З просьбай дадаць беларускую мову ў вядомы электронны сервіс для публікацыі і продажу кніг беларускамоўная супольнасць звярнулася да Amazon Kindle Direct Publishing.
«Мы, беларускамоўная супольнасць, ствараем гэтую петыцыю, каб паказаць, як нас шмат і як моцна мы жадаем чытаць кнігі на роднай мове!
Даданне беларускай мовы ў Amazon KDP і прадастаўленне людзям магчымасці легальна, зручна публікаваць і прадаваць кнігі на ёй было б справядлівым, дэмакратычным і крокам наперад як для аўтараў, так і для чытачоў. Гэта неад’емная частка інклюзіўнай камерцыі», — пішуць аўтары петыцыі .
Беларуская мова жывая і актуальная — на ёй размаўляюць мільёны людзей у Беларусі і па ўсім свеце.
ЮНЕСКА адносіць беларускую мову да моў, якім пагражае знікненне. Без падтрымкі і прысутнасці на сусветных пляцоўках становішча беларускай мовы будзе пагаршацца.
Беларуская дыяспара і жыхары Беларусі хочуць мець доступ да сучасных беларускіх кніг!
Адсутнасць беларускай мовы на Amazon KDP абмяжоўвае магчымасці аўтараў і чытачоў, пазбаўляе беларускамоўную супольнасць доступу да сусветнага кніжнага рынку.
Падтрымаць петыцыю можна па спасылцы.Агульны тэг акцыі #BezosGiveMeMyBook.
Kindle Direct Publishing — гэта платформа Amazon.com для публікацыі электронных кніг, запушчаная ў лістападзе 2007 года адначасова з першай прыладай Amazon Kindle. Сэрвіс дазваляе аўтарам і выдаўцам публікаваць свае кнігі без папярэдніх фінансавых укладанняў, самастойна і любым накладам.
«Amazon KDP – гэта амаль такі ж культурны прарыў, як вынаходніцтва друкарскага станка. Гэта платформа, якая робіць выданне кніг даступным для ўсіх, акрамя беларускамоўных аўтараў/ак», – адзначаюць аўтары петыцыі.
Ініцыявала петыцыю журналістка Марыя Грыц. Яна прапануе таксама зладзіць флэшмоб у падтрымку петыцыі. Вось што раіць рабіць Марыя:
1. Падпішы петыцыю! Кожны подпіс — гэта крок да таго, каб беларуская мова з’явілася на Amazon KDP! Спасылка ў каментары!
2. Выкладзі пост у сацсетках! Адвольны такі: Зрабі фота сваёй любімай беларускай кнігі. (Не хочаш паказваць твар? Проста зрабі фота кнігі!) і дадай подпіс: «Сёння я трымаю ў руках сваю любімую беларускую кнігу — [назва кнігі]. Але на Amazon KDP беларуская мова ўсё яшчэ недаступная! Я далучаюся да акцыі #BezosGiveMeMyBook і патрабую, каб Amazon дадаў беларускую мову на Kindle Direct Publishing! Падпішыце петыцыю: [спасылка]»
3. Дадай хэштэгі і перадай эстафету 3 сябрам: «[@сябар1, @сябар2, @сябар3], якія беларускія кнігі натхняюць вас? Далучайцеся да флэшмобу!»
Таксама варта распавядаць пра флэшмоб у сваіх чатах і суполках, дзяліцца петыцыяй у групах, дадаваць у сторыс — гэта сапраўды працуе!