу ўкладаў у свой праект «Б/Уржуазные ценности». Душэўнае было месца працы. Вінтажная мэбля, букіністыка, вінілы, мастацтва. Шмат збіралі цікавых побытавых рэчаў па ўсёй Беларусі. І выставы адбываліся, збіраліся бар адчыніць.

Але калі я з’ехаў, усё гэта брутальна зачынілі. Гэтага ўжо няма, як і хутара. І тата памёр.

Не ведаю ці я б вярнуўся. Адзінае, што звязвае з Беларусью сёння — гэта мая культура, мова.

— Мо вернуцца і не ўсе, але, думаю, шмат хто ўсё роўна з’ездзіць...

— А, дык гэта канешне! Мы ўсе ламанём (смяецца). Пахадзіць з бчб, пасядзець у кавярнях, пакрычаць нашы песні. Каб аднавіць тое, што было, калі мы перамагалі ў 2020-м. Каб падсілкавацца гэтай неверагоднай пазітыўнай энергіяй, абняцца з усімі.

Praca Artura Vakarava

Але хто ведае, мо і мяне Радзіма пакліча. Скажа: «Так, Вакараў! Вяртайся, будзеш рабіць класны дызайн для новага тэатра!»

О, дык я тады, канешне, ламану адразу (смяецца)!