Асірыйцы: народ, які імкнецца адрадзіць амаль загінулую мову

Сярод этнарэлігійна-культурнага віру народаў Блізкага Усходу асабліва вылучаюцца асірыйцы (не блытаць з жыхарамі Сірыі). Лёс гэтага народа наколькі велічны, настолькі і трагічны. Выклікае захапленне зацятая барацьба асірыйцаў як за фізічнае, так і за культурна-духоўнае выжыванне. Нягледзячы на масавыя забойствы і дэпартацыі з тэрыторыі сучаснай Турцыі падчас Першай сусветнай вайны, вайну ў Сірыі і тэрор з боку ісламістаў у Іраку, асірыйцы працягваюць марыць пра ўтварэнне незалежнай дзяржавы. Пра гэтыя мары і спробы асірыйцаў адрадзіць сваю мову распавядаем у артыкуле.


 
Некалі арамейская мова выкарыcтоўвалася ў набажэнствах нават у Манголіі. Сёння гэта зоны, пазначаныя на мапе чырвоным. 

Нашчадкі тых, хто не паддаўся арабізацыі і ісламізацыі на Блізкім Усходзе

Адразу трэба вызначыцца з тэрміналогіяй, каб не блытацца са Старажытнай Асірыяй і сучаснай Сірыяй.

Агульная назва «асірыйцы» датычыцца рэлігійных супольнасцяў, продкі якіх не паддаліся арабізацыі і ісламізацыі. Іх нашчадкі трымаюцца хрысціянскай веры і да сёння, выкарыстоўваюць падчас богаслужэнняў арамейскія дыялекты і пражываюць на паўночным усходе Сірыі і ў Іраку. Саманазваў у гэтых народаў некалькі, але як на радзіме, так і на эміграцыі яны наладжваюць шчыльнае супрацоўніцтва паміж супольнасцямі, нягледзячы на прыналежнасць да розных хрысцянскіх плыняў і адрозныя дыялекты.

З-за адасобленасці існавання групаў, пражывання ў атачэнні арабскага, турэцкага і курдскага насельніцтва і вялікай дыяспары па ўсім свеце да гэтага часу адмыслоўцы не могуць вызначыць агульную колькасць асірыйцаў. Гэтая лічба ў залежнасці ад крыніцаў вагаецца ад 2 да 5 млн. Пры гэтым амаль палова асірыйцаў жывуць на эміграцыі. Большасць з іх у паўсядзённым жыцці ўжывае мову краіны пражывання. На радзіме ў пераважнай большасці — арабскую і турэцкую. Розныя дыялекты ад старажытнай арамейскай да больш сучаснай ужываюцца падчас набажэнстваў, у палітычным жыцці, існуе літаратура, адукацыйныя праграмы. Толькі для нязначнай колькасці асірыйцаў адзін з арамейскіх дыялектаў з’яўляецца першай мовай.

У Іраку, на поўначы Сірыі і ў дыяспары арамейскія мовы факультатыўна вывучаюцца ў школах. Але без жорсткага дзяржаўнага рэгулявання, як гэта было, напрыклад, у Ізраілі, мова па-ранейшаму застаецца ў ролі этнаграфічнай цікавосткі, элемента гістарычнай памяці.

Нельга не адзначыць праект адраджэння арамейскамоўных народаў, які мае неістотны распаўсюд сярод дыяспараў. Гэта палітычны рух, дзеячы якога спрабуюць аб’яднаць нашчадкаў не толькі асірыйцаў з Сірыі і Ірака, але і з Лівана і Ізраіля. Але большасць эмігрантаў і жыхароў Блізкага Усходу не вельмі прыязна ставяцца да такіх ідэяў.

assyrian-youth2.jpg
Менавіта рэлігія дазволіла асірыйцам захаваць сваю ідэнтычнасць, і нягледзячы на адсутнасць дзяржавы і пражыванне часам у варожым атачэнні не страціць імкнення да захавання і адраджэння мовы і дзяржаўнасці. Крыніца: chicagotalks.org

За апошнія некалькі стагоддзяў адзіная найбольш значная спроба зрабіць адну з арамейскіх моваў дзяржаўнай была ў Ліване, дзе таксама пражывае вялікая супольнасць хрысціянаў, якія выкарыстоўваюць падчас набажэнстваў заходні дыялект мовы. Але ў выніку перавага была аддадзена арабскай.

Мова мае значэнне

Раскіданыя па ўсім свеце эліты дыяспары і асірыйцы ў Сірыі і Іраку добра ўсведамляюць, што ў сучасным свеце традыцыйны лад грамады і рэлігійныя практыкі (асабліва на Захадзе) не ёсць дастатковай гарантыяй захавання ідэнтычнасці. Не толькі фізічнае знішчэнне на радзіме, але і інтэграцыя ў заходняе грамадства могуць канчаткова знішчыць калектыўную свядомасць будучых пакаленняў асірыйцаў.

Таму пры першай жа магчымасці яны намагаюцца арганізоўваць навучальныя ўстановы з выкладаннем на арамейскай мове.

 

          Плакат Асірыйскай вайсковай рады на поўначы Сірыі. Надпісы на арабскай, арамейскай і ангельскай

Напрыклад, у Сірыі, дзе ў выніку супрацьстаянняў з ісламістамі, сірыйскімі і турэцкімі войскамі асірыйцы разам з курдамі ўтварылі некалькі аўтаномных анклаваў.

Адразу ж пасля ўсталявання адноснага спакою асірыйцы распачалі кампанію па ўкараненні сваёй мовы ў інстытуцыях аўтаноміі, школах, наладзілі кантроль дзеля выкрыцця парушэнняў пры пашырэнні ўжытку арамейскай мовы.

Першая асірыйская школа ў ЗША

Масавыя хвалі эміграцыі асірыйцаў з Асманскай імперыі пачаліся прыблізна 150 год таму. У першую чаргу за акіян, пасля Другой сусветнай вайны на поўнач Еўропы. Сёння найбольш шматлікія супольнасці пражываюць у ЗША (400 тыс.), Швецыі (200 тыс.) і Аўстраліі (150 тыс.). Галоўнай асаблівасцю гэтых дыяспараў ёсць кампактнасць пражывання. Бо асірыйцы намагаюцца сяліцца паблізу нацыянальных рэлігійных установаў. Таксама кампактнасць абумоўленая сферамі бізнесаў, у якія ангажаваныя асірыйцы. Напрыклад, у раёне на поўдзень ад Чыкага асірыйцы маюць вялікую долю на рынку гандлю харчаваннем, што вымагае захавання жыцця фактычна ў сціслай грамадзе.

Акрамя падтрымлівання рэлігійных сувязяў, дадатковым элементам зберагання ідэнтычнасці на эміграцыі сярод асірыйцаў з’яўляецца кланавасць і іерархічнасць.

Тое, што ў заходнім свеце ўжо даўно прынята ўспрымаць выключна негатыўна, спрыяла ўмацаванню эмігранцкіх асяродкаў асірыйцаў. У эпоху адсутнасці інтэрнэту і іншых сучасных тэхналогіяў — бяспечна перасылаць грошы на радзіму, перавозіць сем’і на захад, дамаўляцца з іншымі эмігранцкімі грамадамі. Адмоўным аспектам такіх узаемадзеянняў можна лічыць крыміналізацыю пэўных колаў моладзі. Але досвед іншых супольнасцяў уцекачоў кажа, што гэта з’яўляецца бадай неабходным этапам развіцця дыяспараў для сфармавання бяспекі асяродкаў і вызвалення прасторы для больш законнай дзейнасці для наступнікаў, стварэння структураў, паралельных дзяржаўным. Балазе на радзіме ў многіх пакаленняў асірыйцаў, якія ўвесь час жылі ў варожым атачэнні, меўся такі досвед.

Нельга сказаць, што з-за такіх асаблівасцяў функцыянавання дыяспары асірыйцы дрэнна інтэгруюцца ў грамадствы новых для сябе краінаў.

Яны вядомыя як добрыя камерсанты. У ЗША, напрыклад, як перапрацоўшчыкі і гандляры харчовай прадукцыяй. Узаемадзейнічаюць асірыйскія грамады з суседзямі і на вельмі істотным у заходнім свеце спартовым узроўні. Існуе некалькі сотняў клубаў па гульнявых відах, што дазваляе інтэграваць моладзь у новых краінах. А, напрыклад, у Швецыі футбольны клуб Assyriska FF гуляе на трэцяй прыступцы нацыянальнай піраміды спаборніцтваў. На адной з камандамі ад іншых больш шматлікіх дыяспараў (турэцкай, баснійскай і г. д.).

Assyriaska-FF-kopie-e1603025927873.jpg
На матчы футбольнага клуба Assyriska FF у Швецыі. Крыніца: syriacpress.com

Да 2000-х большасць прадстаўнікоў маладога пакалення на эміграцыі вывучалі мову ў нядзельных рэлігійных школах, ці як факультатыўны прадмет у асірыйскіх школах. Да прыкладу, у Аўстраліі.

У гэтай краіне нават існуе хрысціянскі асірыйскі коледж. Установа прыватнай адукацыі, дзе толькі частка адораных дзяцей можа займацца бясплатна альбо са значнымі зніжкамі. Але нават у прыватных установах праграмы павінны адпавядаць дзяржаўным нормам, і прымусіць вывучаць арамейскую ці матэматыку на арамейскай без жадання навучэнцаў і бацькоў немагчыма. Таму большасць эмігрантаў заўжды абірае больш актуальную ангельскую.

Да апошняга часу ў ЗША працавалі выключна класы з неабавязковым вывучэннем арамейскай мовы ў рэгіёнах з вялікай колькасцю ўцекачоў-хрысціянаў з Блізкага Усходу ці іхных нашчадкаў. Войны ў Іраку і Сірыі ўжо ў ХХІ ст. выклікалі чарговую магутную хвалю эміграцыі. Асабліва ў Амерыку. Таму ў дыяспары ў штаце Мічыган узнікла ідэя стварэння не проста прыватнай школы, але ўстановы з дзяржаўным фінансаваннем. У каторай былі б абавязковыя прадметы па гісторыі асірыйскіх народаў і пашыранае вывучэнне аднаго з дыялектаў арамейскай.

Галоўнымі спонсарамі былі не толькі бізнесмены і фонды, але і ўлады штата. У межах федэральнай праграмы дапамогі хрысціянскім уцекачам з Блізкага Усходу была адчыненая школа з дзяржаўным фінансаваннем, у якой займаецца больш за 400 навучэнцаў.


Крыніца: shtartv.com

Напэўна, гэтая падзея можа стаць значным зрухам у справе пераходу на новы этап адраджэння мовы для амаль мільёна асірыйскіх уцекачоў у краінах захаду. Гэтаму народу спатрэбілася 150 год і некалькі хваляў эміграцыі, каб зразумець, што летуценні аб незалежнай дзяржаве без мовы так і застануцца летуценнямі. Фізічнае вынішчэнне носьбітаў на радзіме, нежаданне эмігрантаў рабіць высілкі па ўкараненні мовы ў паўсядзённасць набліжаюць гэты старажытны народ, чые продкі тысячагоддзямі не паддаваліся арабізацыі, да прорвы небыцця.

Syriac_Serta_book.jpg
Крыніца: chaldeannews.com

Нават моцныя рэлігійныя традыцыі, структураваныя супольнасці, сямейныя і кланавыя сувязі не здольныя ўтрымаць непазбежную катастрофу ў выпадку канчатковай страты мовы. Адзін з іерархаў асірыйскай каталіцкай царквы ў артыкуле пра значнасць роднай мовы адзначыў 

«Мова — гэта сімвал сталай прысутнасці з намі нашых продкаў побач. Арамейская мова служыць вострым напамінам пра вечную сувязь паміж будучымі пакаленнямі і імі. А без іхнай мовы мы — ніхто на гэтым свеце».

Асірыйцам спатрэбілася дакрануцца да бездані і адчуць халодны подых забыцця, каб зразумець, што паўсядзённая мітусня нішто ў параўнанні з вечнымі каштоўнасцямі, спадчынай. Варта спадзявацца, што першая асірыйская школа не стане апошняй у ЗША, і арамейская мова адродзіцца менавіта дзякуючы актыўнасці дыяспары па ўсім свеце. 

А. Г., budzma.org